viasna on patreon

Дысертацыю Наталлі Пінчук не зацвердзілі

2014 2014-02-17T12:09:18+0300 2014-02-17T12:09:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/natallia_pincuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Пінчук, фота "Новы час"

Наталля Пінчук, фота "Новы час"

Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) не зацвердзіла паспяхова абароненую дысертацыю Наталлі Пінчук, паведамляе "Новы час".


Тэма паспяхова абароненай дысертацыі Наталлі Пінчук — “Ювелірныя ўпрыгажэнні касцюма IX-XIII стагоддзяў (фактары фарміравання і стылістычныя асаблівасці мастацкай традыцыі на тэрыторыі Беларусі)”.

 

Сваю дысертацыю Наталля абараніла ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Савет па абароне дысертацый гэтай акадэмічнай установы аднагалосна прагаласаваў за прысваенне суіскальніцы навуковай ступені кандыдата мастацтвазнаўства. Аднак напрыканцы мінулага года гэтае рашэнне было адменена прэзідыюмам ВАК, які спаслаўся на адмоўнае заключэнне свайго экспертнага савету па мастацтвазнаўству і культуралогіі.

 

Наталля яшчэ ў юнацтве захапілася старажытным мастацтвам. Ужо дыпломную працу яна пісала пра шкляныя ўпрыгажэнні, знойдзеныя на тэрыторыі Гомельскага замчышча.
 
У дысертацыі навукоўца даследавала больш за тысячу старажытных упрыгажэнняў, найперш — меней вывучаныя бронзавыя вырабы. Артэфакты, якія з канца XIX да пачатку XXI стагоддзяў былі ўведзеныя ў навуковы абарот пераважна беларускімі археолагамі, сталі найбольш каштоўнай крыніцай для вывучэння мастацкай традыцыі ювелірнай аздобы.
 
У працы Наталлі Пінчук гаворка ідзе пра ўпрыгожанні, што аздаблялі строі тагачаснага гарадскога і сельскага насельніцтва Беларусі: арнаментаваныя скроневыя кольцы, завушніцы, падвескі, бранзалеты і пярсцёнкі разнастайных формаў.
 
Наталля Пінчук пагадзілася пракаментаваць сітуацыю:
 
— Спадарыня Наталля, вы абаранілі кандыдацкую дысертацыю яшчэ 7 чэрвеня. Чаму пра гэта ніхто дагэтуль не ведаў?
 
— Пакуль вынікі абароны не зацвержаныя ВАК, праца фармальна не лічыцца абароненай. Таму я і не расказвала пра абарону.
 
— А што стала прычынай адмовы ВАК прызнаць вынікі абароны дысертацыі?
 
— Кожная навуковая праца можа (і нават павінна) утрымліваць новыя высновы, з якімі бывае цяжка пагадзіцца прадстаўнікам ранейшай навуковай традыцыі. Вядома ж, бываюць і недакладнасці — больш ці менш сур'ёзныя. Разам з тым мяне ўразіў непрафесіяналізм заўвагаў, пытанняў і абвінавачванняў, якія зыходзілі ад эксперта ВАК, які падрыхтаваў водгук на маю работу. Менавіта на гэтай аснове і быў вынесены адмоўны вердыкт. 
Я разумею, што большасць членаў камісіі – не спецыялісты ў маёй навуковай тэме, але гэта не нагода прымаць пад увагу галаслоўныя сцверджанні рэцэнзента, не падмацаваныя канкрэтнымі фактамі.
 
— Як, азіраючыся на зробленую працу і на яе публічную абарону, вы акрэслілі б яе асноўныя вынікі?
 
— Даследаваннем тэмы я займалася доўгі час, і вынікам стала праца, дзе матэрыяльныя помнікі сярэднявечча асэнсаваныя з мастацвазнаўчага пункту гледжання.
Я звяртала ўвагу на эстэтычныя вартасці ўпрыгожанняў, выявіла характэрныя рысы сілуэту, аб’ёму, пластыкі, кампазіцыі, колеру, якія ўласна і фармавалі мастацкі вобраз ювелірнай рэчы. Вялікую ролю ў стварэнні вобразнай і эмацыйнай выразнасці ўпрыгожанняў меў арнамент.  
У дэкоры упрыгожанняў гэтага перыяду вылучаюцца геаметрычныя матывы і матывы расліннага, зааморфнага і антрапаморфнага характару. Элементы і матывы арнаменту былі не проста дэкорам, але з’яўляліся дахрысціянскімі сімваламі, магічны сэнс якіх тады яшчэ не быў страчаны. Даўнія традыцыі, заснаваныя на мясцовых вераваннях, праявіліся ў геаметрычных матывах кола, ромба і г.д. А мастацкія ўплывы з Усходу і Захаду зазначыліся пашырэннем раслінных выяваў у выглядзе крына (трохпялёсткавая кветка, лілея ці дрэва жыцця) і вінаграднай лазы, жывёльных матываў (грыфонаў і цмокаў). Антрапаморфныя (звязаныя з постаццю і абліччам чалавека) выявы часцей адлюстроўвалі хрысціянскую тэматыку. У стылістыцы ўпрыгажэнняў архаічныя традыцыі пераплятаюцца з візантыйскім і раманскім стылямі.
Стрыманасць у выкарыстанні мастацкіх эфектаў, якая назіраецца ва ўпрыгожаннях з беларускіх зямель, не прыводзіць да іх спрашчэння, а наадварот, праз лаканізм мастацкай мовы, праз цудоўнае адчуванне матэрыялу, дакладныя прапорцыі выяўляе іх высакароднасць і высокі мастацкі густ майстроў ювелірнай справы тагачаснай беларускай зямлі.
 
* * *
Заўвагі ВАК суіскальніцу проста агаломшылі, бо адны не мелі дачынення да тэмы дысертацыі, другія выглядалі проста дзіўна. Напрыклад, эксперт выказаў заўвагу наконт адсутнасці ўзгадак пра напрастольны крыж Еўфрасінні Полацкай ў працы, прысвечанай аздобе строя.
 
Таксама была выказана прэтэнзія наконт адсутнасці прыкладаў Протарэнесансу (Протарэнесанс — этап у гісторыі культуры Італіі, якога не было ні ў іншай адной еўрапейскай краіне!) у ювелірнай аздобе з тэрыторыі Беларусі IX–XIII стагоддзяў. Хоць такіх прыкладаў проста не існуе.
 
Абурэнне эксперта тым, што мастацтвазнаўца не пераправерыла стратыграфію ювелірных вырабаў, выглядае ўвогуле абсурдна, бо стратыграфія — гэта ўзаемнае размяшчэнне культурных слаёў у глебе (яно непазбежна парушаецца ў выніку раскопак).
 
Як недахоп дысертацыі было адзначана і нежаданне Наталлі Пінчук карыстацца “выразнай”, на думку эксперта, класіфікацыяй помнікаў: “сакральныя, свецкія і паганскія”. Не трэба быць навукоўцам, каб зразумець недарэчнасць такога падыходу, бо і паганскія творы могуць быць сакральнымі.
 
Некаторыя заўвагі эксперта, якія ўвогуле цяжка зразумець, варта прывесці з захаваннем аўтарскага стылю і арфаграфіі: “Непераканаўча зроблена выяўленне ўзаемасувязі стылявых і тыпалагічных ювелірных вырабаў у розныя перыяды. Фактычна не прасочаны узаімаўплыў формаабразуючых канцэпцый мастацкіх ідэй ювелірнай справы і іншых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; спосабы іх узаемадзеяння ў розныя перыяды”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства