Заўтра павінен выйсці на волю палітвязень Уладзімір Яроменак
11 сакавіка з арыштнага дома ў Баранавічах павінен вызваліцца актывіст міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) былы палітзняволены Уладзімір Яроменак, пра гэта паведаміла яго жонка Валянціна.
Дакладны час вызвалення невядомы, вядома толькі, што Уладзіміра павінны адпусціць у першай палове дня. Сустракаць яго плануюць жонка і таварышы па «Маладым фронце».
У жніўні мінулага года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Яроменка вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду і прыгаварыў яго да трох месяцаў арышту. Асуджаны і яго адвакат абскардзілі прыгавор у вышэйстаячай інстанцыі, аднак Мінгарсуд, разгледзеўшы скаргу ў лістападзе, пакінуў прыгавор у сіле. 11 снежня Яроменак быў узяты пад варту.
Уладзімір Яроменак праходзіў у якасці абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.
Яго прыгаварылі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011-га вызвалілі на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над Яроменкам устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго ён трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га — на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.
Праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што прэвентыўны нагляд прымяняецца беларускімі ўладамі ў дачыненні да былых палітзняволеных, каб кантраляваць іх дзеянні і прымусіць адмовіцца ад актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Наступным павінен выйсці на волю Мікалай Аўтуховіч — 8 красавіка.
Адрасы палітвязняў
Алесь Бяляцкі
213807, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Папраўчая калонія №2, атрад №14.
Эдуард Лобаў
225295 Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а / с 20 папраўчая калонія № 22
Мікола Статкевіч
212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а турма № 4
Мікалай Аўтуховіч
230023, г.Гродна, вул.Кірава, 1, турма №1
Мікалай Дзядок
212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а турма № 4
Ігар Аліневіч
211440 Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8 папраўчая калонія № 10
Яўген Васьковіч
212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а турма № 4
Арцём Пракапенка
212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ПК № 15
Васіль Парфянкоў
213410, Магілёўская вобл., г.Горкі, вул. Дабралюбава, 16, ПК-9.