Дзяржава плануе ўзмацніць кантроль за адвакацкай дзейнасцю
15 Сакавіка 2014 года ў Мінску адбудзецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя членаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. У яе парадак дня ўключаны пытанні аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Статут калегіі (па пытаннях дысцыплінарнай камісіі) і Палажэнне аб дысцыплінарнай камісіі. Ёсць падставы меркаваць, што прыняцце гэтых змяненняў і дапаўненняў зробіць адвакатаў яшчэ больш залежнымі ад дзяржавы. Адвакацкай супольнасці прапаноўваюць ўласнымі рукамі сціснуць межы сваёй прафесійнай волі.
Пра "аптымізацыю" адвакацкай дзейнасці ў апошнія месяцы кажуць актыўна і паўсюдна. У снежні 2013 года ў Мінску адбылася рэспубліканская нарада «Адвакацкая дзейнасць і аказанне юрыдычных паслуг на сучасным этапе», якая праводзілася Міністэрствам юстыцыі сумесна з Рэспубліканскай калегіяй адвакатаў і з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, Генеральнай пракуратуры і іншых дзяржаўных органаў. На нараду былі запрошаны члены савета Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, старшыні тэрытарыяльных калегій адвакатаў і іх намеснікі, члены савета кожнай тэрытарыяльнай калегіі, старшыні дысцыплінарных і рэвізійных камісій, старшыні метадычнай рады тэрытарыяльных калегій.
Адкрываючы нараду, Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Сліжэўскі выказаў заклапочанасць з нагоды выпадкаў парушэння заканадаўства пры ажыццяўленні адвакацкай дзейнасці і прапанаваў прысутным абмеркаваць шляхі вырашэння названай праблемы.
Намеснік Міністра юстыцыі А. Бадак праінфармавала прысутных аб падрыхтоўцы Мінюстам нейкага новага палажэння, якое будзе вызначаць парадак разгляду скаргаў на дзеянні адвакатаў дысцыплінарнымі камісіямі і парадак абскарджвання рашэнняў дысцыплінарных камісій.
У пяці абласных калегіях адвакатаў (Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Мінскай і Гродзенскай) да цяперашняга часу ўжо прайшлі справаздачна-выбарчыя сходы і канферэнцыі - хутчэй за ўсё ў іх Статуты ўжо ўнесены змены і дапаўненні, а Палажэнне аб дысцыплінарнай камісіі паспелі зацвердзіць у новай рэдакцыі. Мяркуючы па ўсім, распрацаваныя Міністэрствам юстыцыі змены і дапаўненні па пытаннях дысцыплінарнай адказнасці прынятыя рэгіянальнымі адвакатамі да дзеяння ў безумоўным парадку.
Мінскія адвакаты на сваёй справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая адбудзецца 15 сакавіка, яшчэ маюць магчымасць супрацьстаяць новаўвядзенням. Бо многія адвакаты-ўдзельнікі канферэнцыі нават не ведаюць сутнасці прапанаваных зменаў і дапаўненняў.
Да гэтага часу пытанні дысцыплінарнай адказнасці адвакатаў рэгуляваліся Законам Рэспублікі Беларусь "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці", які дае Мінюсту найшырэйшыя паўнамоцтвы ў гэтай сферы. Зменаў і дапаўненняў па гэтых пытаннях у Закон не ўносілася. Верагодна, распрацоўка новых палажэнняў у пытаннях дысцыплінарнай адказнасці адвакатаў сведчыць пра ўзмацненне кантролю з боку дзяржавы за дзейнасцю адвакатуры напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Складваецца ўражанне, што дзяржава шукае лёгкі механізм прыцягнення да адказнасці «непажаданых» адвакатаў. Яшчэ свежыя ў памяці беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў беларускай адвакатуры, звязаныя з падзеямі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня 2010 года, калі былі пазбаўленыя ліцэнзій адвакаты, якія баранілі ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту. Мы памятаем, што ў гэты перыяд Міністэрствам юстыцыі былі таксама праведзены маштабныя праверкі дзейнасці адвакатаў, пазачарговая атэстацыя, вынесеныя дзясяткі прадпісанняў, распачаты дысцыплінарныя вытворчасці. А пасля названых падзей быў прыняты новы Закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці», які практычна пазбавіў беларускую адвакатуру незалежнасці ад дзяржавы.
Сёння ў выглядзе зменаў і дапаўненняў у Палажэнне аб дысцыплінарнай камісіі адвакацкай супольнасці прапаноўваюць ката ў мяшку. З грамадскасцю не абмяркоўвалі гэтыя новаўвядзенні, хоць ёсць вялікія асцярогі, што ў новым Палажэнні будуць закладзены яшчэ больш жорсткія механізмы (у прыватнасці, механізмы прыцягнення адвакатаў да адказнасці), чым ва ўзмацненні жорсткасці пасля падзей снежня 2010 Закона "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці". З прыняццем новага Палажэння дысцыплінарныя камісіі могуць страціць сваё канчатковае права вырашаць, ці вінаваты адвакат у тым ці іншым парушэнні. Калі гэта права будзе дэлегавана чыноўнікам ад Мінюста або адвакатуры - дысцыплінарная камісія Калегіі адвакатаў стане абсалютна бяссільнаым, дэкаратыўным органам, а адвакаты - яшчэ больш неабароненымі. Гэта зробіць яшчэ больш праблемнай рэалізацыю грамадзянамі права на абарону незалежным адвакатам.