viasna on patreon

Еўрапарламент лічыць палітвязнямі ў Беларусі 11 чалавек

2014 2014-03-10T15:08:43+0300 2014-03-10T15:08:43+0300 be

Еўрапарламент лічыць палітвязнямі 11 беларускіх грамадзян. Гэта вынікае з адказу кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Філіпа Качмарака на запыт БелаПАН з просьбай пракаментаваць сітуацыю з палітвязнямі.

«Афіцыйная колькасць палітвязняў — 11», — гаворыцца ў адказе. Качмарак таксама падкрэслівае неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных. «Без гэтага кроку адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю не палепшацца», — гаворыцца ў лісце. 

Дыскусія пра колькасць палітвязняў у Беларусі абвастрылася пасля таго, як 17 лютага «Еўрарадыё» паведаміла пра нефармальную сустрэчу беларускіх праваабаронцаў з паслом адной з краін ЕС. Як паведаміў пасля гутаркі праваабаронца Валянцін Стэфановіч, дыпламат заявіў, што Еўрасаюз прызнае палітычнымі толькі шасцярых беларускіх зняволеных. 

У той жа час беларускія праваабаронцы лічаць палітвязнямі 11 чалавек — Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Эдуарда Лобава, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Андрэя Гайдукова, Васіля Парфянкова, Уладзіміра Яроменка, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку. Што да апошніх двух — актывістаў анархісцкага руху Васьковіча і Пракапенкі — то праваабаронцы адзначаюць: у іх дзеяннях углядаюцца прыкметы правапарушэння, але суд несправядліва кваліфікаваў іх дзеянні і вынес празмернае пакаранне. 

У прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Мінску на просьбу назваць, каго менавіта яны лічаць палітзняволенымі ў Беларусі, адказалі: «Спісы палітзняволеных па розных прычынах могуць адрознівацца.

Па-першае, рознымі могуць быць спісы ў міжнародных праваабарончых арганізацыяй і тых, што працуюць у Беларусі. Па-другое, колькасць палітзняволеных можа быць рознай у розныя перыяды. Для ЕС застаецца важным, каб у любым выпадку ўсе палітзняволеныя былі вызваленыя, не з'яўляліся новыя, а сітуацыя з правамі чалавека паляпшалася». У прадстаўніцтве таксама адзначылі, што «ЕС прыслухоўваецца да розных пунктаў гледжання, меркаванняў экспертаў, праводзіць маніторынгі, робіць свае ўласныя высновы з сітуацыі і прымае рашэнні самастойна». 

Не называюць канкрэтных прозвішчаў палітзняволеных і ў пасольстве ЗША ў Беларусі.

У нядаўна апублікаваным дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце палітзняволенага ў Беларусі названы Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч (ужо вызвалены), Мікалай Аўтуховіч, Аляксандр Францкевіч (ужо вызвалены), Васіль Парфянкоў, Павел Севярынец (ужо вызвалены), Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Яроменак (павінен выйсці на волю 11 сакавіка).



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства