Зварот Праваабарончага цэнтра «Вясна» да ўладаў Расійскай Федэрацыі
Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу
Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь
Спадару Сурыкаву Аляксандру Аляксандравічу
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
г. Мінск, вул. Мяржынскага, 8-26
Зварот
У сувязі з уварваннем войскаў Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны і рашэннем Савета Федэрацыі пра дазвол на выкарыстанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны «да нармалізацыі сітуацыі», мы, прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра "Вясна", выказваем сваё абурэнне дзеяннямі ўладаў Расійскай Федэрацыі і заклікаем:
Паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, спыніць ваеннае ўмяшанне ва ўнутраныя справы гэтай дзяржавы, як таго патрабуюць міжнародныя дамовы, у тым ліку заключаныя ў рамках АБСЕ, сябрам якой з'яўляецца і Расійская Федэрацыя.
Не дапускаць прымянення зброі і фізічнага гвалту ў дачыненні да мірнага насельніцтва акупаваных тэрыторый, а таксама ў дачыненні да ўкраінскіх вайскоўцаў.
Неадкладна разблакаваць ваенныя аб'екты ўкраінскіх узброеных сілаў і ВМФ, а таксама вярнуць расійскія войскі ў месцы іх пастаяннай дыслакацыі ў адпаведнасці з заключанымі Харкаўскімі пагадненнямі пра статус Чарнаморскага флота Расійскай Федэрацыі.
Нагадваем, што ў адпаведнасці з Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання недапушчальнае, у тым ліку і ва ўмовах узброеных канфліктаў.
Таксама нагадваем, што ўся адказнасць за магчымыя чалавечыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва і вайскоўцаў з абодвух бакоў у выніку развязанай непрыхаванай агрэсіі цалкам будзе ляжаць на кіраўніцтве Расійскай Федэрацыі і яе прэзідэнце У.У. Пуціне асабіста.
Мы заклікаем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі не дапускаць далейшай эскалацыі канфлікту і неадкладна пачаць перамовы па пытаннях, якія закранаюць інтарэсы абедзвюх краінаў.
Ад імя Рады
Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч