Антону Жылко прысудзілі пяць сутак арышту
Сябра АГП Антона Жылко сёння судзілі ў судзе Партызанскага раёну за распаўсюд улётак да Дня волі. Акцыя на 25 сакавіка дазволеная ўладамі.
Нагледзячы на гэта, 21 сакавіка кандыдата ў дэпутаты Жылко затрымалі каля ўваходу ў метро на станцыю «Трактарны завод», дзе разам з сваёй даверанай асобай Ганнай Канапацкай ён раздаваў улёткі і запрашэнні на сустрэчу з выбарцамі.
У выніку на Антона Жылко быў складзены адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.32 КаАП аб парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
У выніку яму прысудзілі пяць сутак арышту. Аднак пакінулі на свабодзе да абскарджвання рашэння суда.
Жылко накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд, дзе ён пазначыў, што ў ягоных дзеяннях не было складу правапарушэння. Прававую дапамогу актывісту аказвае Праваабарончы цэнтр "Вясна".