viasna on patreon

У кабінах для галасавання вісяць “падказкі”

2014 2014-03-20T16:06:00+0300 2014-03-20T16:06:00+0300 be

Пра гэта 19 сакавіка ў 18.10 пасля выхаду з кабіны для галасавання на ўчастку №6   выбарчай акругі №48 горада Мінска заявіла жыхарка сталіцы сябрам участковай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы.

 

Сведкам гэтай падзеі была назіральнік за выбарамі на ўчастку №6, што знаходзіцца ў актавай зале Мінскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу (праспект Незалежнасці, 85), юрыстка Тамара Сяргей.

 

Паводле яе слоў, пасля таго, як выбаршчыца прагаласавала, яна заявіла сябрам выбарчай камісіі, што “пад уплывам узору запаўнення бюлетэняў для галасавання, які вывешаны ў кабіне для таемнага галасавання, таксама аўтаматычна паставіла птушку ў другім квадраце бюлетэня”. Пры гэтым жанчына звярнула ўвагу сябраў камісіі на тое, што нельга размяшчаць у кабінах для галасавання ўзоры бюлетэняў з квадратам, памечаным птушкай, бо гэта ёсць “своеасаблівая падказка” выбаршчыкам за каго галасаваць.

 

На просьбу назіральніка прадаставіць адпаведны нарматыўна-прававы акт, на выснове якога ў кабінах для галасавання знаходзяцца такія “падказкі”, намеснік старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Наталля Шкадун адказала, што ўзоры бюлетэняў з квадратам, памечаным птушкай, вывешаны ў кабінах згодна артыкулу 51 “Арганізацыя галасавання на ўчастку для галасавання” Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Аднак у дадзеным артыкуле няма нічога падобнага, падкрэсліла Тамара Сяргей.

 

Яна звярнула ўвагу на тое, што паколькі на выбарчым участку галасуе шмат моладзі – навучэнцаў каледжу і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прычым многія з іх удзельнічаюць у выбарах упершыню, “падказка” замінае маладым людзям зрабіць свядомы выбар кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарадскога савету, і, такім чынам, аказвае на юнакоў і дзяўчат псіхалагічны ўціск.   

 

Па дадзенаму факту назіральніца накіравала заяву на імя старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Наталлі Куноўскай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства