Паўла Вінаградава арыштавалі на 25 сутак, Арцыбашава на 15 сутак
Суддзя суду Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль пакарала моладзевага актывіста да 25 сутак арышту. Разгляд справы адбыўся 14 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, перадае БелаПАН.
Як паведаміла БелаПАН Святлана Вінаградава, яе муж абвінавачваўся па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (супраціў супрацоўніку міліцыі) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, Аляксандр Арцыбашаў, затрыманы разам з Паўлам Вінаградавым, атрымаў 15 сутак - па арт. 23.4 КаАП.
Актывісты былі затрыманыя днём 13 сакавіка. Арцыбашаў прыехаў на машыне да будынка міліцэйскай інспекцыі , куды былы палітвязень Вінаградаў прыходзіў адзначацца. «На выхадзе з інспекцыі Павел быў затрыманы. Аляксандра крыху пазней затрымаў супрацоўнік ДАІ», - сказала Вінаградава. Паводле яе слоў, супрацоўнікі міліцыі намякнулі, што арышт звязаны з маючымі адбыцца выбарамі ў мясцовыя саветы.
Ноч на 14 сакавіка актывісты «Zмены» правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна.