viasna on patreon

Беларускія праваабаронцы пад ціскам: Заява Amnesty International

2003 2003-09-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія праваабаронцы пад ціскам

Amnesty International вельмі занепакоеная нядаўнімі выпадкамі ліквідацыі й пагрозамі ліквілацыі ў адносінах да некаторых недзяржаўных арганізацый (НДА), якія так ці інакш абаранялі правы чалавека ў Беларусі. Ліквідацыя гэтых НДА й пагрозы ліквідацыі зьяўляюцца прамым парушэньнем міжнародных абавязацельстваў Беларусі й адным са знакаў усё большай неталерантнасьці ўладаў да мірных праяваў іншадумства ў краіне. У сувязі з цэлай серыяй афіцыйных папярэжаньняў, вынесеных у 2003 годзе Міністэрствам Юстыцыі, Amnesty International лічыць, што гэтая практыка пераходзіць у мэтанакіраваную сістэму абструкцыі, перасьледу й запужваньня праваабаронцаў ды іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гэткія думкі былі выказаныя Арганізацыяй па Бясьпецы й Супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), а таксама былі доўгатэрміновым прадметам занепакоенасьці для розных праваабарончых механізмаў (гл. ніжэй).

Ліквідацыя адной з найвыдатнейшых беларускіх праваабарончых арганізацый, “Прававой дапамогі насельніцтву”, 8 верасьня 2003 году толькі падкрэсьлівае занепакоенасьць Amnesty International. Менскі гарадскі суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі гэтай арганізацыі пасьля таго, як яна атрымала два папярэджаньні ад Міністэрства Юстыцыі на працягу году. Міністэрства Юстыцыі вынесла папярэджаньні за прававую дапамогу прадстанікам шырокіх колаў грамадскасьці, якія не зьяўляліся сябрамі арганізацыі, і выкарыстаньне арганізацыйнай сімволікі, адрознай ад зарэгістраванай. Ліквідацыя такой важнай праваабарончай арганізацыі, сябры якой займаліся вырышэньнем цэлага шэрагу нацыянальных праваабарончых праблем, такіх як, напрыклад, высьвятленьне лёсу зьніклых апазіцыйных лідэраў, павіна ўспрымацца са шкадаваньнем і асьцярогай.

Amnesty International асабліва занепакоеная тым, што папярэджаньні былі вынесеныя “Прававой дапамозе насельніцтву” па сумніўных, калі не надуманых, прычынах. Арганізацыі вядома аб некалькіх іншых праваабарончых НДА, што займацца прапагандай і абаронай правоў чалавека ў Беларусі й атрымалі такія ж папярэджаньні. Старшыня АБСЕ ў Менску, амбасадар Эбэрхард Хайкен, у прэс-рэлізе АБСЕ ад 11 верасьня 2003 году даў наступны каментар схільнасьці Міністэрства Юстыцыі выносіць папярэджаньні: “Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый за нібыта дапушчаныя правапурушэньні парушэньні – пастаянны прадмет заклапочанасьці для міжнародных назіральнікаў... Старшыня місіі мяркуе, што незалежныя НДА й надалей будуць жорстка кантралявацца ўладамі, іх дзейнасьць будзе спыняцца ў судовым парадку.” Старшыня місіі АБСЕ дадаў, што некаторыя НДА атрымалі папярэджаньні за парушэньні, “якія ня могуць разглядацца інакш, як нязначныя”, і заявіў, што “на жаль, гэтыя падзеі, падаюцца не асобнымі выпадкамі, але, больш пэўна, часткаю шырокай кампаніі, распачатай уладамі.”

Памкненьні Міністэрства Юстыцыі зьліквідаваць яшчэ адну выдатную праваабарончую арганізацыю, “Вясну-96” – яшчэ адзін выпадак з гэтага шэрагу. 13 верасьня 2003 году сябры “Вясны-96” даведаліся, што Міністэрства Юстыцыі распачала юрыдычную працэдуру ліквідацыі за нібыта шэраг парушэньняў, сярод якіх (як і ў выпадку з “Прававой дапамогай насельніцтву”) – аказаньне юрыдычнай дапамогі асобам, якія не зьяўляюцца сябрамі арганізацыі, а таксама выкарыстаньне несапраўдных дакументаў пры рэгістрацыі ў 1999 годзе. Першае пасяджэньне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь па гэтай справе адбудзецца 23 верасьня 2003 году.

Толькі ў жніўні 2003 году два недзяржаўныя рэсурсныя цэнтры былі зачыненыя беларускімі ўладамі. 14 жніўня беларускі Канстытуцыйны суд падтрымаў пастанову Гомельскага абласнога суда аб ліквідацыі недзяржаўнага рэсурснага цэнтра “Грамадскія ініцыятывы”. Каля 100 асяродкаў грамадзянскай супольнасьці карысталіся паслугамі дадзенага рэсурснага цэнтра, якія працаваў у горадзе Гомелі, непадалёк ад паўднёва-усходняй мяжы з Украінай. Гомельскі абласны суд вынес рашэньне аб ліквідацыі “Грамадскіх ініцыятываў” за нібыта дапушчаныя парушэньні статуту арганізацыі й іншых заканадаўчых актаў, датычных да дзейнасьці рэсурснага цэнтра. Ліквідацыя рэсурснага цэнтра “Ратуша” 21 жніўня 2003 – яшчэ адзін прыклад перасьледу й запужваньня грамадзянскай супольнасьці беларускімі ўладамі. “Ратуша”, якая прадастаўляла дапамогу шырокаму колу НДА ў заходняй Беларусі, была зачыненая пасьля двух афіцыйных папярэжаньняў за нібыта валоданьне тыпаграфскай тэхнікай і яе выкарыстаньне без адпаведнага дазволу.

Уплывовая праваабарончая арганізацыя Беларускі Хельсінскі Камітэт таксама падверглася мэтанакіраванаму перасьледу з боку беларускіх уладаў. 19 жніўня 2003 году яна атрымала папярэджаньне ад Міністэрства Юстыцыі за невыкарыстаньне двукосься ў імені арганізацыі на арганізацыйнай сімволіцы. На думку Amnesty International, Беларускі Хельсінскі Камітэт таксама можа быць зьліквідаваны ў выпадку другога папярэджаньня ад Міністэрства Юстыцыі.

У 2003 годзе Міністэрства Юстыцыі ўжо пасьпела вынесьці папярэджаньні многім іншым НДА, у шэрагу выпадкаў гэта пацягнула за сабою ліквідацыю апошніх. У чэрвені, ліпені й верасьні 2003 году адпаведна ўладамі былі ліквідаваныя маладзёвыя аб’яднаньні “Маладзёвы Хрысьціянска-сацыяльны Саюз”, Цэнтр грамадскіх ініцыятываў “Контур” і жаночае аб’яднаньне “Жаночы адказ”.

Amnesty International таксама занепакоеная тым, што афіцыйная сістэма папярэджаньняў закранула ня толькі НДА. На працягук гэтага году падобная сістэма афіцыйных папярэджаньняў ўжывалася ў адносінах да незалежнай беларускай прэсы з боку Міністэрства Інфармацыі. У траўні й чэрвені 2003 году, пасьля такіх пяпярэджаньняў, было прыпыненае выданьне пяці незалежных газет: “Навінкі”, “Белорусская Деловая Газета” й яе штомесячны дадатак “Для Служебного Пользования”, “Эхо” й “Предпринимательская Газета”. Прыпыненьне ўзгаданых газет спрычыніла хвалю пратэсту з боку шэрагу арганізацый, якія прапагандуюць і абараняюць свабоду слова.

Amnesty International занепакоеная парушэньнямі міжнароднымі прававых і заканадаўчых стандартаў, якія выявіліся ў закрыцьці вышэйузгаданых НДА. Права на свабоду аб’яданьня й мірных сходаў ўтрымліваюцца ў Міжнародным Пакце грамадзянскіх і палітычных правоў, падпісантам якога зьяўляецца й Беларусь. Таксама важна зазначыць, што гэтыя ж правы ўтрымліваюцца й у Дэкларацыі ААН “Аб праве й абавязку асобаў, грамадскіх груп ды інстытутаў прапагандаваць і абараняць сусьветна прызнаныя правы чалавека й асноўныя свабоды”, вядомай як “Дэкларацыя аб Праваабаронцах”.

Гэтая Дэкларацыя, прынятая агульным сходам ААН у снежні 1998, утрымлівае прынцыпы вызначэньня таго, ці забясьпечвае дзяржава права праваабаронцаў ажыцьцяўляць сваю законную дзейнасьць ў галіне прапаганды й абароны правоў чалавека бяз страху рэпрэсаліяў або перашкод. У Арыткуле 1 “Дэкларацыі аб Праваабаронцах” гаворыцца: ”Кожны мае права, як аднаасобна, так і ў аб’яднаньні зь іншымі, абараняць і ймкнуцца да абароны й рэалізацыі правоў чалавека й асноўных свабод на нацыянальным і міжнародным узроўні.” Артыкул 1 – сусьветнае сьцьвярджэньне неад’емнага права асобаў і групаў прапагандаваць і абараняць правы чалавека й асноўныя свабоды.

Права праваабаронцаў на сумесную дзейнасьць дзеля прапаганды й абароны правоў чалавека ўтрымліваецца ў Артыкуле 5 Дэкларацыі: “Для прапаганды й абароны правоў чалавека й асноўных свабод кожны мае права аднаасобна, або ў аб’яднаньні зь іншымі: а) удзельнічаць у мірных сходах й сустрэчах; б) ўтвараць, далучацца й удзельнічаць у недзяржаўных арганізацыях, аб’яднаньнях і групах; в) падтрымліваць зносіны з недзяржаўнымі або наддзяржаўнымі арганізацыямі”.

Тым ня меней, Amnesty International упэўненая, што сістэма афіцыйных папярэджваньняў, якім падвяргаюцца беларускія НДА, мэтанакіравана спалучаецца з бюракратычнай сістэмай рэгістрацыі й скаладаным наборам прадпісаньняў адносна іх дзейнасьці з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасьці такіх арганізацый ды канчатковага падавіць праваабарончы рух у краіне.

Прадстаўнік па праваабаронцах Хіна Джылані выказала занепакоенасьць выкарыстаньнем такіх метадаў у шэрагу краінаў, у тым ліку ў Беларусі. Як яна адзначыла ў сваім дакладзе для Камітэта ААН па правах чалавека, апублікаваным у студзені 2003 году, “у некаторых краінах існуюць выразныя тэндэнцыі, што пацьвярджаюць наяўнасьць стратэгіі па абмежаваньні поля дзейнасьці праваабаронцаў. Па самых дробных нагодах зачыняюцца арганізацыі, яны адразаюцца ад крыніц фінансаваньня або яно неадпаведна зьмяншаецца, рэгістрацыя арганізацый з праваабарончым мандатам намерана запавольваецца бюракратыяй”. Хіна Джылані перадала беларускаму ўраду некаторыя з прычын сваёй занепакоенасьці, уключаючы занепакоенасьць сістэмай афіцыйных папярэджаньняў, якая выкарыстоўваецца Міністэрствам Юстыцыі. Гэтыя й іншыя прадметы занепакоенасьці ўзгадваліся ў другім дакладзе Прадстаўніка па праваабаронцах, апублікаваным у лютым 2003.

Падчас разгляду чацьвертага перыядычнага дакладу Беларусі ў кастрычніку 1997 падобныя меркаваньні выказаў Камітэт ААН па правах чалавека. Камітэт таксама выказаў занепакоенасьць “... цяжкасьцямі, якія ўзьнікаюць у працэсе рэгістрацыі недзяржаўных арганізацый і прафсаюзаў” і “... паведамленьнямі аб выпадках заружваньня й перасьледу праваабаронцаў уладамі, у прыватнасьці, арыштаў й ліквідацыі пэўных недзяржаўных арганізацый.” Камітэт, падкрэсьліваючы, што свабоднае функцыянаваньне недзяржаўных арганізацый неабходнае для абароны правоў чалавека й распаўсюджаньня адпаведнай інфармацыі, рэкамендаваў неадкладны перагляд законаў, пастановаў і адміністратыўных метадаў адносна рэгістрацыі й дзейнасьці недзяржаўных арганізацый з тым, каб забясьпечыць іх стварэньне й свабоднае функцыянаваньне ў адпаведнасьці з Артыкулам 22 Міжнароднага Пакта грамадзянскіх і палітычных правоў.

Таксама важна зазначыць, што Amnesty International ўжо зьвяртала ўвагу беларускіх уладаў сваёй занепакоенасьцю наконт адносін да праваабаронцаў ды іхных арганізацый у Беларусі, у тым ліку наконт афіцыйнай сістэмы рэгістрацыі НДА й датычнай да яе сістэмы папярэджаньняў, якія выкарыстоўваюцца Міністэрствам Юстыцыі. У дакладзе “Погляд на дзяржаву: праваабаронцы ў Беларусі” (Паказальнік AI: EUR 49/005/2001), апублікаваным у жніўні 2001, Amnesty International выказала занепакоенасьць наконт некалькіх праваабарончых арганізацый, якія атрымалі папярэджаньні ад Міністэрства Юстыцыі (Праваабарончы цэнтр “Вясна-96” і Магілёўскі праваабарончы цэнтр). Amnesty International заклікала Беларускія ўлады прыняць неадкладныя меры для ліквідацыі прорвы паміж тэорыяй “Дэкларацыі аб Праваабаронцах” і яе прымяненьнем на практыцы. Арганізацыя таксама дадала да гэтага розныя рэкамендацыі. На вялікае расчараваньне, Amnesty International не атрымала адказу ад беларускіх уладаў на свой даклад і зьвязаныя зь ім рэкамендацыі.

У сьвятле праблемаў, асьветленых у гэтым кароткім дакладзе, 18 верасьня 2003 году Amnesty International напісала ліст Міністру Юстыцыі Віктару Галаванаву, заклікаючы яго як Міністра Юстыцыі тэрмінова прыняць меры каб запэўніцца, што Беларусь сапраўды выконвае свае міжнародныя праваабарончыя абавязацельствы, у тым ліку Міжнародны Пакт грамадзянскіх і палітычных правоў і “Дэкларацыю аб Праваабаронцах”. У прыватнасьці, праваабаронцы ў краіне павінны мець магчымасьць карыстацца правам аб’яднаньня й мірных сходаў бяз страху абструкцыі, перасьледу, запужваньня й рэпрэсаліяў.”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства