Алесь Пушкін скардзіцца ў пракуратуру на мясцовага вандала
Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін 26 сакавіка падаў заяву пракурору Крупскага раёна Дзмітрыю Макарэвічу, у якой просіць адрэагаваць на дзеянні прадстаўнікоў мясцовай улады вёскі Бобр. Копія накіраваная старшыні Саюза мастакоў Беларусі Рыгору Сітніцу.
Выконваючы абавязкі старшыні Бобрскага сельсавета Уладзімір Загурскі 25 сакавіка гвалтоўна спыніў і зняважыў мастацкую выставу Пушкіна, пашкодзіўны пры гэтым некаторыя карціны.
25 сакавіка а 12-й ранку мастак Алесь Пушкін традыцыйна пачаў рыхтавацца ўрачыста адзначыць Дзень Волі-2014, што ён робіць традыцыйна з 1989 года. На галоўнай плошчы роднай вёскі Бобр ён выставіў свае мастацкія працы, а сам працягнуў маляванне карціны “Свабода”, якую стварае каля 20 год.
Нечакана з’явіўся прадстаўнік Крупскага райспажыўсаюза і загадаў перанесці выставу ў іншае месца, падалей ад будынку. Затым падыйшоў прадстаўнік ветэрынарнай службы і папрасіў прыбраць выставу ад плота ў цэнтры вёскі. Алесь Пушкін перанёс выставу да свайго дому.
Раптоўна, выконваючы абавязкі старшыні Бобрскага сельсавету Уладзімір Загурскі, пачаў нахабна і груба перапыняць мастака і, напрыканцы інцэдэнту, растаптаў карціну і знішчыў выяву старадаўняга гербу "Пагоня".
Алесь Пушкін просіць адрэагаваць на дзеянні прадстаўніка мясцовай улады, які зняважыў не толькі мастака, але і гістарычныя нацыянальныя сімвалы, выявіўшы пры гэтым нянавісць да роднай гісторыі і прававы нігілізм.
Фота Радыё Рацыя.