viasna on patreon

За акцыю пратэсту каля Расійскай амбасады - арышты

2014 2014-03-03T14:06:00+0300 2014-03-03T16:30:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rasia-akcia-2014-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманыя падчас акцыі пратэсту журналісты.Фота  "Еўрапейскага радыё"

Затрыманыя падчас акцыі пратэсту журналісты.Фота "Еўрапейскага радыё"

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна адбудзецца разгляд адміністратыўных спраў актывістаў “Маладога фронту” Зміцера Дашкевіча, Сяргея Фінькевіча, Яўгена Ціханава. Яны былі затрыманыя падчас акцыі пратэсту супраць расійскай агрэсіі ва Украіне каля амбасады Расіі 2 сакавіка і правялі ноч у ізалятары часовага ўтрымання. 

 

2 сакавіка, ў 14-00 актывісты розных рухаў спрабавалі зладзіць акцыю пратэсту каля амбасады Расіі. Ад самага пачатку іх чакалі “аўтазакі” і міліцэйскія аўтамабілі, ўзмоцненыя сілы супрацоўнікаў міліцыі, прычым большасць з іх былі пераапранутыя ў цывільную вопратку. Кіраваў разгонам начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў. Усяго было затрымана 23 чалавекі, сярод іх шмат журналістаў. Іх даставілі ў Цэнтральны РУУС, але наўзабаве адпусцілі.

Пратакол адміністратыўнага правапарушэння быў складзены таксама на Ганну Багінскую, але яе да суду адпусцілі дадому.

 

Праваабаронцы адсочваюць гэтыя адміністратыўныя працэсы.

 

***

11.30 - у суд даставілі актывістаў Дашкевіча, Фінькевіча і Ціханава.


12.00 - Справу Сяргея Фінькевіча будзе разглядаць суддзя Аляксандр Якунчыхін. Актывіст абвінавачваецца па арт.23.4 КаАПП - непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў.
Справу Яўгена Ціханава разглядае суддзя Вікторыя Шабуня, пратакол складзены па арт. 23.4, 17.1 КаАПП - дробнае хуліганства (лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і якія выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства).

Гэтая ж суддзя будзе разглядаць і справу Змітра Дашкевіча, якога таксама абвінавачваюць у непадпарадкаванні (арт.23.4 КаАПП).

 

12.30 - Пачаўся суд па справе Сяргея Фінькевіча. Суддзя Аляксандр Якунчыхін у парушэнне нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях і Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь  "Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і распаўсюдзе інфармацыі аб дзейнасці судоў" (20.12.2013 №11) забараніў журналістам весці аўдыёзапіс паседжання.

 

12.45 - Сяргей Фінькевіч віну прызнае, падчас апытання распавядае пра міліцыянераў у штацкім. 

 

13.00 - Першы сведка па справе Фінькевіча - Мікалай Мікун. Баіцца агучваць інфармацыю пра мітынг. Кажа, што Фінькевіч прыцягваў увагу тым, што стаяў без пэўнай мэты каля расійскай амбасады. адзначае, што быў без формы па загадзе камандзіра. Другога сведку, міліцыянта Сяргея Іванчука, вырашылі ў суд не выклікаць.

 

13.15 - Рашэнне суда па справе Сяргея Фінькевіча - 10 сутак арышту.

 

14-10. У судзе пачаўся абедзенны перапынак. Усім загадалі пакінуць памяшканне. Калі Валерый Шчукін адмовіўся - яго вывелі з будынка сілаю. Зміцер Дашкевіч паспеў паведаміць, што з Акрэсціна ў РАУС яго дастаўлялі ў мікрааўтобусе без сядзенняў, загружаным аўташынамі. Ён адмовіўся і тады супрацоўнікі міліцыі выкарысталі кайданкі і грубую фізічную сілу. Дашкевіча павалілі на падлогу аўтобуса і міліцыянер Чарняўскі наступіў на яго ботамі. На грубыя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі тэрмінова пададзена скарга ў Следчы камітэт.

14-20. Зміцер Дашкевіч асуджаны на 12 сутак арышту.

14-40. Разглядаецца справа Яўгена Ціханава. Суддзя вывучае матэрыялы справы. Прэсе загадалі выключыць сродкі мабільнай сувязі і аўдыётэхніку. 

На Ціханава складзены адразу 2 пратаколы: 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.34 (удзел у незарэгістраваным мерапрыемстве).

16-20. Прысуд Яўгену Ціханаву - 12 сутак арышту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства