Брэсцкія ўлады забаранілі запланаванае на 10 сакавіка шэсце ў знак салідарнасці з украінскім народам
Мерапрыемства, для ўдзелу ў якім было заяўлена не больш за 15 чалавек, меркавалася правесці з 12.00 да 13.00 па праспекце Машэрава і вуліцы Леніна да цэнтральнай плошчы горада.
Як паведаміў заяўнік акцыі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, з адказу гарвыканкама вынікае, што маршрут шэсця праходзіць бліжэй чым за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў, а гэта забаронена законам “Аб масавых мерапрыемствах”. Актывіст АГП нагадаў, што з аналагічнай матывіроўкай мясцовыя чыноўнікі не дазволілі правесці шэсце ў падтрымку Еўрамайдана 21 снежня мінулага года.
Уладзімір Вуек расцэньвае гэтыя забароны як парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян на мірныя сходы, пікеты, вулічныя шэсці і свабоднае выказванне меркавання. “Мы маем намер абскардзіць рашэнне гарвыканкама па нашай заяўцы на акцыю 10 сакавіка і будзем спасылацца на тое, што ў 2013 годзе брэсцкія ўлады дазволілі прадстаўнікам дэмакратычных сіл правесці па такім самым маршруце першамайскую дэманстрацыю, у якой тады прынялі ўдзел больш за сто чалавек”, - адзначыў кіраўнік абласной арганізацыі АГП.