У Магілёве высяляюць з інтэрната жанчыну з двума непаўнагадовымі дзецьмі
Такое рашэнне 12 сакавіка прыняў суд Ленінскага раёна горада.
Ірына Ільінская пражыла 14 гадоў у інтэрнаце будаўнічага трэста №12. У яе двухгадовая дачка і сямігадовы сын. Іх жанчына выхоўвае адна. На дадзены момант яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Першапачаткова Ірына мела хадайніцтва на бестэрміновае пражыванне ў інтэрнаце ад іншай арганізацыі, аднак адміністрацыя трэста настаяла на тым, каб яна перазаключыла дамову пражывання тэрмінам на 1 год. Жанчыну пераканалі ў тым, што ніякіх наступстваў ад гэтага не будзе.
У незалежным прафсаюзе Радыёэлектроннай прамысловасці кажуць, што высяленне маці-адзіночкі з інтэрната стала магчымае пасля прыняцця новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса, які здымае льготы на пражыванне нават гэтай катэгорыі грамадзян. З дапамогай незалежнага прафсаюза жанчына будзе абскарджваць рашэнне раённага суда ў Магілёўскім абласным судзе.