viasna on patreon

Калінкавіцкі суд пастанавіў спагнаць з актывіста АГП больш за 2 мільёны рублёў

2014 2014-04-01T22:04:35+0300 2014-04-01T22:04:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabianok-kalinkavichy-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Рабянок.

Дзяніс Рабянок.

1 красавіка ў судзе Калінкавіцкага раёна было абвешчана рашэнне па грамадзянскаму зыску супраць актывіста АГП з Калінкавіч Дзяніса Рабянка. Згодна з рашэннем суддзі Кугейка, актывіст АГП павінен выплаціць 2 мільёны 220 тысяч рублёў.

Нагадаем, што яшчэ ў красавіку 2013 года Дзяніс Рабянок стаў ахвярай нападу суседа па доме, які распыліў актывісту АГП у вочы газавы балончык. Як вынік – Дзяніс Рабянок атрымаў хімічны апёк вачэй, з вострай алергічнай рэакцыяй яго забрала “хуткая дапамога”, а ў далейшым ён вымушаны быў прайсці лячэнне ў афтальмолага.

Калінкавіцкая міліцыя ўпарта не жадала складаць пратакол супраць нападніка і зрабіла вінаватым самога актывіста АГП, абвінаваціўшы яго як быццам у збіцці суседа. У чэрвені 2013 года суд Калінкавіцкага раёна прызнаў Дзяніса Рабянка вінаватым у парушэнні артыкула 9.1 Адміністрацыйнага кодэксу і пакараў штрафам. Пасля скаргі ў абласны суд пастанова Калінкавіцкага суда была адменена, а справа накіравана на новы разгляд, падчас якога суддзя Савасцянава зноў прызнала актывістам вінаватым, але спыніла справу з-за сканчэння тэрмінаў.

У той жа час актывіст АГП дабіваўся таго, каб прыцягнуць нападніка, чые дзеянні маглі скончыцца для Дзяніса Рабянка стартай зроку і інваліднасцю, да адказнасці. Дзеля гэтага яму неаднаразова прыйшлося звярнуцца са скаргамі да начальніка Калінкавіцкага РАУС і пракурора Калінкавіцкага раёна. Шматмесячная эпапея скончылася тым, што суд над грамадзянінам, які распыліў у вочы актывісту АГП газавы балончык усё ж такі адбыўся (пасля падачы 2-х скаргаў у абласны суд), але ўсё тая ж суддзя Савасцянава прызнала дзеянні нападніка цалкам законнымі і спыніла справу.

У пачатку ж сакавіка 2014 года Дзяніс Рабянок даведаўся, што грамадзянін, які год таму здзейсніў на яго напад, падаў супраць актывіста АГП грамадзянскі зыск у агульным памеры больш за 10  мільёнаў рублёў аб спагнанні маральнай шкоды і аплаты паслуг адваката.

31 сакавіка ў судзе Калінкавіцкага раёна адбыўся разгляд справы. Прычым, сам заяўнік на суд не з’явіўся, замест яго прысутнічаў адвакат. Падчас судовага паседжання Дзяніс Рабянок катэгарычна адмовіўся прызнаваць заяўленыя адносна яго патрабаванні, падкрэсліўшы тое, што лічыць пастанову суда, згодна з якой ён прызнаны вінаватым як быццам “у нанясенні цялесных пашкоджанняў” незаконнай. Акрамя таго, актывіст АГП звярнуў увагу суда на тое, што грамадзянін, які падаў супраць яго іск, і які як быццам быў “моцна збіты”, нават не звярнуўся за медычнай дапамогай, у той час, як сам Дзяніс Рабянок атрымаў значны ўдар па здароўю.

Акрамя таго, Адміністрацыйны кодэкс не прадугледжвае спагнанне сродкаў, якія былі затрачаны на аплату паслуг адваката. Пра гэта актывіст у пісьмовым выглядзе паведаміў суду яшчэ да пачатку судовага паседжання. Былі пытанні і з дакументальным пацвярджэннем саміх выдаткаў “пацярпелага” – замест прадугледжаных законам квітанцый аб аплаце ў справе фігуравала даведка з юрыдычнай кансультацыі нявызначанага ўзору.

У выніку суд вырашыў спагнаць з актывіста АГП 1 мільён рублёў для пакрыцця як быццам нанесенай маральнай шкоды, 800 тысяч рублёў для пакрыцця выдаткаў заяўніка па вядзенні грамадзянскага працэсу (паслугі адваката), а таксама 390 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны і 30 тысяч дзяржвыдаткаў, звязаных з разглядам справы. Агулам – 2  мільёны 220 тысяч рублёў.

«У гэты раз, як, дарэчы, і на ўсіх мінулых судовых паседжаннях, якія тычыліся нападу на мяне, я неаднарозова казаў пра тое, што не прызнаю законнай пастанову Калінкавіцкага суда, згодна з якой мяне прызналі вінаватым у парушэнні закона. А менавіта на гэтым дакуменце і быў заснаваны пададзены супраць мяне грамадзянскі зыск. Сведкі неаднаразова давалі паказанні на маю карысць, засведчыўшы маю поўную невінаватасць. Усе яны дарослыя людзі і замацавалі свае словы подпісам аб магчымай крымінальнай адказнасці. Тым не менш, суд беспадстаўна і без тлумачэнняў адпрэчыў іх сведчанні. Затое так званаму “пацярпеламу” і сведку з яго боку паверыў ва ўсім, хаця ніхто і нішто не пацвярджае яго прысутнасць на месцы здарэння. Зараз жа, зыходзячы з гэтай пастановы, я яшчэ павінен выплаціць вялізную суму грошай. На мяне напалі, я мог застацца інвалідам ды яшчэ і заплаціць прымушаюць! - каментуе пастанову Калінкавіцкага суда Дзяніс Рабянок. - Я ўжо не кажу пра тое, што і Калінкавіцкая міліцыя, і Калінкавіцкі суд рабілі ўсё, каб гэты грамадзянін пазбег адказнасці за тое, што мог пакінуць мяне сляпым. Напачатку суд, свядома парушыўшы закон, нават не прыняў да разгляду складзены ў адносінах да нападніка пратакол. Што тут казаць?..»

Актывіст АГП лічыць, што і напад на яго, і міліцэйска-судовы пераслед самым непасрэдным чынам звязаны з яго актыўным удзелам удзелам у грамадска-палітычным жыцці рэгіёна і яго адкрытай пазіцый. «Ведаеце, у нашых умовах быць актыўным сябрам апазіцыйнай партыі - гэта, часам, вельмі небяспечна для здароўя. Асабліва зараз, калі разгортваюцца трагічныя падзеі ва Ўкраіне і на людзей вывальваюць тоны прапаганды ў горшых гебельсаўскіх традыцыях. У раённых цэнтрах кожны з актывістаў ходзіць пад дамоклавым мячом кожны дзень і мой прыклад – яскравае таму пацверджанне», - кажа Дзяніс Рабянок.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства