Канстытуцыйны Суд РФ не ўбачыў парушэнняў у законе аб НКА - замежных агентах
8 красавіка раніцай было абвешчана рашэнне КС РФ па скарзе Упаўнаважанага па правах чалавека В.П. Лукіна на парушэнне канстытуцыйных правоў НКА, якія абвінавачваюцца ў тым, што яны «выконваюць функцыі замежнага агента». КС не ўгледзеў парушэнняў Канстытуцыі ў патрабаванні ўносіць НКА, якія атрымліваюць грошы ад замежнікаў або асоб без грамадзянства і займаюцца «палітычнай дзейнасцю», у адмысловы рэестр і абавязанні такіх НКА называцца «замежнымі агентамі».
Як паведамляе сайт АДЦ «Мемарыял», высокі суд патлумачыў, што такія патрабаванні толькі дапамагаюць «празрыстасці» працы НКА, але ані не перашкаджаюць іх дзейнасці. Адхілены былі ўсе аргументы пацярпелых ад закона аб «агентах » НКА, якія спрабавалі даказаць, што працаваць з такім кляймом проста немагчыма, бо ніхто не стане супрацоўнічаць з «замежным агентам», не выклічуць даверу і публікацыі НКА з такім тытулам. Фактычна КС пагадзіўся з цалкам ілжывым прадстаўленнем аб тым, што НКА, атрымліваючы фінансаванне праваабарончых праектаў з іншых краін, і рэалізуючы гэтыя праекты, выконваюць нейкі «замежны заказ» (зусім ужо незразумелым застаецца, як яны могуць працаваць на «асоб без грамадзянства» і якая дзяржава ў гэтым зацікаўлена).
Праз некалькі гадзін пасля абвяшчэння рашэння КС па такой важнай і знакавай справе, гарадскі суд Санкт-Пецярбурга разглядаў скаргу Дабрачыннай прыватнай установы Антыдыскрымінацыйнага цэнтра «Мемарыял» на рашэнне Ленінскага раённага суда, які прызнаў 12 снежня 2013 г. АДЦ «Мемарыял» «НКА, якая выконвае функцыю замежнага агента». Суддзя Гаўрылава не дазволіла ўдзельнічаць у працэсе Стэфаніі Кулаевай, кіраўніку арганізацыі, якая падала скаргу, хоць былі дапушчаныя прадстаўнікі, якія прад'явілі даверанасць ад самой Кулаевай.
Фактычна, адвакату Цэйтлінай і Карацееву,якія прадстаўлялі інтарэсы ДПУ АДЦ «Мемарыял»,не было дадзена магчымасці агучыць у поўнай меры сваю пазіцыю. Суд пастаянна груба перапыняў выступоўцаў, абсякаў, не даваў скончыць думку ці нават фразу.
Выступ пракурора не выклікаў у суда ніякіх пярэчанняў, хоць прадстаўнік пракуратуры пастаянна памылялася або свядома скажала праўду, сцвярджаючы, напрыклад, што адміністрацыйны пераслед АДЦ «Мемарыял» быў спынены ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці па справе, хоць, на самой справе, суды трох інстанцый прызналі як незаконнасць прэтэнзій пракуратуры да праваабарончай арганізацыі, так і незаконнасць самой праверкі НКА ў сакавіку 2013 года.
У судзе прысутнічаў і пракурор Дзмітрый Смірноў, які праводзіў гэтую незаконную праверку, а пазней узбудзіў супраць АДЦ «Мемарыял» шэраг адміністрацыйных спраў, у тым ліку па арт. 19.34 чч.1,2.
Пасля непрацяглых, скамечаных судом спрэчак, падчас якіх прадстаўнікам НКА нават не ўдалося агучыць падрыхтаваныя выступы, суд пайшоў на нараду, пастанавіўшы «рашэнне Ленінскага раённага суда ад 12.12.13 пакінуць у сіле, скаргу ДПУ АДЦ «Мемарыял» пакінуць без задавальнення».
Адмова гарадскога суда прызнаць законнасць скаргі ДПУ АДЦ «Мемарыял» асудзілі Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, Міжнародная Амністыя, Міжнароднае Партнёрства за правы чалавека і шэраг іншых арганізацый.