Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2014 года
У студзені захоўвалася стабільна кепская сітуацыя з правамі чалавека з тэндэнцыяй да кансервавання негатыўных практык, якія складаліся на працягу апошнняга часу. Не адбывалася пазітыўных зменаў ні на заканадаўчым узроўні, ні на правапрымяняльным. Магчымасці рэалізацыі правоў грамадзянамі былі моцна абмежаванымі, асабліва гэта датычылася сферы свабоды выказвання меркавання рознай тэматыкі, у тым ліку – шляхам правядзення публічных акцый. Ніводны з заяўленых па ўсёй краіне мірны сход не быў дазволены мясцовымі ўладамі, а несанкцыянаваныя мерапрыемствы спыняліся гвалтоўнымі метадамі з далейшым прыцягненнем удзельнікаў да адміністрацыйнай адказнасці. Практыка прэвентыўнага і рэпрэсіўнага спынення любога іншадумства, непадкантрольных уладам ініцыятываў грамадзян, праяваў салідарнасці, шырокага агучвання праблемных пытанняў спрыяла зніжэнню публічнай актыўнасці грамадзян. Працягвалася выкарыстанне такога інструменту ціску, як вынясенне пракурорскіх папярэджанняў за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, пры гэтым легагізацыя грамадскіх ініцыятыў шляхам рэгістрацыі органамі юстыцыі для незалежных арганізацый заставалася немагчымай з розных фармальных ці надуманых падставаў.
Нявырашанай заставалася самая вострая праблема – наяўнасць палітычных зняволеных. Беларускія ўлады па-ранейшаму дэманстравалі адсутнасць палітычнай волі для яе вырашэння, і ў месцах пазбаўлення волі працягвалі ўтрымлівацца 11 палітвязняў: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч, Андрэй Гайдукоў, Уладзімір Яроменак і Васіль Парфянкоў. Кіраўнік дзяржавы ў студзені зрабіў некалькі спекулятыўных публічных заяваў, датычных лёсу і магчымых механізмаў вызвалення вязняў сумлення Алеся Бяляцкага і Мікалая Статкевіча.
Так, 21 студзеня на сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх СМІ ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не ведае пра тое, што прадстаўнікі грамадскасці даўно кампенсавалі шкоду, якую нібыта нанёс дзяржаве праваабаронца Алесь Бяляцкі. А. Лукашэнка даручыў першаму намесніку сваёй адміністрацыі Аляксандру Радзькову праверыць гэтую інфармацыю. "Гэта сур'ёзны аргумент. Тут справа не ў палітыцы і не ў пазіцыі самога Бяляцкага. Клянуся вам, я яго не ведаў і не ведаю", - сказаў Лукашэнка, заўважыўшы, што "падаткі - гэта святое". Па словах кіраўніка дзяржавы, калі інфармацыя аб кампенсацыі шкоды пацвердзіцца, павінна быць разгледжана пытанне аб ужыванні да Бяляцкага амністыі. Ніякай інфармацыі пра “вынікі праверкі” да канца месяца не паступала, а дадзеная заява ніякім чынам не паўплывала на лёс зняволенага праваабаронцы. Да таго ж, малаверагоднай з’яўляецца распаўсюджанне дзеяння закона аб амністыі на А. Бяляцкага, паколькі ён мае шэраг спагнанняў і статус “злоснага парушальніка рэжыму”, у сувязі з чым на яго не распаўсюджвалася дзеянне закона аб амністыі ў 2012 годзе.
Таксама дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай падняў пытанне аб магчымасці прымянення амністыі да Мікалая Статкевіча: “Наколькі я разумею, прашэнне аб памілаванні ад іх для гэтага не патрабуецца. У прыватнасці, Мікалай Статкевіч - кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Ён атрымаў самы суровы прысуд з асуджаных за арганізацыю масавых беспарадкаў - шэсць гадоў, і ўжо адседзеў больш за палову тэрміну. Але нават людзі, якія штурмавалі Дом урада і білі ў ім шкло, ужо выйшлі на свабоду, а Статкевіч не толькі не ўдзельнічаў у такіх дзеяннях, але і не заклікаў да пагрому. Ён, мабыць, з тых людзей, хто не стане прасіць аб памілаванні нават пад ціскам. Было б у лепшых традыцыях хрысціянства і беларускага народа дараваць яму тое, што ён выступаў з рэзкай крытыкай улады і ўдзельнічаў у арганізацыі мірнай акцыі пратэсту, якая перарасла ў біццё шкла і збіццё людзей зусім не па яго волі. Амністуюць іх, гэта дапаможа наладзіць дыялог з Еўрапейскім саюзам - дыялог, які, безумоўна, у інтарэсах беларускага народа, а значыць, павінен быць і ў інтарэсах кіраўніка дзяржавы”. У адказ Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо не раз казаў аб існуючай у краіне практыцы памілавання: асуджаны павінен напісаць прашэнне аб памілаванні, якое будзе разгледжана. “Можаш не пісаць, што ты вінаваты”, - дадаў кіраўнік дзяржавы. На ўдакладняючае пытанне Алеся Ліпая, ці значыць гэта, што, калі Мікалай Статкевіч напіша просьбу аб памілаванні, але там не будзе прызнання яго віны, то яго вызваляць, Аляксандр Лукашэнка адказаў: “Магчыма, зробім, але парадак выкананы павінен быць. Статкевіч палітычна для мяне не канкурэнт, - падкрэсліў Лукашэнка. - Статкевіч - палітычны труп для беларусаў. На апошніх выбарах ён вёў гэтую палітыку на карысць прэзідэнту. Ён не быў мне супернікам і палітыкам, і не будзе. Статкевіч таго не варта, каб быць каменем перапоны ў нашых адносінах з Еўрасаюзам”. Такім чынам, А. Лукашэнка даў адназначна зразумець, што для М. Статкевіча адзіны датэрміновы шлях на волю палягае выключна праз прашэнне аб памілаванні, які вязень, у сваю чаргу, адназначна адмаўляе.
На гэтай жа сустрэчы А.Лукашэнка заявіў аб аднаўленні дыялогу з Захадам: “У апошні час азначыўся перыяд, калі мы адзін на аднаго не кацім, не наступаем. Мы пачалі неяк размаўляць”. Па словах кіраўніка дзяржавы, “мы правялі шэраг мерапрыемстваў, няхай не публічных: часта многія еўрапейцы, прыязджаючы да нас, просяць, каб гэта было не публічна. Я з імі адкрыта размаўляю, калі яны просяцца да мяне на прыём, нікому не адмаўляю, з усімі размаўляю - ад кангрэсмэнаў ЗША да звычайных палітыкаў і нават былых з Еўропы. І ў нас такіх кантактаў адбылося вельмі шмат, пайшоў нейкі дыялог", - распавёў А.Лукашэнка. "Няхай мы не сядзім за агульным сталом і не абмяркоўваем праблемы (мы да гэтага прыйдзем), але ёсць нейкі дыялог, і гэта ўжо добра”.
Пра стноўчую дынаміку ва ўзаемаадносінах Еўрапейскага саюзу і асобных краін з афіцыйным Мінска адзнчалася і 29 студзеня ў Мінску падчас круглага стала на тэму беларуска-еўрапейскіх адносін пасля віленскага саміту Усходняга партнёрства. Пры гэтым
кіраўнік дэпартамента палітыкі, інфармацыі і прэсы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар заявіў, што Еўрапейскі саюз не гатовы да кампрамісу з уладамі Беларусі па пытанні палітвязняў. «Для поўнага наладжвання адносін ёсць некаторыя ўмовы, якія да гэтага часу не вырашаны. Тут з нашага боку я магчымасці для кампрамісу не бачу. Калі канкрэтныя рашэнні не будуць прынятыя, складана будзе нешта рабіць з нашага боку», - падкрэсліў Рышар. Начальнік аддзела ЕС і субрэгіянальных арганізацый упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва беларускага МЗС Алег Шлома, каментуючы праблему палітвязняў, у сваю чаргу адзначыў: “Гэтае пытанне на слыху. Але гэта не значыць, што гэта адзіная перашкода, і калі яе прыбраць, надыдзе шчаслівае будучыню ў нашых адносінах з ЕС. Будзем рэалістамі, прачнуўшыся заўтра, нават калі гэтыя людзі выйдуць з турмаў, мы не ўбачым, што мы сталі добрымі сябрамі з Еўрасаюзам, на нас пасыпаліся еўрапейскія грошы і мы сталі любімчыкам Еўрапейскага саюза. Занадта шмат негатыву назапасілася, які патрабуе часу і сумесных намаганняў, каб яго пераадолець. Мы не закрываем на яго вочы. Але гэта адно з пытанняў”, - адзначыў прадстаўнік МЗС.
Дадзеныя заявы як кіраўніцтва Беларусі, так і прадстаўнікоў ЕС адназначна сведчаць пра працяг дыялогу па праблеме палітычных зняволеных і захаванне пазіцыі Еўрапейскага саюзу адносна ўзнаўлення паўнавартаснага супрацоўніцтва выключна пасля вызвалення палітвязняў. Нягледзячы на тое, што знешнепалітычны фактар працягваў заставацц адным з самых уплывовых рычагоў уплыву на беларускае кіраўніцтва па дадзенай праблеме, да канца месяца ніякіх станоўчых зрухаў на практыцы не адбылося.
Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў
3 студзеня з палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам у гарадзенскай турме пабачылася ягоная жонка Алена Аўтуховіч. Спатканне доўжылася 2 гадзіны, размаўлялі праз тэлефон, бачыліся праз шкло. Пра стан мужа яна сказала, што Мікалай трымаецца, засталося 3 месяцы, і ён здолее іх годна вытрымаць, хаця ў адносінах да яго выкарыстоўваюцца рознага кшталту правакацыі. Алена Аўтуховіч адзначыла, што медыцынскую бандэроль, якую яшчэ ў сярэдзіне снежня адправіла вязню ягоная мацаі, М. Аўтуховіч на момант спаткання яшчэ не атрымаў. 7 студзеня Мікалаю Аўтуховічу споўніўся 51 год. Апошнія 5 гадоў палітвязень сустракае свой Дзень народзінаў у турме і калоніі пасля вынясення прысуду аб пакаранні 5 гадамі пазбаўлення волі. Толькі 25 студзеня стала вядома пра атрыманне М. Аўтуховічам медыцынскай бандэролі з неабходнымі лекамі.
4 студзеня Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча паведаміла, што ліст зняволенага ягонаму брату, які жыве ва Украіне, пра Майдан і стасункі Украіны з Расіяй, не прапусціла турэмная цэнзура. М. Статкевічу проста вярнулі пусты канверт. Паводле Марыны Адамовіч, у апошнім лісце Мікалай Статкевіч адзначыў, што нядаўна споўнілася 3 гады як ён апынуўся за кратамі, і гэта была дакладна палова прызначанага яму тэрміну. «Напісаў, што час для яго праляцеў вельмі хутка», — удакладніла Марына Адамовіч. 22 студзеня М.Адамовіч атрымала ад мужа ліст, у якім той фактычна адказаў на пытанне, ці пагадзіўся б напісаць прашэнне аб памілаванні, каб выйсці на волю: «Калегі з Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны зараз ва ўрадзе, і яны з дапамогай схаванай дыпламатыі цяпер будуць дамагацца майго вызвалення, як Хадаркоўскага. Але я супраць тайнай дыпламатыі там, дзе патрэбныя іншыя сродкі. І я не Хадаркоўскі, я кандыдат у прэзідэнты, а той бізнесмен. Таму ніякага прашэння я пісаць не буду. Бо заклікаў людзей на Плошчу, дзясяткі тысяч прыйшлі, нягледзячы на страх. І здраджваць такой колькасці людзей я не змагу». 23-га студзеня ў цэнтры польскага горада Катавіцы адбылася акцыя салідарнасці з М. Статкевічам, прымеркаваная да 1000 дзён яго ўтрымання ў зняволенні. Каля размешчанай палаткі з выявай палітвязня супрацоўнікі бюро еўрадэпутата Марэка Мігальскага прапаноўвалі мінакам падпісваць карткі з заклікам вызвалення М. Статкевіча, якія пазней былі адасланы А. Лукашэнку.
4 студзеня Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, паведаміла, што сын на каталіцкія Каляды змог патэлефанаваць дадому пасля працяглага маўчання. Марына Лобава адзначыла, што ягоны голас быў вельмі радасны і бадзёры. Э. Лобаў у калоніі працягвае навучацца на электрыка і ўжо выконвае пэўныя працоўныя заданні. Патэлефанаваць дадому палітвязень змог таксама 6 і 14 студзеня. М. Лобава паведаміла, што ёй двойчы тэлефанаваў айцец Дзмітрый, які звычайна наведвае палітвязня, і сказаў, што зноў збіраецца да яе сына ў калонію, як толькі знойдзе для гэтага час.
4 снежня ў лісце да грамадскай актывісткі Вольгі Мікалайчык палітвязень Васіль Парфянкоў павкедаміў, што ў перасыльным пункце жодзінскай калоніі, адкуль яго збіраюцца перавезці ў калонію ў Горках, удзень нельга сядзець на шконках, тым больш ляжаць: цэлы дзень трэба быць на нагах. Палітвязень адчувае інфармацыйны голад: няма тэлевізара, газет ён не атрымлівае, а з-за таго, што ў яго на рахунку зусім няма грошай, бо з ЛТП у Светлагорску паўмільёна рублёў не вярнулі, Васіль ня можа набыць паштовак ці канвэртаў, каб ліставацца. 12 студзеня бацькі Васіля Парфянкова адправілі яму грошы, каб ён мог набыць канверты і паперу для лістоў, а таксама прадукты. 28 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі па справе палітвязня Васіля Парфянкова. Прысуд суда Першамайскага раёна пакінуты без зменаў – 1 год пазбаўлення волі, а скарга -- без задавальнення.
15 студзеня адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў, што палітвязень Яўген Васьковіч Новы год сустракаў у ШІЗА турмы № 4 у Магілёве, атрымаўшы спагнанне на 10 сутак 27 снежня 2013 года. Усяго з кастрычніка 2011 года Я. Васьковіч правёў у ШІЗА 247 сутак. Большасць пакаранняў былі вынесены з адной і той жа фармулёўкай: "за адмовы выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў турмы". Пры росце 186 сантыметраў палітвязень важыць толькі 65 кілаграмаў. 30 студзеня маці і бабуля Яўгена Васьковіча атрымалі кароткатэрміновае спатканне з палітвязнем – 2 гадзіны размовы праз шкло і тэлефон. Маці зняволеанага Рушанія Васьковіч адзначыла, што сын пахудзеў, адчуваецца недахоп сонца і вітамінаў. Актуальнай застаецца для Я. Васьковіча праблема выпіскі газет.
25 студзеня Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, пасля кароткатэрміновага спаткання з сынам паведаміла, што сын быў рады атрымаць навіну пра ўганараванне ягонай кнігі “Еду ў магадан” прэміяй імя Ф. Аляхновіча, але літаратарам сябе не лічыць. Ён адзначыў, што для яго было самым важным тое, што шмат людзей даведаліся з ягонага твору пра тое, што адбываецца ў “амерыканцы” – СІЗА КДБ. Адносна далейшых літаратурных планаў І. Аліневіч сказаў, што практычна іх ажыццявіць немагчыма, бо як толькі ён сядае нешта пісаць, у тым ліку – лісты, за ягонай спіной адразу ўзнікаюць тры чалавекі, якія адсочваюць змест напісанага. Спатканне ў Наваполацкай калоніі адміністрацыя калоніі фіксавала на відэа і аўдыё. У палітвязня ўзялі подпіс, што яму паведамілі пра вядзенне аўдыё і відэазапісу. Валянціна Аліневіч адзначыла, што ў апошні час сын адчувае недахоп інфармацыі, ён стаў атрымліваць нашмат менш газет. Таксама Ігару Аліневічу не дазваляюць тэлефанаваць, апошні раз ён здолеў патэлефанаваць дадому ў кастрычніку 2013 года.
28 студзеня Анатоль Пракапенка, бацька палітвязня Арцёма Пракапенкі, паведаміў, што ад сына ўжо болей за два тыдні няма ні лістоў, ні тэлефанаванняў. Анатоль Пракапенка адзначыў , што пазіцыя Арцёма наконт адмовы пісаць прашэнне аб памілаванні засталася нязменнай. Бацька палітвязня дадаў, што новых спагнанняў сыну не выносілася і выказаў надзею на атрыманне спаткання на працягу бліжэйшых двух месяцаў.
30 студзеня стала вядома, што заява на рэгістрацыю кандыдатуры Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру перададзена ў Нобелеўскі камітэт. Подпісы пад заявай збіралі дэпутаты польскага Сойму ад "Грамадзянскай Платформы" і партыі "Права і Справядлівасць".
Смяротнае пакаранне
17 студзеня жыхар Гомеля Аляксандар Груноў, асуджаны паўторна да смяротнага пакарання Гомельскім абласным судом за забойства студэнткі Емяльянчыкавай, падаў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. У касацыйнай скарзе Аляксандар Груноў з адвакатам згадваюць, што калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду дала ацэнку добраахвотнаму прызнанню Аляксандра ў забойстве і ягонай яўцы з павіннай, але не ўлічыла іх у выраку. Аляксандар Груноў утрымліваецца ў Гомельскім СІЗА. Ягоная маці Вольга Грунова пасля вынясення двойчы мела спатканьне з сынам у следчым ізалятары. Яна напісала скаргі Генеральнаму пракурору і Аляксандру Лукашэнку. Жанчына лічыць, што менавіта выказванні кіраўніка дзяржавы наконт рэзананснага забойства студэнткі ў Гомелі паўплывалі на апошні прысуд.
Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання
14 студзеня мінчанка Людміла Кучура звярнулася ў суд пасля адмовы Следчага камітэта разглядаць скаргу па фактах катаванняў яе мужа Пятра Кучуры ў калоніі № 15 Магілёва. У лістападзе 2013 года Людміла Кучура звярталася ва ўпраўленне па Магілёўскай вобласці Следчага камітэта з заявай аб катаваннях у дачыненні да яе мужа Пятра Кучуры, які на той момант адбываў пакаранне ў ВК-15 г. Магілёва. Замест правядзення праверкі з мэтай устанаўлення факта жорсткага і бесчалавечнага абыходжання са зняволеным і ацэнкі дзеянняў адміністрацыі і персаналу калоніі, начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення СК перанакіраваў гэтую скаргу - на дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў - у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Указаўшы на тое, што разгляд скаргі Дэпартаментам ніяк не можа лічыцца непрадузятым, жонка зняволенага абскардзіла ў Следчы камітэт гэтыя дзеянні па перадачы скаргі ў іншы орган. У сваю чаргу, СК РБ парушэнняў у дзеяннях падначаленага не знайшоў і ў задавальненні скаргі адмовіў. Тым самым Людміла Кучура і яе муж былі пазбаўлены права на судовую абарону, бо ў выпадку правядзення следчым органам праверкі і адмовы паводле яе вынікаў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, яны мелі б права абскардзіць гэтую адмову ў судзе. Гэта і прымусіла жанчыну звярнуцца ў суд. Але ў снежні 2013 года суд Ленінскага раёна Магілёва адмовіў ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе на рашэнне начальніка ўпраўлення па Магілёўскай вобласці СК РБ. Нягледзячы на тое, што 30 снежня 2013 года Пётр Кучура быў пераведзены на строгі рэжым у магілёўскую турму №4, жонка асуджанага ў пошуках справядлівасці звярнулася ў Магілёўскі абласны суд. У сваёй скарзе яна просіць вышэйшую інстанцыю вызначэнне суда Ленінскага раёна г. Магілёва ад 19 снежня 2013 года адмяніць і перадаць пытанне на новы разгляд у суд першай інстанцыі. Справа датычыць падзеяў 19 верасня 2013 года, калі Пётр Кучура, інвалід 3-й групы, быў змешчаны ў камеру штрафнога ізалятара, дзе санвузел быў засыпаны вялікай колькасцю хлоркавай вапны. У выніку кантакту з вадой адбылася рэакцыя, якая прывяла да атручвання выпарэннямі хлору. У іншую камеру зняволенага перавялі толькі пасля значнага пагаршэння самаадчування, медыцынскай дапамогі пры гэтым не аказалі. Праверкай пракуратуры Магілёўскай вобласці ўстаноўлена, што ў мэтах дэзінфекцыі раствор хлорыстай вапны ў ВК-15 доўгі час не ўжываецца (паводле тлумачэнняў супрацоўнікаў медыцынскай часткі). Гэта азначае, што хлоркавая вапна ў дадзеным выпадку магла быць прыменена да асуджанага як сродак катавання.
Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі
2 студзеня праваабаронца Таццяна Рэвяка атрымала паведамленне за подпісам намесніка начальніка Ашмянскай мытні А.В. Датчука, у якім сказана, што мытня атрымала з Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродненскага аблвыканкаму заключэнне экспертнай камісіі па выніках вывучэння друкаванага выдання “Асьвечаныя Беларушчынай”, аўтарам якога з’яўляецца праваабаронца і літаратар, палітвязень Алесь Бяляцкі. Пры гэтым сам тэкст экспертызы не быў дасланы. Гэта была ўжо другая экспертыза, паколькі першапачатковая не адпавядала законным патрабаванням. Згодна з высновамі першай экспертызы, літаратуразнаўчая кніга Алеся Бяляцкага “можа нанесці шкоду іміджу Рэспублікі Беларусь”. Якія высновы ўтрымліваюцца ў паўторным заключэнні – не паведамлялася. Пры гэтым ў паведамленні ўказвалася, што “па выніках правядзення двух мытных экспертыз і на падставе Раздзела 1.3 Адзінага пераліку тавараў, да якіх ужываюцца забароны ці абмежаванні на ўвоз ці вываз дзяржавамі-членамі Мытнага саюзу ў межах Еўразійскай эканамічнай супольнасці” неабходна на працягу 10 працоўных дзён у Ашмянскай мытні аформіць працэдуру “рээкспарту на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі” выдання. 14 студзеня ў суд Ашмянскага раёна была пададзена скарга на дзеянні Ашмянскай мытні. 29 студзеня ў судзе Ашмянскага раёна адбылося папярэднае слуханне па грамадзянскай справе супраць Ашмянскай мытні. Справу разглядала суддзя Таццяна Емельяновіч, мытны орган прадстаўлялі Тамара Глінкевіч і Алена Ждановіч. У якасці прадстаўніка інтарэсаў заяўніка Таццяны Рэвяка ў працэс быў дапушчаны юрыст Павел Сапелка. У выніку паседжання была атрымана магчымасць азнаёміцца з вынікамі паўторнай экспертызы выдання, на падставе якой было прынятае рашэнне пра рээкспарт кнігі. Выявілася, што яе праводзілі ўсё тыя ж супрацоўнікі Гродзенскага ўніверсітэта Уладзімір Ягорычаў і Вадзім Хілюта, якія рабілі першапачатковае заключэнне, і правамоцнасць прызначэння якіх у якасці экспертаў абскарджвалася праваабаронцамі. Мытны орган прасіў даследваць кнігу на наяўнасць заклікаў ці прапаганды экстрэмізму і тэрарызму, а таксама інфармацыі, якая можа нанесці палітычную ці эканамічную шкоду РБ, дзяржаўнай бяспецы, здароўю і маральнасці грамадзянаў. Ні экстрэмізму, ні тэрарызму ў кнізе не было выяўлена, на другое пытанне эксперты фактычна ўхіліліся ад адказу, спаслаўшыся на вынікі першай экспертызы, дзе адназначнага адказу не было прадстаўлена.
14 студзеня віцебскага праваабаронцу Пятра Іванова папярэдзілі аб магчымай дэпартацыі. Пётр Іваноў нарадзіўся ў Беларусі, але працаваў у Расійскай Федэрацыі, дзе і атрымаў грамадзянства. Аддзел грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РАУС запатрабаваў да 20 студзеня ад Іванова справаздачы, на якія сродкі ён жыве, у іншым выпадку -- пагражаюць дэпартаваць з Беларусі. Пётр Іваноў былы кадравы вайсковец, мае сталыя прыбыткі – пенсію. Усё гэта засведчана дакументамі. Тэрмін "Віду на жыхарства" праваабаронцы сканчваецца ў кастрычніку 2014 года, і міліцыя спрабуе знайсці падставы, каб не працягнуць гэта тэрмін, а то і дэпартаваць яго заўчасна. У Віцебску жыве сям’я П. Іванова, тут у яго кватэра.
Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні
3 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля пачаўся суд над лідэрам кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць!» Дзмітрыем Карашковым. Міліцыя абвінаваціла яго ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства. Паводле адміністрацыйнага пратаколу, уранку 11 лістапада 2013 года Дзмітрый выйшаў на пляцоўку пры аблвыканкаме з транспарантам: «Спыніце продаж алкаголю каля школ», за што і быў затрыманы. У пратаколе, які склаў маёр міліцыі Уладзімер Недабой, напісана, што Карашкоў «публічна выказваў свае асабістыя інтарэсы з выкарыстаннем транспаранта». Суддзя Алена Цалкова ўдакладняла, ці звяртаўся ён у гарвыканкам па дазвол на пікет. Актывіст адказаў, што гэтым разам не звяртаўся, бо раней пісаў туды заяву, але гарвыканкам не дазволіў праводзіць антыалкагольны пікет. Забарону Карашкоў абскардзіў у Цэнтральным райсудзе, аднак і суд Цэнтральнага раёну, і вышэйшыя суды пакінулі ягоную скаргу без задавальнення, пасля чаго скарга была накіравана ў Камітэт па правах чалавека ААН. Ён таксама дадаў, што ў Гомелі за апошнія сем гадоў не дазволена ніводнага масавага мерапрыемства. 9 студзеня суддзя Алена Цалкова вынесла аб пакаранні Дзмітрыя Карашкова штрафам у памеры 10 базавых велічынь.
9 студзеня гарадоцкага актывіста Партыі БНФ Леаніда Аўтухова затрымалі паводле ананіманага даносу. У Гарадоцкім РАУС яму паказалі ліст за подпісам "Ананім", дзе гаварылася, што ён рыхтуе ў райцэнтры акцыю пратэсту. Л. Аўтухова пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны – пакуль не з'ехала абласное начальства, якое прыязжала сустракацца з незадаволенымі мясцовымі прадпрымальнікамі. Непасрэдна з візітам прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкаму Леанід Аўтухоў і звязвае сваё затрыманне. Хто яго напісаў, Леанід Аўтухоў не ведае. Але не можа выключаць, што да гэтага нейкае дачыненне маглі мець і самі міліцыянты, бо 9 студзеня ў Гарадку чакалі прадстаўнікоў аблвыканкаму, іІ супрацоўнікам РАУС не хацелася дадатковых праблем. Нервовая сітуацыя ў Гарадку складаецца ў сувязі з правядзеннем у горадзе "Дажынак -2014".
14 студзеня ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся судовы працэс над кіраўніком Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам па абвінавачанні ў парушэнні артыкула 23.34, частка 3 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). А. Лябедзьку затрымалі раніцай 12 студзеня каля гаража, спачатку адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, а потым — у апорны пункт міліцыі, які знаходзіўся побач, дзе быў складзены пратакол правапарушэння за акцыю 5 студзеня, калі палітык разам са сустаршынёй кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктарам Карняенкам збіралі ў цэнтры Мінска подпісы за адмену аўтапошліны. Пасля складання пратаколу А. Лябедзьку пасадзілі ў легкавы аўтамабіль і вывезлі спачатку ў Курапаты, а потым да гарадскога крэматорыя, каля 18 гадзін даставілі ў Вяснянку і пакінулі там. Суддзя Кірыл Палулех прызнаў Анатоля Лябедзьку вінаватым і вынес рашэнне аб пакаранні штрафам у памеры 45 базавых велічынь.
23 студзеня некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна юнакоў з суполак «Альтэрнатыва» і «Рух салідарнасці «Разам», выйшлі з партрэтам забітага ў Кіеве дэманстранта-беларуса Міхала Жызнеўскага і свечкамі да будынку ўкраінскай амбасады ў Мінску. Яны праспявалі гімн «Магутны Божа». Калі людзі ўжо разыходзіліся, з’явіліся супрацоўнікі міліцыі спецназ, якія затрымалі 12 удзельнікаў жалобнай акцыі. Сярод затрыманых былі Ілля Дабратвор, Міхал Мікуліч, Дзмітрый Сільчанка, Ірына Вяткіна, Алег Кіроль і інш. Усе былі дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну, з 22.30 усіх пачалі адпускаць без складання пратаколаў.
25 студзеня ў Мінску ў скверы імя Сімона Балівара міліцыя ў цывільным затрымала 2 актывістаў ініцыятывы "Ежа замест бомбаў" і 5 бяздомных. Усе былі дастаўлены ў Партызанскі РУУС, дзе ў іх знялі адбіткі пальцаў і перапісалі пашпартныя дадзеныя. 26 студзеня АМАП і супрацоўнікі міліцыі ў цывільным прыйшлі на акцыю ініцыятывы, якая праходзіла каля крамы “Шчасце" ў раёне метро“Усход”. 1 лютага супрацоўнікі міліцыі ізноў наведалі раздачу ежы ў скверы імя Балівара для правядзення растлумачальнай працы, мэта якой - перашкодзіць актывістам прыходзіць на месца раздачы, а таксама спыніць дзейнасць ініцыятывы "Ежа замест бомбаў". 2 лютага чацвёра супрацоўнікаў міліцыі да пачатку акцыі ўжо чакалі актывістаў на кропцы раздачы каля метро «Усход». Спачатку супрацоўнікі паспрабавалі сарваць раздачу ежы, аднак яна ўсё роўна адбылася. Адзін з актывістаў быў затрыманы і дастаўлены ў Першамайскі РУУС, але неўзабаве быў адпушчаны. Астатнія ўдзельнікі акцыі адзначаюць, што пасля таго, як яны пакінулі месца раздачы, туды пад'ехаў міліцэйскі аўтобус, не выключана -- для затрымання астатніх актывістаў. "Ежа замест бомбаў" - міжнародны рух, які складаецца з не звязаных адзін з адным незалежных груп актывістаў, якія пратэстуюць супраць мілітарызму і беднасці з дапамогай бясплатнай раздачы ежы (як правіла, вегетарыянскай) тым, хто жывеў нястачы. У Мінску першая акцыя прайшла летам 2005 года, зараз ежу раздаюць кожныя выхадныя ў трох месцах - у Міхайлаўскім скверы, скверы імя Сымона Балівара і каля ГЦ "Шчасце" (метро «Усход»).
27 студзеня актывіст Ілля Дабратвор атрымаў адказ з пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, куды ён скардзіўся на незаконныя дзеянні міліцыі, якая затрымала яго 29 кастрычніка 2013 года з сынам Яўсеем (2005 г.н.) на акцыі па ўшанаванні продкаў Дзяды. Па словах Дабратвора, нагодаў для затрымання супрацоўнікі Фрунзенскага РАУС не назвалі, у РАУС з яго ўзялі тлумачэнні. У сваёй скарзе актывіст звяртаў увагу на тое, што ў ягоным выпадку адсутнічалі нагоды і падставы для затрымання. Тым больш незразумела, чым тлумачыцца затрыманне непаўнагадовага дзіцяці. Пракурор Фрунзенскага раёна г. Мінска А.А.Беспалы адзначыў, што для правядзення праверкі няма паставаў. “Як вынікае з вашага звароту, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні супрацоўнікамі Фрунзенскага РАУС г. Мінска ў адносінах Вас не складаўся і, адпаведна, адміністрацыйны працэс не пачынаўся”. Пры гэтым у адпаведнасці з арт. 9.5 ПВКаАП адміністрацыйны працэс з’яўляецца пачатым з моманту адміністратыўнага затрымання фізічнай асобы. На гэта Ілля Дабратвор звяртае ўвагу ў скарзе, накіраванай ужо пракурору г. Мінска. Аналагічным чынам актывіст аспрэчвае яшчэ адно адвольнае затрымане – 23 студзеня, калі яго такім самым чынам затрымалі міліцыянеры Цэнтральнага РАУС г. Мінска.
30 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска адбылося слуханне адміністрацыйнай справы былога палітвязня Дзмітрыя Дашкевіча па абвінавачанні ў парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду (п.1 арт.24 - 12 КаАП). Абвінавачаны ў суд не з'явіўся, патлумачыўшы гэта занятасцю на працы. Акрамя таго, на думку Дашкевіча, у судах працуюць людзі, «якія не аднойчы фабрыкавалі справы» і якім ён не лічыць патрэбным даказваць сваю невінаватасць. Дзмітрый Дашкевіч атрымаў папярэджанне за парушэнне правіл адбыцця прэвентыўнага нагляду пасля таго, як 19 снежня 2013 года не з'явіўся ў крымінальна-наглядную інспекцыю Першамайскага РУУС, дзе павінен адзначацца першы, трэці і чацвёрты чацвер кожнага месяца. Як растлумачыў Дашкевіч, ён проста забыўся пра тое, што трэці чацвер месяца выпаў на 19 снежня. На наступную раніцу яму патэлефанаваў інспектар з прапановай з'явіцца ў РУУС, што Дашкевіч адразу ж зрабіў, але ў міліцыі ў яго дачыненні склалі пратакол аб парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду. Як адзначыў Дз. Дашкевіч, у падобных выпадках (калі чалавек адзін раз забыўся прыйсці ў міліцыю, але зрабіў гэта на наступны дзень) пратаколы, як правіла, не складаюць. Аднак інспектар сказаў, што скласці гэты пратакол яму загадала начальства. Рашэнне суда - штраф у 10 базавых велічынь.
31 студзеня стала вядома, што мінімум двое фанатаў футбольнага клуба БАТЭ арыштаваны судом Барысава на пяць сутак за акцыю падтрымкі Майдану. Першы з іх 29 студзеня быў выкліканы ў мясцовы аддзел міліцыі, адкуль яго не адпусцілі, а назаўтра быў праведзены закрыты суд, на якім заўзятару БАТЭ і абвясцілі пастанову аб арышце за «парушэнне устаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання». 31 студзеня другому фанату патэлефанавалі дадому і запрасілі на размову. Пасля таго, як ён папрасіў выслаць яму позву, супрацоўнікі міліцыі прыехалі і забралі з дому. Пасля адведзеных па законе трох гадзін «да высвятлення асобы» ў Барысаўскі ГАУС паехаў бацька хлопца з адвакатам. У аддзеле паведамілі, што затрыманага разам з матэрыяламі справы павезлі ў суд. Наступныя дзве гадзіны адмаўляліся наогул паведамляць пра яго месцазнаходжанне. Да затрыманага не дапускалі адваката, як і ў папярэднім выпадку, яго прывезлі ў суд і асудзілі. 27 студзеня 23 фанаты БАТЭ зладзілі сваю акцыю салідарнасці з Украінай у выглядзе фатаграфавання з бел-чырвона-белым сцягам і плакатамі «Трымайся, Украіна, мы з табой» і «Слава героям». Фотаздымкі трапілі ў інтэрнэт. Астатнія фанаты таксама апынуліся ў полі зроку супрацоўнікаў міліцыі, іх знаходзяць праз “Укантакце”, параўноўваюць фота ды вызвоньваюць. На фанацкіх форумах Укантакце паведамілі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў прыходзілі і да фанатаў «Дынама», якія таксама выказаліся ў падтрымку Майдану.
Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў
8 студзеня выдаўцу незалежнага інфармацыйнага бюлютэня “Клімавіцкая інфа-панарама” Сяргею Аржанцаву адмовілі ў праве прысутнічаць на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама. У гэты дзень на пасяджэнні камісіі павінны былі разглядацца некалькі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія зацікавілі выдаўца. Прысутнасць журналіста чамусьці не спадабалася старшыні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама Наталлі Асмалоўскай. Спадарня Асмалоўская, якая акрамя старшынства ў адміністрацыйнай камісіі адначасова ўзначальвае ўпраўленне справамі Клімавіцкага райвыканкама, паведаміла Сяргею Аржанцаву, што яна забараняе яму прысутнічаць на пасяджэнні. Чым выкліканая такая адмоўная рэакцыя райвыканкамаўскай чыноўніцы, засталося незразумелым, бо згодна артыкула 2.14 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Справы аб адміністрацыйных правапарушэннях разглядаюцца адкрыта”. Сяргей Аржанцаў пакінуў адпаведны запіс пра гэтае парушэнне ў кнізе заўваг і прапаноў Клімавіцкага райвыканкама.
17 студзеня стала вядома, што аддзел ідэалогіі Віцебскага аблвыканкаму праінфармаваў рэдакцыі мясцовых газет, хто з супрацоўнікаў з'яўляецца сябрамі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, а хто толькі збіраецца ўступіць у "непажаданую" арганізацыю. Асобных журналістаў выклікалі ў аблвыканкам для тлумачэнняў наконт сяброўства ў арганізацыі. Пад увагу ідэолагаў найперш трапілі ўдзельнікі сяброўскай сустрэчы віцебскіх журналістаў, якая прайшла напрыканцы 2013 года. На ёй прысутнічалі і "бажаўцы", і проста калегі-журналісты. Журналістам давялося тлумачыць, што збіраліся яны не на сход, бо з Віцебску няма асобнай гарадской філіі ГА “БАЖ”, і што гэта была звычайная перадсвяточная сяброўская сустрэча за гарбатай, дзе людзі дзяліліся сваімі планамі, размаўлялі пра нейкія прафесійныя праблемы, а потым слухалі спевы Георгія Станкевіча, барда з Бешанковічаў. Раней падобныя сустрэчы ніякай цікаўнасці ў аддзела ідэалогіі аблвыканкаму не выклікалі.
20 студзеня апоўдні ў Віцебску быў затрыманы рэдактар газеты “Віцебскі кур’ер” Алег Баршчэўскі і дастаўлены ў Кастрычніцкі РУУС. Прычына затрымання – нібыта несапраўднае вадзецельскае пасведчанне. Спыніў аўтамабіль і затрымліваў журналіста супрацоўнік ДАІ Ігар Сяргеевіч Артамонаў. Праз некалькі гадзін Алег Баршчэўскі быў адпушчаны з РУУС. Перад тым, як яго адпускаць, у аддзяленне міліцыі прывезлі жанчыну з падатковай інспекцыі Першамайскага раёна Віцебска, якая ўзяла з А. Баршчэўскага абавязацельства з'явіцца і здаць падатковую дэкларацыю.
27 студзеня Вярхоўны суд не задаволіў патрабаванняў уласніка фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэя Белякова, які дамагаўся забароны на выкарыстанне таварнага знаку «Белсат ТВ» («Belsat TV») польскім тэлеканалам. Афіцыйны прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Міхась Янчук адзначыў, што гэтае рашэнне можа быць яшчэ абскарджана ў парадку нагляду цягам трох гадоў. Пры гэтым важна – паводле беларускага заканадаўства такая ж самая справа з такімі ж самымі бакамі больш не можа разглядацца ў беларускім судзе, гэта значыць, што спадар Белякоў не зможа падаць супраць тэлеканала такі самы пазоў другі раз. Фірма А.Белякова пад назваю «БЕЛСАТплюс» займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання і радыётэхнічнага абсталявання. Першапачатковым патрабаваннем спадара Белякова было прыпыніць трансмісію сігналу тэлебачання «Белсат» аператарамі спадарожніка «Astra». Аднак пасля паседжання 21 студзеня пазоўнік змяніў патрабаванні і пакінуў толькі прыпыненне выкарыстання таварнага знаку «Белсат ТВ» («Belsat TV»). Паводле заканадаўства, нельга блакаваць таварны знак, калі яго выкарыстоўваюць у іншай галіне (трансляцыя і прадукцыя тэлевізійных праграмаў). Фірма «БЕЛСАТплюс» не ажыццяўляе тэлевізійнай трансляцыі. Тэлеканал зарэгістраваны ў Польшчы, таксама, як і дамен сайту. Даменнае імя не зарэгістраванае ў Беларусі і не адмініструецца, а тэлебачанне не транслюецца з тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, і таварны знак не падпадае пад юрысдыкцыю беларускага права.
28 студзеня быў узламаны гомельскі незалежны сайт «Цвярозы погляд» (http://spasemstranu.com/), які працуе ў рамках кампаніі «Хопіць піць - трэба жыць». Гэта адбылося падчас пахавання ў Гомелі Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Майдане, - на той час адміністратары сайту як раз былі занятыя на пахаванні. Невядомымі быў усталяваны адмысловы код, які дапамог спампаваць і знішчыць увесь кантэнт на сайце. Замест яго зламыснікі размясцілі свой кантэнт, накіраваны на рэкламаванне нетрадыцыйных сексуальных адносін.
29 студзеня салігорскі актывіст Аляксандр Малочка атрымаў адказ з Ашмянскай мытні, датычны канфіскаванай у яго на мяжы кнігі Валерыя Карбалевіча “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт”. Ашмянская мытня паведаміла, што па выніках праведзенай мытняй экспертызы кніга падлягае вяртанню ўладальніку, сказана ў лісце за подпісам намесніка начальніка мытні І. Змітровіча ад 23 студзеня бягучага года. З моманту накіравання кнігі на экспертызу прайшло 4 месяцы , і ўвесь гэты час аб выніках экспертызы Малочка нічога не ведаў. 18 студзеня ён напісаў мытнікам ліст з просьбай нарэшце азнаёміць яго з заключэннем экспертаў і, калі кніга не ўтрымлівае «матэрыялаў экстрэмісцкага толку», азнаёміць з працэдурай яе вяртання. Аб выніках экспертызы ў лісце мытнікаў нічога не было сказана: толькі аб працэдуры вяртання. А.Малачку прапанавалі звярнуцца да начальніка мытні з пісьмовай заявай і на працягу 10 дзён пасля гэтага забраць яе «па месцы захоўвання». Кнігу Валерыя Карбалевіча ў А. Малочкі забралі верасня 14 пры вяртанні з Літвы ў Беларусь для праверкі на экстрэмізм. У пачатку кастрычніка ад начальніка Ашмянскай мытні актывіст атрымаў апавяшчэнне, што мытная экспертыза па кнізе была прызначаная 30 верасня, і што яе правядзенне даручана «эксперту з ліку ўпаўнаважаных службовых асоб Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы , культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта».
Абмежаванне свабоды сходаў
4 студзеня да індывідуальнага прадпрымальніка і актывіста Мікалая Чарнавуса, які працуе на Цэнтральным каапрынку Баранавічаў, завітаў участковы міліцыянер. Супрацоўнік міліцыі ўзяў тлумачэнне наконт несанкцыянаванага пікету супраць карупцыі, які прайшоў у гарадскім парку 26 снежня 2013 года. У гэтым адзіночным пікеце арганізатар у адзенні Дзеда Мароза трымаў у руках плакат “Старшыні Дзічкоўскі, Язубец – непатапляемыя. Старшыня аблвыканкама Сумар абмануў Прэзідэнта. Карупцыянер у парламенце. Ганьба!!!” Мікалай Чарнавус адмовіў свой удзел у пікеце і ўпэўнены, што да суда справа не дойдзе, бо мясцовыя чыноўнікі не зацікаўлены ў раздуванні карупцыйнага скандала, у якім замешаны першыя асобы горада і раёна.
9 студзеня калегія Брэсцкага абласнога суда па грамадзянскіх справах падтрымала рашэнне суда Бярозаўскага раёна ў справе забароны пікета, запланаванана на 10 кастрычніка – у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Прычынай забароны з’яўлялася непрадастаўленне ў райвыканкам разам з заявай дамоў з адпаведнымі службамі (ЖКГ, міліцыяй і бальніцай) на абслугоўванне пікету. Як суд Бярозаўскага раёна, так і калегія абласнога суда спаслаліся на заканадаўства, згодна з якім дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнымі службамі пад час масавых мерапрыемстваў патрэбны для бяспекі грамадзян. Выканаць жа ўмовы заключэння дамоваў на практыцы не ўяўляецца магчымым. Скарга праваабаронцаў Сяржука Русецкага, Тамары Шчапёткінай і грамадскай актывісткі Таццяны Тарасевіч пакінута без задавальнення. Па словах Сяргея Русецкага, цікава тое, што суддзі нарэшце звярнулі ўвагу на палажэнні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных справах, якімі гарантуецца свабода сходаў, хаця прадказальна зрабілі выснову, што забарона пікета не супярэчыць міжнародным стандартам.
12 студзеня пікет супраць міліцэйскага гвалту ў Віцебску планаваў правесці "урач-праўдаруб" Ігар Пастноў, але ягоную заяўку не задаволіла адміністрацыя Кастрычніцкага раёну. Прычыны забароны акцыі – адсутнасць дамоў з медыкамі, міліцыяй і службамі ЖКГ. Наяўнасць такіх дамоў абавязковая для арганізатараў масавых акцый, калі яны праходзяць па ініцыятыве грамадзян. Гэтае патрабаванне рэгламентавана рашэннем №881 Віцебскага гарвыканкаму. І выканаць яго практычна немагчыма, бо адказныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы, пакуль няма дазволу на акцыю ад уладаў. Ігар Пастноў, які збіраўся правесці аднаасобную маўклівую акцыю ў месцы, адмыслова вызначаным для гэтага ўладамі, лічыць забарону несправядлівай. Ён медык, і заключаць дадатковыя дамовы з медслужбамі лічыць немэтазгодным. Забруджваць тэрыторыю падчас пікета-рэквіема па ахвярах міліцэйскага гвалту ён не збіраўся. А наяўнасць міліцыі на гэтай акцыі, па ягоным меркаванні, і так абавязковая. Па-першае, пікет ён збіраўся праводзіць 12 студзеня, у выходны дзень у месцы масавага адпачынку гараджан, дзе і так мусяць дзяжурыць міліцэйскія патрулі. Па-другое, сама мэта пікету – пратэст супраць міліцэйскага гвалту, павінна быць актуальнай і для ўсяго міліцэйскага кіраўніцтва, і для шэраговых супрацоўнікаў, якім варта было б падтрымаць прапанову "чысткі" кадравага складу ад асоб, схільных да садызму і гвалту.
13 студзеня пачаўся судовы працэс па скарзе грамадскага актывіста Мікалая Уласевіча на дзеянні Астравецкага райвыканкаму, які адмовіў яму ў правядзенні 7 снежня 2013 года пікету “Карупцыянераў да адказнасці!”. Разгляд справы пачаўся у 10.30 і скончыўся праз дзве гадзіны пасля вывучэння матэрыялаў справы на этапе пачатку спрэчак бакоў. Суддзя Аляксандар Раткевіч аб’явіў перапынак да 16.00. Да абвяшчэння перапынку Уласевіч заявіў адвод складу суда, які зняў яго пытанне да прадстаўніка адказніка пра тое, якім нарматыўным актам рэгулюецца неабходнасць заключэння дамоў заяўніка пікета з міліцыяй і медустановамі на забеспячэнне правапарадку і ахову здароўя ўдзельнікаў масавага мерапрыемства. У 16 гадзін разгляд справы не ўзнавіўся. За 20 хвілін да працягу Уласевічу патэлефанавала сакратарка судовага паседжання і паведаміла, што працэс адкладаецца. Па яе словах, пра дзень працягу разгляду Мікалаю Уласевічу абяцалі паведаміць дадаткова. 16 студзеня суд адмовіў актывісту ў задавальненні скаргі.
15 студзеня старшыня Брэсцкага абласнога суда Тамара Сучок не задаволіла скаргу бярозаўскіх праваабаронцаў аб забароне пікету 4 жніўня 2013 год, накіраванага на падтрымку беларускіх палітычных вязняў; рашэнне суда Бярозаўскага раёна і абласной судовай калегіі пакінута без зменаў. І Бярозаўскі раённы суд, і судовая калегія, і старшыня Брэсцкага абласнога суда прыйшлі да высновы, што рашэнне выканкаму пра небходнасць заключэння дамоў з міліцыяй, камунальнай гаспадаркай і бальніцай пры арганізацыі масавага мерапрыемства не супярэчыць Міжнароднаму пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы, не паглябляючыся больш дэтальна ў самі пярэчанні, якія сведчаць пра ягоную неадпаведнасць міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў.
15 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска прайшоў разгляд скаргі каардынатара Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафора Жаляпава і актывіста аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксея Гаўруцікава, якія патрабавалі прызнаць незаконнай забарону Першамайскай адміністрацыяй пікету салідарнасці з палітвязнямі, які не адбыўся 10 снежня 2013 года. Прычына забароны пікету ў Дзень правоў чалавека была традыцыйнай: адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцыі. Пры гэтым арганізатары падавалі заяўку разам з копіямі лістоў з прапановай заключыць дамовы, адрасаваных у міліцыю, гарадскую паліклініку і службу ЖКГ. З апошняй структурай ніколі няма праблем – яны пагаджаюцца на дамовы. З міліцыі адказалі ўжо пасля таго, як раённыя ўлады даслалі адмову: маўляў, пра што дамаўляцца, калі акцыя ўжо забароненая. З цэнтральнай гарадской паліклінікі таксама прыйшла адмова: дамову на абслугоўванне заключыць немагчыма, бо ўзімку ўсе медычныя службы працуюць у складаным рэжыме, абумоўленым масавымі захворваннямі. Першамайскі райсуд не ўбачыў у гэтай сітуацыі нічога надзвычайнага, і скаргу актывістаў не задаволіў. Рашэнне раённай адміністрацыі пра забарону акцыі прызнана слушным, а прэтэнзіі арганізатараў – беспадстаўнымі.
16 студзеня Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", распавёў пра новую стратэгію адстойвання права на свабоду мірных сходаў. "Стратэгія такая: мы падаем заяўкі, а з імі – копіі лістоў з запытамі наконт заключэння дамоваў на абслугоўванне акцый, накіраваных у службу ЖКГ, абласную ўправу МУС і ў цэнтральную гарадскую паліклініку за два месяцы да плануемага мерыпрыемства. Гэтыя структуры згадваюцца ў рашэнні гарвыканкаму №881 аб парадку арганізацыі масавых акцый. У гэтым рашэнні напісана, што дамовы мы мусім заключаць адразу, да падачы заявак. Але не было ніводнага разу, каб гэтыя службы пагадзіліся заключыць дамовы – апрача камунальнікаў. Медыкі звычайна дасылаюць нам адпіскі, нават без указання прычын. А ў міліцыі свае рэзоны: яны ігнаруюць рашэнне выканкаму і дзейнічаюць паводле закону аб масавых акцыях – пішуць, што дамовы заключаць толькі тады, калі будзе дазвол ад раённай адміністрацыі. Калі гэткая сітуацыя паўторыцца, то праз 15 дзён мы атрымаем чарговую адмову ад раённых уладаў". Далей, паводле Аляксея Гаўруцікава, актывісты пададуць заяву, каб суд змусіў управу МУС і цэнтральную паліклініку да заключэння дамоў. Гэтая працэдура зойме прыкладна 30 дзён. І калі суд вырашыць пытанне на іхную карысць, у актывістаў яшчэ застанецца час, каб падаць заяўкі паўторна, ужо з дамовамі. Іншага шляху, каб атрымаць дазвол, віцебскія актывісты не бачаць. Ім трэба нейкім чынам дамагчыся, каб адказныя структуры не стваралі перашкодаў для выканання рашэння гарвыканкаму. Хаця гэтае рашэнне яны лічаць вельмі недасканалым: за чатыры мінулыя гады ніводнай акцыі віцебскім апазіцыянерам правесці так і не ўдалося - і менавіта праз тое, што ўмовы гэтага рашэння выканаць немагчыма. Праўда, і звароты ў суды не дапамагалі. Так, у 2013 годзе, А.Гаўруцікаў і Х.Жаляпаў ужо спрабавалі змусіць праз суд да заключэння дамоваў медыкаў і міліцыю. Аднак у Кастрычніцкім райсудзе ім было заяўлена, што змусіць адпаведныя арганізацыі да заключэння дамоў нельга – бо яны не займаюцца выключна продажам сваіх паслуг насельніцтву. Тады актывісты вырашылі пайсці іншым шляхам: прыцягнуць да судовай адказнасці кіраўнікоў устаноў, якія адмовіліся з імі супрацоўнічаць. І тады ў Кастрычніцкім райсудзе занялі каардынальна іншую пазіцыю: суддзя Алена Папкова не задаволіла скаргу такога зместу і параіла звяртацца ў суд з просьбай змусіць да заключэння дамоваў. Давялося звяртацца ў абласны суд, каб дамагчыся ўцямнага адказу, якія скаргі суддзі ўсё ж могуць задаволіць. Знайсці шлях да вырашэння праблемы – магчымасці рэалізаваць сваё права на арганізацыю масавых акцый – віцебскія актывісты спрабуюць з 2009 года, калі былі прынята рашэнне №881. Змяніць яго, каб зрабіць выканальным на практыцы, гарвыканкам ні за што не пагаджаецца: адтуль прыходзяць адказы, што рашэнне прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым. За два апошнія дні віцебскія актывісты падалі заяўкі адразу на некалькі акцый. Старшыня гарадской арганізацыі Партыі БНФ замовіў пікет у День Канстытуцыі 15 сакавіка і мітынг у Дзень Волі 25 сакавіка. Імпрэзы ён хоча правесці ў парку Мазурына – на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну. У парку імя 30-годдзя ВЛКСМ хацелі б правесці падобныя імпрэзы каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў. Яны таксама хочуць правесці пікет у дзень Канстытуцыі і мітынг у Дзень Волі. Заяўкі пададзены ў Першамайскую раённую адміністрацыю, з якой, у выпадку адмовы, і давядзецца судзіцца, кажа Аляксей Гаўруцікаў. 29 студзеня пікет да Дня Канстытуцыі быў забаронены: абласная ўправа МУС і ўрачы зноў даслалі адмовы. З паліклінікі напісалі, што да 15 сакавіка яшчэ багата часу, і яны не могуць паабяцаць, што ў той дзень знойдзецца брыгада хуткай дапамогі для дзяжурства. А міліцыянты даслалі стандартную "адпіску", што будуць разглядаць прапанову толькі пасля таго, як акцыю дазволяць улады.
17 студзеня ваўкавыскі грамадскі актывіст Віталь Гуляк атрымаў адмову ў правядзенні пікету на знак салідарнасці з украінскім Майданам, які планаваўся ў гарадскім парку Ваўкавыску (гэтае месца афіцыйна вызначанае ўладай для правядзення масавых мерапрыемстваў) 25 студзеня. У адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкаму Уладзіміра Захарчука сцвярджаецца: “В соответствии со статьей 2 Закона РБ от 30 декабря 1997 года "О массовых мероприятиях… уличное шествие - это организованное массовое движение группы граждан по пешеходной или проезжей части улицы (дороги), бульвара, проспекта, площади. Таким образом, массовое мероприятие, за разрешением на проведение которого Вы обратились, в городском парке невозможно”. Зразумець нешта канкрэтна з гэтага адказу папросту немагчыма.
20 студзеня ў Гродзенскім абласным судзе прайшоў разгляд касацыйнай скаргі мясцовых праваабаронцаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на рашэнне суда Ленінскага раёну, якім была прызнаная законнасць адмовы гарвыканкамам праводзіць ім 10 кастрычніка 2013 года інфармацыйны пікет пра сітуацыю з смяротным пакараннем у Беларусі. Гарвыканкам адмовіў праваабаронцам праводзіць пікет, таму што палічыў, што заяўнікі не ў стане аплаціць выдаткі, звязаныя з яго правядзеннем. Пры тым на першым судовым працэсе высветлілася, што правядзенне пікету ў Гародні каштуе ажно 23 мільёны 324 тысячы беларускіх рублёў. Чыноўнікі таксама заявілі, што заяўнікі не пазначылі, ці збіраюцца выкарыстоўваць піратэхнічныя сродкі і адкрыты агонь, палічыўшы гэта парушэннем заканадаўства. Яшчэ гродзенскі гарвыканкам парушыў закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, даўшы свой адказ не на мове звароту – беларускай, а па-руску. Калегія абласнога суду ў складзе трох суддзяў узяла бок гарвыканкаму і суду першай інстанцыі.
21 студзеня Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне адмовіць у дазволе на правядзенне пікета супраць увядзення новых падаткаў, арганізатарамі якога выступілі старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Дзмітрый Салаўёў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Юрый Новікаў. Мерапрыемства яны планавалі правесці 25 студзеня на пляцоўцы стадыёна “Хімік” -- у адзіным дазволеным месцы ў горадзе. У афіцыйным адказе, які атрымаў Уладзімір Шанцаў ад МГКУ дарожна-маставога прадпрыемства, гаворыцца, што на прадпрыемстве недахоп прыбіральшчыкаў тэрыторыі, а дзень меркаванага мерапрыемства прыпадае на выходны. Спачатку камунальнікі заключылі дамову з арганізатарамі на прыбіранне тэрыторыі, аднак потым разарвалі яе ў аднабаковым парадку.
23 студзеня былая старшыня Гомельскага гарвыканкама Святлана Гальдадэ атрымала паведамленне з Камітэта па правах чалавека ААН аб рэгістрацыі скаргі, якую яна разам з гомельскімі праваабаронцамі Анатолем Паплаўным і Леанідам Судаленкам падала ў сувязі з забаронай у абласным цэнтры 4 жніўня 2012 года пікету ў падтрымку палітычнага зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Святлана Гальдадэ просіць Камітэт ўстанавіць факт парушэння з боку дзяржавы яе і праваабаронцаў правоў на свабоду правядзення мірных сходаў і свабоду выказвання меркавання і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці закон "Аб масавых мерапрыемствах", а таксама рашэнне мясцовай улады аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі.
26 студзеня ў Баранавічах планаваўся пікет пад лозунгамі “Дзеянні ўлады і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль”, правядзенне якога Баранавіцкі гарвыканкам забараніў прафсаюзнаму актывісту Рыгору Грыку, нягледзячы на тое, што заяўнік заключыў дамовы з паліклінікай, ЖКГ і міліцыяй і выканаў усе патрабаванні закону аб масавых мерапрыемствах. Прычым аб забароне пікетаактывісту стала вядома не з адказу гарвыканкама, які Рыгор Грык так і не атрымаў нават да 26 студзеня, а пасля размовы грамадскага актывіста з намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі ГАУС маёрам Паўлам Кульгавікам.
30 студзеня праваабаронцы і грамадскія актывісты Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат, Віктар Мезяк, Мікалай Чарнавус, Рыгор Грык і Анжаліка Камбалава звярнуліся да новага старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыя Грамакоўскага з прапановамі аб дэмакратызацыі рашэння аб масавых мерапрыемствах. У заяве сказана, што па розных прычынах ужо больш за 6 гадоў Баранавіцкі гарвыканкам не дае дазволу фактычна нікому з прадстаўнікоў грамадскасці на правядзенне масавых мерапрыемстваў, парушаючы арт. 2 і 35 Канстытуцыі РБ. У пацвярджэнне сказанага заяўнікі прыклалі да звароту копіі сваіх заяў на правядзенне масавых мерапрыемстваў і адмовы гарвыканкама і ГАУС, а таксама рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, які прызнаў незаконным рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама забараніць сход грамадзян горада 10 верасня 2006 года. Заяўнікі адзначаюць, што згодна з рашэннем гарвыканкама № 1497 ад 16.06.2009г. “Аб парадку правядзення ў г. Баранавічы масавых мерапрыемстваў” ад арганізатараў патрабуецца заключыць дамовы аб прыборцы тэрыторыі, медыцынскім абслугоўванні і ахове грамадскага парадку. Аднак выканаць рашэнне ў часцы заключэння дамовы з Баранавіцкім ГАУС практычна немагчыма. У аддзеле аховы грамадскага парадку ГАУС заяўляюць, што падпішуць дамову тады, калі гарвыканкам дасць дазвол на правядзенне мерапрыемства, а дазвол на правядзенне не даецца, матывуючы тым, што не заключана дамова з міліцыяй. Заяўнікі просяць унесці наступныя змены ў рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама: 1. пашырыць колькасць пастаянных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў да 3-4; 2. у сваіх рашэннях аб забароне пікетаў, сходаў ці мітынгаў і г.д. канкрэтна ўказваць, які пункт Закона (ці рашэння гарвыканкама) аб масавых мерапрыемствах, абзац і частку абзаца парушылі заяўнікі, каб выключыць усе спрэчныя пытанні; 3. запрашаць саміх заяўнікаў на пасяджэнні гарвыканкама, дзе плануецца разгляд іх заяў на правядзенне масавых мерапрыемстваў для высвятлення спрэчных пытанняў ці звычайных удакладненняў; 4. унесці дадатковы пункт: Адзіночныя пікеты праводзяцца па заяўнаму прынцыпу, і дазвол Баранавіцкага гарвыканкама на іх правядзенне не патрабуецца, калі заяўнік бярэ на сябе абавязак па прыборцы тэрыторыі, забеспячэнні аховы грамадскага парадку і медыцынскаму абслугоўванню. 5. выкрасліць з пункта 4 падпункт, які абавязвае арганізатараў масавых мерапрыемстваў заключаць абавязковае пагадненне з міліцыяй па ахове грамадскага парадку. Заяўнікі прапануюць не заключаць дамову з міліцыяй таму, што п. 5 пастановы Савета Міністраў РБ ад 05.03.2012 г. № 207 абавязвае мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства накіроўваць яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку.
Абмежаванне свабоды асацыяцый
8 студзеня галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама адмовіла ў рэгістрацыі асветніцкага грамадскага аб'яднання “Брэсцкія хрысціянскія дэмакраты”. Як вынікае з адказу, які быў дасланы старшыні аргакамітэта гэтага аб’яднання Дзмітрыю Шурхаю, назва арганізацыі, з пункту гледжання юрыстаў аблвыканкама, не адпавядае вызначэнню грамадскага аб'яднання. У адказе гаворыцца, што слова “хрысціянскія” можа ўваходзіць у назву рэлігійнай арганізацыі, якая ставіць на мэце асветніцкую дзейнасць у галіне вывучэння хрысціянскага веравучэння, а слова “дэмакраты” можа ўваходзіць у назву палітычнай партыі. Ва ўпраўленні юстыцыі таксама паведамілі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам грамадскім аб’яднаннем “з’яўляецца дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў, але не для рэалізацыі свабоды сумлення, палітычных праграм”. Ранейшая спроба зарэгістраваць арганізацыю брэсцкіх хрысціянскіх дэмакратаў таксама была беспаспяховай, у тым ліку з прычыны таго, што ініцыятары стварэння грамадскага аб’ядання не ўзгаднілі яго назву з “рэгіструючым органам”. Тады пярэчанні ў галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама выклікала нібыта неадпаведнасць назвы арганізацыі на рускай і беларускай мовах (“Брестские христианские демократы” і “Берасцейскія хрысціянскія дэмакраты”).
13 студзеня пiнскаму каардынатару аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Сяргею Сухаверхаму пракуратура вынесла афiцыйнае папярэджанне за дзейнасць ад iмя незарэгiстраванай арганiзацыi. Вынесла папярэджанне Супрун Людмiла Сцяпанаўна, намеснiк Пiнскага межраённага пракурора.
15 студзеня стала вядома, што з 451 арганізацый, якія мелі да нядаўняга часу істотныя льготы па арэндзе памяшканняў (90 % зніжка), ільготы захаваныя толькі ў 195. У шорт-ліст аб'яднанняў, якім далі льготу, увайшлі практычна ўсе федэрацыі спорту, уключаючы нават Федэрацыю гольфа. Са 195 арганізацый, якія засталіся ў спісе ільготнікаў, 52 - менавіта спартыўныя федэрацыі і аб'яднанні. Пры гэтым моладзевым аб'яднанням спартыўнай тэматыкі ільготы прадастаўлены, а моладзевым арганізацыям інтэлектуальнай і забаўляльнай скіраванасці (“Гомельскі клуб вясёлых і знаходлівых”, “Беларускі КВЗ») - не. Льготы атрымалі аб'яднанні інвалідаў, дабрачынныя, “чарнобыльскія” арганізацыі, тыя, якія аказваюць дапамогу дзецям, аб'яднанні шматдзетных бацькоў. У спіс грамадскіх аб'яднанняў, якім аказваецца падтрымка, не ўвайшлі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ), ГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, ГА “Беларускі фонд SOS - Дзіцячая вёска”, РГА “Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў”, БГА “Рэспубліка без наркотыкаў”, РГА "Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”, РГА “Ліга добраахвотнай працы моладзі”. Чаму гэта адбылося, у Дзяржаўным камітэце па маёмасці не адказалі, спаслаўшыся на “немагчымасць даць інфармацыю”. Са спісаў выключаны саюзы прадпрымальнікаў і экалагічныя аб'яднанні. Ільгот таксама пазбавіліся саюзы нацыянальных меншасцяў, у тым ліку ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, аднак у спіс ільготнікаў увайшлі яўрэйскія дабрачынныя аб'яднання і суполкі, а таксама Камуністычная партыя Беларусі. У Беларусі каля трох тысяч грамадскіх арганізацый. Пералік ільготнікаў складаецца па ўзгадненні з прэзідэнтам.
23 студзеня старшыня прафсаюзнай суполкі Свабоднага прафсаюза Беларускага на бабруйскім заводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) Міхаіл Кавалькоў заявіў, што на заводзе працягваецца дыскрымінацыя сябраў СПБ. У сувязі з гэтым ён накіраваў заяву, адрасаваную дырэктару БЗ ТДіА Аляксандру Аграновічу, копіі даслаў міністру прамысловасці, міністру працы і сацыяльнай абароны, старшыні бабруйскага гарвыканкама, генеральнаму дырэктару МТЗ, пракурору Першамайскага раёна, у якой высунуў шэраг патрабаванняў да адміністрацыі завода. Калі патрабаванні не будуць прыняты пад увагу, М. Кавалькоў з 27 студзеня абвяшчае галадоўку, каб прыцягнуць увагу да дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце. Патрабаванні ў заяве наступныя: прыпыніць пераслед сябраў СПБ; уступіць у перамовы са “свабодаўцамі” па выпрацоўцы і заключэнню калектыўнай дамовы; ліквідаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы і распаўсюдзіць яе дзеянне на ўсіх працоўных завода; забяспечыць старшыні суполкі СПБ свабодны доступ на тэрыторыю завода; прадаставіць для суполкі СПБ памяшканне для статутнай дзейнасці і забяспечыць роўныя ўмовы з прафсаюзам АСМ. Таксама ў заяве Міхаіл Кавалькоў пералічыў парушэнні, дапушчаныя адміністрацыяй завода ў адносінах да сябраў незалежнага прафсаюза. Яны пачаліся з 2005 года: гэта забарона “свабодаўцам” карыстацца фізкультурна-аздараўленчым комплексам, блакіроўка пропуска Міхаіла Кавалькова, звальненні сябраў СПБ, пазбаўленне фінансавых бонусаў і многае іншае. 27 студзеня стала вядома, што адкладзена яе ініцыятарам Міхаілам Кавальковым. Нагодай стала абяцанне з боку завадской адміністрацыі правесці канструктыўныя перамовы з старшынём суполкі Свабоднага прафсаюза Беларускага, у якіх будуць разгледжаны ўсе злабадзённыя пытанні “свабодаўцаў”. Заява з назвай “В режиме диалога” з’явілася і на афіцыйным сайце прадпрыемства. У ёй гаварыцца пра важнасць двух бакоў прыйсці да кампраміснага рашэння.