Да Міжнароднага дня цыганоў гомельскія праваабаронцы зрабілі падарунак школе
Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка даслалі падарунак Прыбарскай сярэдняй школе, у якой навучаюцца шмат цыганскіх дзяцей. Да Міжнароднага дня цыганоў, які адзначаецца 8 красавіка, праваабаронцы перадалі ў школьную бібліятэку кнігу цыганскіх казак Аляксандра Клейна на рускай і цыганскай мовах.
Кнігу праваабаронцам прадаставіў выдавец – расійскі антыдыскрымінацыйны цэнтр «Мемарыял».
«Кніга можа прынесці немалую карысць школьнікам розных нацыянальнасцяў, - лічыць Марыя Клімовіч. - У лепшых традыцыях казачнікаў Клейн асуджае чэрствасць і сквапнасць, захапляецца смеласцю і гатоўнасцю да самаахвярнасці, усхваляе любоў і вернасць. У вачах дзяцей вырасце аўтарытэт настаўніка, калі ён вырашыць пазнаёміць клас з казкамі цыганскага пісьменніка».
Акрамя таго, праваабаронца лічыць, што мастацкае слова – дзейсны сродак барацьбы з ксенафобіяй.
«Зараз у школе будзе не толькі вусная цыганская мова, але і пісьмовая, бо многія людзі шчыра ўпэўнены, што ў цыганоў увогуле няма мастацкай літаратуры», - дадала Марыя Клімовіч.