30 фактаў пра палітвязня Мікалая Аўтуховіча
Заўтра на свабоду павінен выйсці палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Пяць з паловай год ён знаходзіўся за кратамі за тое, што нібыта захоўваў пяць патронаў, насамрэч – за барацьбу з карупцыяй. Мы вырашылі прыгадаць найбольш яркія факты з жыцця вядомага ваўкавыскага прадпрымальніка.
1. Мікалай Аўтуховіч паходзіць з простай ваўкавыскай сям’і. Маці працавала спачатку на хлебазаводзе, пасля – у школьнай сталовай. З бацькам яна разышлася, калі дзеці яшчэ былі малымі. У Мікалая ёсць малодшая сястра, якая працуе ў паліклініцы ў Ваўкавыску.
2. Мікола скончыў вучэльню ў Вялікай Бераставіцы, па спецыяльнасці аўтамеханік. Знаёмыя кажуць, што ён хоць і не быў выдатнікам, але старана вучыўся, заўсёды цікавіўся тэхнікай.
3. Пасля вучобы Аўтуховіч патрапіў ў ракетныя войскі у Саратаве, дзе скончыў школу прапаршчыкаў. Затым быў накіраваны ў Афганістан.
4. Вярнуўшыся на Радзіму, Мікола працягнуў працу ў арміі. Але хутка зразумеў, што сістэма разбураецца, трэба думаць пра сваю справу. Ён набыў аўтамабіль і пачаў вазіць з Беларусі ў Расію гародніну. Пабачыўшы, што гэтым можна нядрэнна зарабляць, пакінуў вайсковую службу.
5. У Ваўкавыску яму давялося паваяваць за кватэру, якая яму належала, як ветэрану вайны ў Афганістане. Ягоную чаргу хацелі перапісаць на іншага чалавека, аднак Мікола змог адстаяць сваё права. Яму дапамог тагачасны дэпутат ВС 12-га склікання Мікалай Аксаміт, лёс яшчэ ні раз звядзе з ім Аўтуховіча.
6. Першы бізнэс Мікалая ў Ваўкавыску – здача ў арэнду былых вайсковых казармаў, якія прадпрымальнік адрамантаваў.
7. Але сапраўды вядомым Аўтуховіч стаў пасля стварэння “Таксі 22222” ў Ваўкавыску. Ягоную службу ставілі ў прыклад па ўсёй Беларусі. Акуртаныя аўтамабілі (мэрсэдэсы), ветлівыя кіроўцы ў белых кашулях, кругласуткавая праца дыспетчараў і даступныя цэны, - зрабілі бізнэс Аўтуховіча сапраўды паспяховым. Таксі для горада, дзе быў слаба развіты грамадскі транспарт, стала проста незамяняльным. І студэнты, і пенсіянеры маглі дазволіць сабе паездку на “22222”.
8. У 2003-м выйшаў указ прэзідэнта, паводле якога прадпрымальнікі не маглі наймаць на працу больш за трох супрацоўнікаў. У фірме Аўтуховіча “Таксі 22222” тады працавала 60 чалавек. Іх давялося звольніць і адразу перавесці ў кампанію “Ніка-Транс”, зарэгістраваную на жонку прадпрымальніка. Гэтыя дзве фірмы заключылі паміж сабой дамову на аказанне паслугаў. Пазней Аўтуховіча назавуць вынаходнікам схемы, якая дазваляла і атрымліваць прыбытак, і не парушаць закон. Аднак з 2004-га пачынаюцца масавыя праверкі абедзвюх кампаній. Падатковая інспекцыя настойвала на тым, што Аўтуховіч усё ж парушыў закон.
9. У 2004 годзе Мікалай Аўтуховіч вылучаецца кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. Нельга сказаць, што гэта было ягоным асабістым жаданнем. Хутчэй сябры і калегі раілі пайсці ва ўладу. У яго была дастаткова заўважная агітацыйная кампанія. На кожным прыпынку ў горадзе віселі плакаты з перадвыбарчай праграмай. Асноўныя пункты - свабода прадпрымальніцкай дзейнасці, зніжэнне падатковай нагрузкі на бізнэс і скарачэнне дзяржаўнага рэгулявання.
10. Улады бачылі, што кандыдат Аўтуховіч выклікае давер у выбаршчыкаў. А таму сталі перашкаджаць праводзіць сустрэчы з электаратам – то будынак не дадуць, то людзей не папярэдзяць. І тады Аўтуховіч стаў прыязджаць на ўсе сустрэчы адразу пасля выступлення сваёй канкурэнткі, дырэктаркі школы №6 Тамары Навасад. Выбаршчыкам проста прапаноўвалі затрымацца на некалькі хвілін, каб пагаварыць яшчэ з адным кандыдатам. І так прайшло большасць ягоных сустрэч з электаратам.
11. Папярэдні падлік галасоў паказаў, што на гарадскіх участках, дзе сядзелі назіральнікі, упэўнена перамог бізнэсоўца. Накіраваць назіральнікаў на сельскія выбарчыя ўчасткі каманда кандыдата не здолела. У выніку выбаркамы налічылі Навасад 64%, а Аўтуховічу — толькі 28%.
12. Тым часам у прадпрымальніка ішла сапраўдная вайна з падатковай інспекцыяй. Упартасць чыноўнікаў ён тлумачыў тым, што прадаставіў на іх у Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю інфармацыю, якая сведчыла пра карумпаванасць мясцовай улады. У дакументах былі звесткі і пра хабары, і пра незаконныя праверкі, і пра выкарыстанне службовых паўнамоцтваў. Галоўнымі фігурантамі былі тагачасная старшыня падатковай Тамара Стасевіч і яе намесніца Ганна Місько.
13. Партнёры па бізнэсу казалі Аўтуховічу, каб ён проста адкупіўся і не распачынаў барацьбу. Маўляў, бессэнсоўна гэта: усе даюць і ты давай. Аднак Мікола заняў прынцыповую пазіцыю: “Пачнеш даваць, ніколі не адчэпяцца. Я ўжо даў згоду, нібыта сын Місько ў мяне працаваў, каб яго пасля ўзялі ў МНС. І што з гэтага? Апетыты і патрабаванні толькі ўзраслі!”
14. На Тамару Стасевіч і Ганну Місько была заведзеная крымінальная справа. Аднак усе дакументы, якія б маглі пацвердзіць іх махінацыі, былі імгненна знішчаныя ў падатковай. У выніку чыноўніцы пазбегнулі рэальнай адказнасці.
15. Праўда, Тамару Стасевіч усё ж вымусілі кампенсаваць урон, нанесены дзяржаве. Справа ў тым, што яе старэйшая дачка Наталля спрабавала паступіць ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, але не здолела паспяхова здаць іспыты. Тады яе маці дамовілася з Ваўкавыскім міжрайгазам, што яны заднім чыслом запішуць, нібы Наталля працавала ў іх і выдадуць ёй мэтавай накіраванне. Замест гэтага начальніца падатковай інспекцыі гатова была закрыць вочы на парушэнні арганізацыі, якія былі знойдзены падчас праверак. Такім чынам, вучобу для дачкі чыноўніцы аплаціла дзяржаўная арганізацыя. Калі гэта стала вядома, Стасевіч прымусілі выплаціць дзяржаве кампенсацыю.
16. Нягледзячы на заведзеныя крымінальныя справы, Стасевіч працягнула працаваць у падактовай. Яе нават павысілі да першага намесніка Гродзенскай абласной падатковай інспекцыі. Яе дачка, дарэчы, таксама працавала ў гэтай сістэме. А Ганна Місько ўзначальвае раённую інспекцыю ў Ваўкавыску.
17. А Мікалая Аўтуховіча ў 2006-м абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і ажыццяўленні перавозкі пасажыраў і багажу без рэгістрацыі камерцыйнай фірмы. Прадпрымальнік быў прыгавораны да 3 гадоў і 6 месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу 5 гадоў.
18. Абараняючы сябе і свой бізнэс, Аўтуховіч больш за пяць разоў абвяшчаў галадоўкі. Самы працяглы пратэст – 74 дні. У выніку ён згубіў 38 кг вагі, у яго была дыягнаставана ныркавая недастатковасць.
19. Следчы ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзеншчыне Мікалай Аліхвер, які давёў справу Аўтуховіча да суда, эміграваў у ЗША. У 2007 ён выйграў латэрэю Green card і з 2008 года стала жыве ў Штатах.
20. На волю ваўкавыскі прадпрымальнік выйшаў на пачатку 2008-га ў выніку ціску на беларускія ўлады з боку ЕС і ЗША.
21. Але на волі Аўтуховіч знаходзіўся нядоўга — праз год яго зноў затрымалі. Яму інкрымінавалі падрыхтоўку тэракта, а асудзілі на пяць год за захаванне пяці патронаў, знойдзеных пры ператрусе. Яшчэ два месяцы дадалі за тое, што нібыта “не дасядзеў” па першым тэрміне. Сам Аўтуховіч мяркуе, што яго пакаралі за барацьбу з мясцовымі карупцыянерамі.
22. Мікалая Аўтуховіча абараняў знакаміты адвакат Павел Сапелка, пазбаўлены пасля ліцэнзіі за абарону затрыманых на Плошчы-2010. Сапелка адзначаў, што справа супраць Аўтуховіча была цалкам сфальсіфікаваная. «Нялішне паразважаць, а чаму мэтай стаў менавіта Аўтуховіч? На маю думку, таму, што такі бізнэсмэн уладам Беларусі не патрэбны. Нармальны бізнэсмэн павінен быць напалоханым, злыднем, якога ненавідзяць людзі. Аўтуховіч да вобразу местачковага алігарха не падышоў. Ён незалежны чысты перад законам, не абыякавы да праблем і патрэбаў грамадзян, а таксама валявы і рашучы ў адстойванні сваіх правоў. Ён мог бы знайсці паразуменне з уладай, але не стаў гэтага рабіць. Мог бы прагульваць свой прыбытак а замест гэтага займаўся дабрачыннасцю і дапамогаў тым, хто меў патрэбу ў гэтым. Але вядома, што тых, каго ў нас любіць народ, не вельмі любіць улада. Зняволенне ў калоніі не зламала яго. А такі чалавек для чыноўнікаў больш небяспечны, чым дзясятак палітыкаў-дэмагогаў, псеўдалідэраўпсеўдаструктур», - адзначаў адвакат напярэдадні разгляду справы Аўтуховіча ў Вярхоўным судзе.
23. Па другой справе прадпрымальнік спачатку адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі, але паколькі быў прызнаны “злосным парушальнікам” рэжыму, быў пераведзены ў Гродзенскую турму.
24. Палітвязень даслаў журналістам ліст з апісаннем умоваў утрымання. Будынак гродзенскай турмы вельмі стары, тут высокая вільготнасць, незалежна ад пары году. Нават летам вязні сядзяць у цёплай вопратцы. Перыядычна адміністрацыя выключае святло ў мэтах эканоміі, тады вязні сядзяць у цемры і не могуць нават зрабіць сабе гарбату.
25. Праз такія ўмовы ў Мікалая Аўтуховіча абвастрыліся старыя хваробы і з’явілася новыя. Ён даўно пакутуе на зубны боль, але ў пратэзіраванні яму адмовілі. З-за стрэсу і дрэннага харчавання ў яго істотна ўзняўся цукар у крыві. Таксама ў цяжкім стане спіна, пагоршыўся зрок.
26. Каб спыніць ціск і правакацыі, летась Аўтуховіч быў вымушаны ўскрыць сабе жывот. Прычынай стала адкрыта здзеклівае стаўленне адміністрацыі гродзенскай да асуджанага. Два гады запар Мікалаю выносілі незаконныя спагнання менавіта ў той момант, калі ў яго павінны пагасіць усе раней накладзеныя на яго пакаранні.
27. Нягледзячы на несправядлівае пакаранне і жудасныя ўмовы ўтрымання, Аўтуховіч не зламаўся, змог захаваць цвёрды дух. У турме ён вывучыў беларускую і англійскую мовы.
28. Увесь гэты час Мікола актыўна падтрымліваў сувязь з волі. Больш за 80 чалавек пісалі палітвязню лісты – з Канады, ЗША, Польшчы, Расіі і нават Паўднёвай Карэі. Найбольш паведамленняў даслалі мінчукі.
29. 8-га красавіка Мікола Аўтуховіч павінен выйсці на волю. Аднак за ім будзе ўсталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год і 4 месяцы. Гэта значыць, увесь гэты час ён павінен будзе знаходзіцца ў Ваўкавыску і перыядычна адзначацца ў міліцыі.
30. Мікола Аўтуховіч стаў сімвалам прынцыповага непахіснага бізнэсоўца, які да канца ідзе ў адстойванні праўды і справядлівасці. На радзіме ўсе памятаюць пра Міколу і падтрымліваюць яго, нягледзячы на спробы дзяржаўнай прапаганды дыскрэдытаваць самага вядомага ваўкавысскага прадпрымальніка.