Бярозаўская міліцыя не заключае дамову на абслугоўванне пікета ў Дзень Волі
Бярозаўскія праваабаронцы Сяргей Русецкі і Тамара Шчапёткіна не здолелі заключыць дамову з міліцыяй на абслугоўванне пікету 25 сакавіка. Міліцыя спаслалася на тое, што райвыканкам не звярнуўся да іх пасля атрымання заявы на пікет, як гэта прадугледжвае Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 207ад 05.03.2012 г., каб абмеркаваць магчымасць абслугоўвання масавага мерапрыемства.
Праваабаронцы накіравалі скаргі ў Міністэрства ўнутраных спраў і абласное ўпраўленне гэтага ж ведамства, каб абавязаць Бярозаўскі РАУС скласці дамову з заяўнікамі пікету, а Міністэрству прапанавана вызначыць, хто вінаваты ў такой сітуацыі – райвыканкам ці міліцыя. Калі райвыканкам, то прапанаваць яму ў абавязковым парадку змяніць сваё рашэнне адносна правіл правядзення масавых мерапрыемстваў ад 09.02.2010 № 138.
Былі напісаны заявы ў пракуратуру Бярозаўскага раёна і Бярозаўскі райвыканкам, каб усё ж была заключана дамова з міліцыяй. Але адказу пакуль няма, кажа Сяржук Русецкі. Дамовы з бальніцай і камунальнай гаспадаркай былі заключаны.
7 сакавіка, рэалізуючы сваё канстытуцыйнае права, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусі “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусі” праваабаронцы Сяргей Русецкі і Тамара Шчапёткіна звярнуліся з заяваю ў райвыканкам, у якой прасілі даць дазвол на правядзенне 25 сакавіка ад 18:00 да 19:00 на гарадскім стадыёне г. Бярозы масавага мерапрыемства — пікета з мэтай адзначэння 96-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), выказвання пратэсту супраць увядзення Расійскай Федэрацыяй сваіх войскаў на тэрыторыю незалежнай Украіны і размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі, патрабавання вызвалення палітвязняў Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча, Эдуарда Лобава і іншых.