У Глыбокім падалі заяўку на пікет да Дня Волі
Мясцовыя актывісты Яраслаў Берніковіч і Зміцер Лупач звярнуліся ў райвыканкам па дазвол на святочную акцыю.
"Мы, глыбачане, проста абавязаныя быць лідэрамі ў святкаванні Дня Волі. Бо гэта ў нас усталявалі бюст Вацлава Ластоўскага, выбітнага беларускага гісторыка і грамадскага дзеяча, у нас усталявана і мемарыяльная шыльда ў гонар выбітнага дзеяча беларускага адраджэння Клаўдзія Дуж-Душэўскага, які нарадзіўся ў Глыбокім і лічыцца аўтарам бел-чырвона-белага сцяга, нацыянальнага сімвала беларусаў", -- гаворыць Зміцер Лупач.
Заяўка на акцыю пададзена, і актывісты чакаюць адказу ад мясцовых уладаў. Таксама Яраслаў Берніковіч і Зміцер Лупач чакаюць адказу і наконт акцыі да Дня Канстытуцыі, замоўленай на 15 сакавіка. Чаканне даволі напружанае: апошні пікет, мэтай якога была дэманстрацыя салідарнасці з палітвязнямі, улады правесці не дазволілі. Аспрэчыць забарону праз суд таксама не ўдалося.