viasna on patreon

Дзень Волі: маршрут шэсьця зьменены

2014 2014-03-11T14:13:15+0300 2014-03-11T14:13:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzen-voliii.jpg

Увечары 10 сакавіка прадстаўнікам аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі было ўручанае рашэньне Менгарвыканкама пра забарону шэсьця і мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

 

У якасьці падставы для адмовы Менгарвыканкам спасылаецца на сваю пастанову ад 2 чэрвеня 2011 году аб вызначэньні ў Менску месцаў, дазволеных для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Гэтая пастанова забараняе правядзеньне масавых мерапрыемстваў на праспэкце Незалежнасьці і плошчы Незалежнасьці.

У якасьці другой падставы для забароны мерапрыемства Менгарвыканкам адзначае парушэньне заяўнікамі артыкула 8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”, які забараняе заяўнікам масавых мерапрыемстваў да атрыманьня дазволу распаўсюджваць інфармацыю пра дату, час і месца правядзеньня масавага мерапрыемства ў сродках масавай інфармацыі і ў Інтэрнэце. Менгарвыканкам лічыць, што гэтае патрабаваньне закону было парушанае сябрамі аргкамітэту Дня Волі праз інтэрвію сродкам масавай інфармацыі і тэматычныя паведамленьні на сайтах.

Адразу ж пасьля атрыманьня адмовы ў выніку апэратыўнай нарады сяброў аргкамітэту было вырашана падаць паўторную заяўку на правдязеньне акцыі. Яе падпісалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец, сябра прэзыдыюма БСДП (Грамада) Анатоль Сідарэвіч, старшыня аргкамітэту Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч.

У паўторнай заяўцы арганізатары просяць дазволу на правядзеньне дэманстрацыі і мітынгу 25 сакавіка са зборам удзельнікаў у 18:00 на пляцоўцы каля кінатэатру “Кастрычнік, а затым шэсьце да парку Дружбы Народаў, дзе адбудзецца мітынг. Пад час мітынгу будуць зьбірацца ахвяраваньні на падтрымку палітзьняволеных Беларусі.

Асноўнымі тэмамі дэманстрацыі на Дзень Волі сёлета стануць абарона незалежнасьці Беларусі, салідарнасьць з Украінай, вызваленьне палітвязьняў.

Наступнае паседжаньне аргкамітэту Дня Волі-2014 адбудзецца ў пятніцу 14 сакавіка а 17-й гадзіне. На ім будуць вырашаныя бягучыя пытаньні па падрыхтоўцы да акцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства