Суд адмяніў рашэнне міліцыі, якая аштрафавала Віталя Рымашэўскага
25 сакавіка суд Савецкага раёна Мінска адмяніў рашэнне Савецкага РУУС.
Сустаршыню аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага 7 лютага аштрафавалі на 1 мільён 950 тысяч рублёў (15 базавых велічынь) за "заведама ілжывы выклік міліцыі". Здарэнне адбылося 2 лютага на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты, які праводзіла прадстаўніца БХД Марына Хоміч на Камароўскім рынку. Рымашэўскі выклікаў міліцыянтаў супраць людзей у цывільным, якія зрывалі пікет. Міліцыя, па яго словах, так і не з'явілася, а людзі ў цывільным самі выявіліся міліцыянтамі Савецкага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў.
У каментары Еўрарадыё Рымашэўскі адзначыў, што рашэнне суда стала для яго пэўнай нечаканасцю.
Рымашэўскі: "Не вельмі чакана. Але нават па сведчанні адваката, там былі груба парушаныя практычна ўсе працэсуальныя нормы пры вынясенні прысуда. Там настолькі відавочныя парушэнні, што па сутнасці суд не прыняў нічога надзвычайнага. Ён проста накіраваў гэтую справу на пераразгляд".
Рымашэўскі лічыць, што міліцыянты проста перапішуць нанова пратаколы і зноў вынесуць яму абвінаваўчы прысуд.
Дарэчы, па словах Рымашэўскага, у яго наперадзе яшчэ аналагічныя суды ў іншых раёнах сталіцы, дзе праходзілі пікеты БХД. Так што выбарчая кампанія, кажа палітык, у яго расцягнецца яшчэ на пару месяцаў.