Гомельскіх журналістаў-фрылансераў выклікаюць у пракуратуру
Старшы памочнік Гомельскага абласнога пракурора Дзмітрый Дэбой позвай выклікаў 5 сакавіка “на гутарку пра выкананне заканадаўства” гомельскіх сяброў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Юлію Сівец і Мікалая Бянько.
“Спачатку памочнік пракурора запрашаў нас на гутарку па тэлефоне, але мы папрасілі даслаць позву. Выкананне якога заканадаўства ён мае на ўвазе, нам невядома”, – паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Мікалай Бянько.
Муж і жонка Мікалай Бянько і Юлія Сівец – журналісты-фрылансеры, яны пішуць для розных незалежных выданняў, у тым ліку і для “Радыё Рацыя”.
Беларускае заканадаўства не дае нават вызначэння такой катэгорыі творчых людзе, як фрылансеры. Прапановы ГА “БАЖ” на гэты конт не знаходзяць водгуку ў беларускіх заканадаўцаў з Палаты прадстаўнікоў. У заканадаўстве аб СМІ сёння адсутнічае само паняцце “журналіст” – ёсць толькі “журналіст СМІ”.
Інтарэсы журналістаў-фрылансераў Бянько і Сівец у пракуратуры будзе прадстаўляць па даверанасці сябра ГА “БАЖ” юрыст Леанід Судаленка.