viasna on patreon

Людміла Кучура звярнулася ў генпракуратуру і парламент з нагоды неэфектыўнасці расследавання скаргаў пра катаванні

2014 2014-03-05T13:46:15+0300 2014-03-05T13:46:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuchura_ludmila.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура

Людміла Кучура

Мінчанка Людміла Кучура прыклала шмат намаганняў, але пакуль не змагла дамагчыся пакарання для адміністрацыі і персаналу ПК-15 г. Магілёва, дзе раней утрымліваўся яе муж Пётр Кучура, у дачыненні да якога была прыменена хлорка як сродак катавання.

Таму жонка зняволенага вырашыла накіраваць звароты, падрыхтаваныя з дапамогай Праваабарончага цэнтра "Вясна", у Генеральную пракуратуру - начальніку аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў Паўлу Елісееву, а таксама ў заканадаўчы орган - у Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ў Камісію па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

«19 верасня 2013 года Кучура П.К., інвалід 3-й групы, быў змешчаны ў камеру штрафнога ізалятара, дзе санітарны вузел быў засыпаны вялікай колькасцю хлоркі. У выніку кантакту з вадой адбылася рэакцыя, якая прывяла да атручвання выпарэннямі хлору. У іншую камеру мужа перавялі толькі тады, калі ў яго значна пагоршылася самаадчуванне; медычнай дапамогі яму не аказалі. Праверкай пракуратуры Магілёўскай вобласці ўстаноўлена, што ў мэтах дэзінфекцыі раствор хлоркавай вапны ў ПК доўгі час не ўжываецца (у адпаведнасці з тлумачэннямі супрацоўнікаў медыцынскай часткі). Гэта азначае, што хлоркавая вапна ў дадзеным выпадку магла быць прыменена да асуджанага як сродак катаванняў», паведамляе Людміла Кучура ў сваіх зваротах.

Яе скаргі з апісанай нагоды мелі патрэбу ў праверцы і прыняцці працэсуальнага рашэння. Варта было ўстанавіць сам факт жорсткага, бесчалавечнага абыходжання і даць яму належную ацэнку. Але неаднаразовыя скаргі ў органы Следчага камітэта і пракуратуры вынікаў не далі. Разгляд скаргі Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС, куды яна была перанакіраваная органамі следства, ніяк не можа лічыцца бесстароннім.

Тым часам супрацьпраўныя дзеянні персаналу ПК-15 займелі пагрозлівыя наступствы для здароўя зняволенага, пра што яго жонка паведамляе ў сваіх зваротах: «10 студзеня 2014 г. Пятру Кучуру правялі планавую флюараграфію грудной клеткі. 15 студзеня 2014 года яго зноў выклікаў урач- рэнтгенолаг для паўторнага здымка, зрабіў яго і правёў яшчэ дадатковыя даследаванні. Пасля прагляду ўрач сказаў, што захворвання на сухоты няма, але ёсць "нешта незразумелае". Мой муж паведаміў пра гэта на прыёме ва ўрача-тэрапеўта, які на словах не адмаўляў, што магчыма на лёгкіх засталіся сляды хімічнага ўздзеяння. Афіцыйных пісьмовых заключэнняў пра стан здароўя ні Пятру Кучуру, ні мне на пісьмовы запыту Дэпартамент выканання пакаранняў не выдалі».

У сваіх зваротах у генпракуратуру і парламент Людміла Кучура падкрэслівае, што заканадаўства Беларусі не мае нормаў пра адказнасць службовых асобаў за катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, аднак магчымая кваліфікацыя іх дзеянняў па артыкулах Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы супраць чалавека і супраць інтарэсаў службы. Таксама, зыходзячы з асабістага вопыту, сцвярджае, што заканадаўствам Беларусі не прадугледжана эфектыўнага механізму расследавання скаргаў пра катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне.

Тым часам варта нагадаць, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, прынятую рэзалюцыяй 39/46 Генеральнай Асамблеі ААН ад 10 снежня 1984 года. І гэтая Канвенцыя кажа:

«Кожная дзяржава прадпрымае эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй, абавязваецца прадухіляць іншыя акты жорсткага, бесчалавечнага або зневажаючага годнасць абыходжання і пакарання, якія не падпадаюць пад вызначэнне катаванні.

Кожная дзяржава забяспечвае любой асобе, якая сцвярджае, што яна была падвергнута катаванням, права на прад'яўленне скаргі кампетэнтным уладам гэтай дзяржавы і на хуткі і бесстаронні разгляд імі такой скаргі».

Таму Людміла Кучура ў сваіх зваротах просіць Генпракуратуру і камісіі ПП НС правесці праверку па яе заяве з пункту гледжання захавання Рэспублікай Беларусь прынятых на сябе абавязацельстваў па заключаных і ратыфікаваных ёй міжнародных дамовах. Таксама яна просіць заканадаўцаў паведаміць пра меры, якія прымаюцца ПП НС Рэспублікі Беларусь у мэтах уключэння ў крымінальны закон нормаў, якія крыміналізуюць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае зварот .

Эксперт па праблемах пенітэнцыярнай сістэмы і спецыяліст у галіне правоў чалавека Павел Сапелка адзначае, што ў дзяржавах, якія імкнуцца да паўсюднага ўкаранення дэмакратычных стандартаў, праблема барацьбы з катаваннямі, жорсткім, бесчалавечным, прыніжаючым абыходжаннем з'яўляецца прыярытэтнай. Пра тое, якім чынам у нацыянальнае заканадаўства можна ўвесці эфектыўны механізм расследавання і крыміналізацыі фактаў катаванняў, ён распавядае, звяртаючыся да прыкладу Малдовы.

«У Малдове за апошнія гады былі праведзены пэўныя рэформы, у выніку якіх створаны механізмы і заканадаўства, якія дазваляюць эфектыўна папярэджваць, расследаваць выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання, прыцягваць да адказнасці вінаватых. У 2010 годзе ў Генеральнай пракуратуры Малдовы створаны аддзел па барацьбе з катаваннямі, у складзе якога працуюць 70 спецыяльных пракурораў. Цэнтр па правах чалавека (ЦПЧ, або Амбудсмен), нацыянальны незалежны інстытут, створаны для абароны і прасоўвання правоў чалавека, упаўнаважаны разглядаць індывідуальныя скаргі, праводзіць прэвентыўныя наведванні, прапаноўваць папраўкі ў заканадаўства, інфармаваць грамадскасць пра свае заключэнні і накіроўваць дзяржаўным уладам свае рэкамендацыі. У канцы 2012 года ў крымінальны кодэкс Малдовы быў занесены артыкул 166-1 - «Катаванні, бесчалавечнае ці прыніжаючае годнасць абыходжанне», які вызначае і крыміналізуе названыя дзеі, у прыватнасці, наўмыснае прычыненне болю альбо фізічных ці псіхічных пакутаў, якое з’яўляецца бесчалавечным ці прыніжаючым годнасць абыходжаннем, публічнай асобай або асобай, якая фактычна выконвае функцыі публічнайустановы, або любой іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, або з ведама ці маўклівай згоды названых асобаў можа карацца не менш чым пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 8 гадоў. За ўжыванне катаванняў устаноўлена пакаранне ад 6 да 15 гадоў. Асуджаным за гэтыя злачынствы прызначэнне пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, не дапускаецца».

Хоць у Беларусі дагэтуль паняцце катаванняў не ўнесена ў Крымінальны кодэкс, пэўныя дзеянні ў гэтым кірунку ўжо ёсць - у Нацыянальным сходзе разглядаецца адпаведны законапраект. Аднак, як адзначае юрыст, пра ўвядзенне адказнасці непасрэдна за катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне заканадавец пакуль абвясціць не спяшаецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства