viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: "Нічога прынцыпова новага, што можа паўплываць на беларусаў, у новай рэдакцыі Закона "Аб ваенным становішчы" я не ўбачыў"

2014 2014-02-26T14:40:34+0300 2016-05-26T21:10:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Не ўсе згодныя з тым, што новая рэдакцыя Закона "Аб ваенным становішчы" з'яўляецца чымсьці радыкальным, а прапанаваныя змены наўрад ці звязаныя з падзеямі ва Украіне. Такое меркаванне намеснік кіраўніка ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч выказаў у каментары TUT.BY.

"Нічога прынцыпова новага, што можа паўплываць на беларусаў, у гэтай рэдакцыі закона я не ўбачыў, - кажа ён. - Па-сапраўднаму важныя змены ў законы адбыліся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Тады былі ўнесены змены ў Закон "Аб органах унутраных спраў" і ў Закон "Аб унутраных войсках". У прыватнасці, артыкулы, якія рэгулююць ўжыванне агнястрэльнай зброі і баявой тэхнікі, былі дапоўнены вельмі цікавымі з прававога пункту гледжання пунктамі.


Калі раней выпадкі магчымасці выкарыстання агнястрэльнай зброі былі зразумелыя, усе падставы для яе прымянення былі сфармуляваныя, то потым гэтыя артыкулы былі дапоўненыя пунктамі "і ў іншых выпадках, вызначаных прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь". Гэта значыць, органы ўнутраных спраў і ўнутраных войскаў ужо і так могуць прымяняць агнястрэльную зброю ў нейкіх іншых суб'ектыўных выпадках, прадугледжаных прэзідэнтам. У 2006 годзе змены мяне больш хвалявалі, таму што яны не звязаныя з ваенным становішчам. Яны з'яўляюцца значна больш небяспечнымі, бо не агаворваюць, калі зброю можна выкарыстоўваць. Мы як праваабаронцы ўжо тады выказвалі вялікую занепакоенасць гэтымі зменамі, таму што, на нашую думку, пералік сітуацый, калі можа быць ўжытая агнястрэльная зброя ў дачыненні да грамадзянащ, павінен быць вычарпальным і не падлягаць пашыранаму тлумачэнню. Якія такія "іншыя выпадкі"?"

Што датычыцца прымянення зброі паводле прапанаваных зменаў у законапраект "Аб ваенным становішчы", якія дазволяць вайскоўцам прымяняць зброю ва ўмовах прафесійнай рызыкі, то, па словах Валянціна Стэфановіча, калі яны будуць прынятыя, то проста здымуць адказнасць з вайскоўцаў, якія гэтую зброю будуць прымяняць па тым ці іншым загадзе. "Вось ёсць прэзідэнт, ён дае загад, што ў дадзеным канкрэтным выпадку вы абавязаны выкарыстаць агнястрэльную зброю. Паводле новых зменаў вы яшчэ і не нясеце адказнасці за гэта, таму што гэта было абумоўлена шэрагам фактараў тыпу прафесійнай рызыкі і г.д. Гэта перакладае адказнасць за магчымыя негатыўныя наступствы на прэзідэнта - вось ён у нас усё вырашае і сам адказвае. Нічога новага я тут не бачу".


Пры гэтым унясенне падобных змяненняў у законапраект практычна адразу падчас абвастрэння сітуацыі ва Украіне не кажа пра тое, што ў Беларусі ўлады чагосьці спалохаліся, таксама лічыць праваабаронца.

"Ваеннае становішча - гэта перш за ўсё тое, што звязана са знешняй пагрозай нацыянальнай бяспекі, пагрозай парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, знешняй агрэсіі для краіны, тэрарыстычных нападаў і г.д., што патрабуе мабілізацыі краіны, пераводу прадпрыемстваў на іншы рэжым працы і т. д.Так было, напрыклад, у час вайны Расіі і Грузіі. На Украіну пакуль ніхто не нападаў. Тое, што адбываецца там, хутчэй,блізка да надзвычайнага, але не ваеннага становішча, хоць цяпер там ніхто афіцыйна нават надзвычайнага становішча не аб'яўляў.

Калі падзеі ва Украіне перарастуць у грамадзянскую вайну, то, магчыма, будзе ўведзена і ваеннае становішча, але пакуль яны разглядаюцца як масавыя беспарадкі. Таму я б не стаў увязваць гэты законапраект з падзеямі ў суседняй краіне. Не думаю, што ў нас у Беларусі можна прагназаваць грамадзянскую вайну ці іншыя ваенныя ўмяшанні звонку. Каб сёння навесці парадак у краіне, ва ўлады досыць і тых нормаў заканадаўства, якія ў нас ёсць цяпер".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства