У Мінску затрымлівалі незалежных тэлежурналістаў
Журналісты асвятлялі перадвыбарны пікет Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі ў раёне Камароўскага рынку. Затрыманне адбылося каля 11-й гадзіны – міліцыя забрала журналістаў разам з удзельнікамі акцыі ў Савецкі РУУС.
У міліцыі ў журналістаў перапісалі дадзеныя і ніякіх іншых працэдур не праводзілі. Увесь час у пастарунку відэакамера Алеся Сіліча была ў міліцыянтаў. Пасля вызвалення тэхніку яму вярнулі, але ўсе зробленыя на акцыі запісы былі выдаленыя, а картка памяці -- адфарматаваная.
Як распавёў прэс-службе ГА "БАЖ" сябра арганізацыі Генадзь Верацінскі, які таксама прыехаў да Савецкага РУУС даведацца пра лёс затрыманых, ён фатаграфаваў згаданы пікет, а міліцыянты спачатку захіналі яму камеру, а затым, адабраўшы фотаапарат, сцерлі ўсе здымкі.
Наталлю Валакіда вызвалілі каля 14-й гадзіны, Алеся Сіліча – у 14.30.