Баранавічы: бацька Мікалая Статкевіча хвалюецца, што не пабачыць сына
Баранавіцкія актывісты Віктар Сырыца, Сяргей Гоўша, Анжаліка Камбалава, Мікалай Антановіч наведалі Статкевіча Віктара Паўлавіча. За кубачкам гарбаты найперш пагаварылі пра вызваленне Мікалая Аўтуховіча, чыталі лісты і паштоўкі Мікалая Статкевіча з Магілёўскай турмы № 4 і яго ліставанне з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, сябрамі і аднадумцамі. Не маглі не абмеркаваць і становішча вакол Украіны.
– Віктар Паўлавіч апошнім часам адчувае сябе не вельмі добра, скардзіцца на моцныя болі ў галаве і галавакружэнне. Яму ж у студзені споўнілася 87 гадоў. Але найбольш ён перажывае, што можа не ўбачыць свайго сына Мікалая, які адбывае 6-цігадовае пакаранне ў Магілёўскай турме № 4 за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску ў снежні 2010 года. Мы пажадалі Віктару Паўлавічу моцнага здароўя і надзеі, што ўсе беды і выпрабаванні яго мужны сын Мікалай Статкевіч не толькі вытрымае з гонарам, але і паспяхова пераадолее, як гэта ўжо было не раз ў яго жыцці, – паведаміў Віктар Сырыца.