viasna on patreon

Еўрасаюз і Беларусь запускаюць новы фармат супрацоўніцтва з удзелам грамадзянскай супольнасці

2014 2014-02-19T14:35:00+0300 2014-02-19T14:35:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shubiel.jpg
Дзірк Шубель

Дзірк Шубель

Еўрапейскі саюз і Беларусь гатовы запусціць "Часовую фазу" супрацоўніцтва — новы дыялогавы фармат з удзелам грамадзянскай супольнасці. Пра гэта паведаміў у эксклюзіўным інтэрв`ю БелаПАН кіраўнік дэпартамента Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, які знаходзіцца з рабочым візітам у Мінску.

 

"Падчас візіту спадарыні Купчыной (намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Алена Купчына. — БелаПАН.) у Брусель у канцы студзеня мы дамовіліся, што мы запусцім так званую "Часовую фазу" супрацоўніцтва", — заявіў Шубель.

 

Паводле яго слоў, бакі хочуць сумесна прааналізаваць, як яны могуць "разам працаваць над мадэрнізацыяй Беларусі".

 

"І мой візіт нацэлены на падрыхтоўку візіту Гунара Віганда (дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. — БелаПАН.), генеральнага дырэктара генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па пытаннях гандлю (Жан-Люк Дэмарці. — БелаПАН.) у канцы сакавіка, з тым каб запусціць гэты працэс "Часовай фазы", — сказаў еўрапейскі дыпламат.

 

Пачаць дыялог плануецца "з галіны інвестыцый і гандлю, якія зараз маюць асаблівую важнасць для Беларусі, але таксама і для Еўрасаюза", растлумачыў Шубель.

 

Пры гэтым, адзначыў ён, у дыялог ЕС з беларускімі ўладамі будзе ўцягнутая і грамадзянская супольнасць: "Падчас візіту спадарыні Купчыной было дасягнута прынцыповае пагадненне, што грамадзянская супольнасць будзе часткай гэтай "Часовай фазы". Рашэнне аб гэтым удзеле будзе ў кожным асобным выпадку ўзгадняцца бакамі".

 

Нагадаем, раней беларускія ўлады адмаўляліся ад удзелу ў ініцыятыве ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю". "Мы не ўдзельнічаем у еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі, які быў запушчаны без удзелу прадстаўнікоў Беларусі і без кансультацый з беларускім урадам", — заявіла Алена Купчына 25 верасня 2013 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства