На магілёўскую моладзевую актывістку Тацяну Буланаву складзены адміністратыўны пратакол за распаўсюд улётак з заклікам вызваліць Зьмітра Дашкевіча
Некалькі дзён таму супрацоўнікі праваахоўных органаў Магілёву затрымалі на вуліцы чатырох моладзевых актывістаў нібыта за тое, што яны клеілі ўлёткі з заклікам вызваліць палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Усіх даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе правялі дагляд рэчаў і запісалі прозьвішчы. У пляцаку Тацяны Буланавай былі знойдзеныя друкаваныя ўлёткі, якія міліцыянты канфіскавалі. Пасьля напісаньня тлумачальных усіх адпусьцілі.
22 траўня Тацяна Буланава атрымала позву зьявіцца сёньня ў Ленінскі РАУС Магілёву ў якасьці сьведкі. У райадзеле міліцыі маёр Мажанкоў А.В. дапытаў актывістку ўжо ў яксьці правапарушальніцы, пасьля чаго склаў адміністратыўны пратакол на падставе Указа прэзідэнта № 31 ад 17.01.2006 г. пункта 1.6 - "парушэньне іншых правілаў упарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў".
Каментуе юрыст і праваабаронца Уладзімір Лабковіч: "Згодна з новым КаАП прадугледжана, што адміністратыўным правапарушэньнем зьяўляецца толькі тое парушэньне, якое акрэслена ў дыспазіцыях артыкулаў дадзенага кодэкса. Адсюль іншыя нарматыўна-прававыя акты, такія як указ прэзідэнта альбо пастановы мясцовых органаў улады не зьяўляюцца падставай да прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці. А адміністратыўны кодэкс прадугледжвае адказнасьць за распаўсюд перыядычных друкаваных выданьняў і , такім чынам, на дадзены момант распаўсюд улётак, у якіх няма закліку да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, а проста акрэсьліваецца нейкая грамадзка-палітычная пазіцыя ці пытаньні па сацыяльных праблемах у дзяржаве, беларускае заканадаўства не лічыць адміністратыўным правапарушэньнем. І ўжо бывалі такія добрыя і слушныя прэцэдэнты, калі адміністратыўныя камісіі спынялі адміністратыўныя справы на гэтай падставе, бо друкаваныя ўлёткі не зьяўляюцца перыядычным выданьнем. Таму прыцягненьне Тацяны Буланавай да адміністратыўнай адказнасьці па указу прэзідэнта незаконнае і пярэчыць новаму Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях".