Гарадзенскія актывісты паспрабуюць рэалізаваць працэдуру адклікання дэпутата
Гарадзенскія актывісты ўжо напрацягу некалькіх месяцаў вядуць ліставанне, каб даведацца пазіцыю дэпутата ад Гародні па аўтамабільным падатку. Былая рэдактарка “Гродзенскай праўды” Алена Бераснева з’яўляецца дэпутатам па 49-ай акрузе, і менавіта да яе грамадскія актывісты звярнуліся з пытаннем, як галасавалі дэпутаты па так званым “аўтамабільным падатку”.
Пра пісьмовую валакіту з уладамі распавядае каардынатар кампаніі “Гавары Праўду” па Гарадзеншчыне Зміцер Бандарчук:
- Пракуратура Гародні адказала, што гэта не яе пытанне, што гэтае пытанне павінна разглядаць пракуратура горада Менск па тэрытарыяльнай прыналежнасці. Пракуратура Менску сказала, што яна гэтае пытанне таксама не можа разглядаць, бо яно звязана з дэпутатам, і таму пытанне павінна разглядаць Генеральная пракуратура. Генпракуратура сказала, што ўсе пытанні, якія звязаныя з дэпутатамі, павінна разглядаць Палата прадстаўнікоў.
Актывісты спадзяюцца дачакацца адказу ад Палаты прадстаўнікоў і потым адразу займуцца працэдурай адклікання дэпутата, якая робіцца ледзь не ўпершыню ў Беларусі.