У Калінкавічах супраць актывіста АГП Дзяніса Рабянка распачаты чарговы судовы працэс
12 сакавіка актывіст АГП з Калікавічаў Дзяніс Рабянок даведаўся, што ў адносінах да яго распачаты чарговы судовы працэс. Падставай стаў грамадзянскі зыск яго суседа, які патрабуе ад актывіста сплаціць 10 мільёнаў рублёў кампенсацыі за маральную шкоду і паслугі адваката. Згодна з дасланым на яго дамашні адрас паведамленнем, судовае паседжанне мае адбыцца 21 сакавіка.
Нагадаем, што яшчэ амаль год таму, ў красавіку 2013 года гэты самы сусед здзейсніў на Дзяніса Рабянка фізічны напад з выкарыстаннем газавага балончыка. У выніку чаго актывіст атрымаў апёк вачэй і вымушаны быў прайсці курс лекавання ў афтальмолага. На працягу амаль 8 месяцаў актывіст дамагаўся таго, каб нападнік быў пакараны за свае дзеянні. Для гэтага Дзянісу Рабянку прыйшлося звяртацца са шматлікімі заявамі і скаргамі ў міліцыю, пракуратуру і суд. Але ў выніку раённы суд прызнаў вінаватым самога Дзяніса Рабянка, вызваліўшы нападніка ад адказнасці.
На думку самога актывіста, шматмесячны марафон «хаджэння па пакутах» вельмі яскрава пацвярджае тое, у чым ён быў упэўнены з самага пачатку – і напад на яго, і ўся далейшыя дзеянні сілавых структур самым непасрэдным чынам звязаны з яго актыўнай грамадзянска-палітычнай дзейнасцю.
Новую справу супраць яго актывіст лічыць працягам ранейшых дзеянняў. «Тым больш, што я ўсімі спосабамі і пры любой магчымасці стараюся дапамагаць усім жыхарам Калінкавіцкага раёна, якія да мяне звяртаюцца з просьбай дапамагчы і абараніцца ад незаконнага міліцэйска-судовага ўціску. А такіх людзей у глыбінцы надзвычай многа», - дадае актывіст.
Сутыкнуўшы за мінулы год з відавочным і нахабным беззаконнем, якое здзяйсняюць прадстаўнікі карных структур, актывіст нават не спадзяецца на справядлівы судовы вырак.