viasna on patreon

Пракуратура прызнала, што адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама створана з парушэннем заканадаўства

2014 2014-03-02T23:48:10+0300 2014-03-02T23:48:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prakuratura-pagony.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алена Марчанка 27 лютага атрымала адказ з пракуратуры Клімавіцкага раёна на сваю скаргу на незаконныя дзеянні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна.

У адказе за подпісам пракурора Клімавіцкага раёна А. Землякова, у прыватнасці, гаворыцца пра тое, што адміністрацыйная камісіі Клімавіцкага райвыканкама створаная рашэннем райвыканкама ад 25.02.2002 г. №2-18, персанальны склад камісіі зацверджаны ў колькасці 9 чалавек у адпаведнасці з зацверджаным пастановай Саўмінам Прыкладным палажэннем аб адміністрацыйнай камісіі.

“08.01.2014 пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах Вас у пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі ўдзельнічала 6 з 7 членаў яе персанальнага склада, зацверджана 02.05.2013 рашэннем Клімавіцкага райвыканкама №11-19. Дадзенае рашэнне не адпавядае патрабаванням п. 2 ч.8 Прыкладнага палажэння аб складзе адміністрацыйнай камісіі ў частцы мінімальнай колькасці складу камісіі”, - піша пракурор Клімавіцкага раёна.

Таксама А. Землякоў паведамляе, што “пракурорам раёна адпаведная інфармацыя аб дапушчаных парушэннях заканадаўства накіраваная ў Клімавіцкі райвыканкам у мэтах недапушчэння такіх парушэнняў у далейшым”.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель указвае, што, нягледзячы на яўныя парушэнні, пракуратура адмовілася прымаць меры пракурорскага рэагавання, спасылаючыся на тое, што рашэннем суда Клімавіцкага раёна Пастанова адміністрацыйнай камісіі ў адносінах Алены Марчанка адмененая, справа накіраваная на новы разгляд, рашэннем Клімавіцкага райвыканкама ад 07.02.2014 №4-2 зацверджаны новы склад адміністрацыйнай камісіі ў колькасці дзевяць чалавек і ўхілены маючыяся парушэнні заканадаўства.

“Фактычна пракуратура Клімавіцкага раёна ўхіляецца ад мер пракурорскага рэагавання, знаходзячы для сябе нейкія незразумелыя апраўданні, - кажа Барыс Бухель. – Пракурор Клімавіцкага раёна павінен неадкладна прыняць меры пракурорскага рэагавання, бо фактычна з 02.05.2013 адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканакама, згодна райвыканкамаўскага рашэння, працавала ў складзе 7 членаў, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Гэта значыць, што ўсе рашэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама за перыяд з 02.05.2013 па 07.02 2014 павінны быць адменены, бо прымаліся незаконна. Каму, як не пракурору, патрэбна пра гэта ведаць і патрэбна рэагаваць на парушэнні заканадаўства?

Таксама пракуратура павінна праверыць, які быў склад адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў папярэдні перыяд, бо існуе вялікая верагоднасць, што і раней яна працавала з парушэннем дзеючага заканадаўства”.

Нагадаем, што процістаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы.

Пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 08.01.2014 года адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама спадарыня Марчэнка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.15.38 КаАП у выглядзе папярэджання за парушэнне ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных правіл.

Алена Марчанка не пагадзілася з вынесенай пастановай і падала скаргу ў суд Клімавіцкага раёна. Таксама спадарыня Марчанка падала скаргу на дзеянні службовых асоб адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама на імя пракурора Клімавіцкага раёна. У скарзе яна звярнулася з просьбай правесці праверку дзейнасці адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў сувязі з тым, што пры разглядзе яе адміністрацыйнай справы былі дапушчаны парушэнні заканадаўства.

6 лютага суд Клімавіцкага раёна адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і пастанавіў адправіць справу жыхаркі вёскі Домамерычы Алены Марчанкі на новы разгляд.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства