“Халоднае крыло Радзімы” – назва новай кнігі Алеся Бяляцкага
Стала вядомая назва новай кнігі Алеся Бяляцкага. “Халоднае крыло Радзімы” - так будзе называцца кніга зняволенага палітвязня Алеся Бяляцкага, якая рыхтуецца да выдання. У кнігу ўвойдуць занатоўкі, эсе, інтэрв’ю, успаміны. Такую назву абраў аўтар кнігі – зняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Назву сам аўтар, Алесь Бяляцкі, тлумачыць у лісце назву так:
- Назва шматзначная. Чаму крыло “халоднае” - зразумела. І Радзіма тут выглядае птушкай - зязюляй? чайкай? І зязюляй, бо не глядзіць сваіх дзяцей, і чайкай, бо ў іх, калі яны ляцяць, крылы срэбныя з-падысподу, калі глядзець на яе, і адліваюць на сонцы холадам. І такое крыло пакуль не грэе сваіх птушанятаў, пад якімі можна разумець усіх, хто ходзіць і жыве пад яе крылом.
Кніга Алеся Бяляцкага “Халоднае крыло Радзімы” (занатоўкі, эсэ, інтэрв’ю) - своесаблівы працяг кніг “Асвечаныя беларушчынай” выдання, якое выйшла падчас зняволення аўтара, “Халоднае крыло Радзімы” - чацьвёртая кніга Алеся Бяляцкага, да гэтага ужо былі кнігі - літаратуразнаўчая манаграфія «Літаратура і нацыя» (1991), кніга нарысаў і эсэ «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера» (2006), “Асвечаныя беларушчынай” – артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры і крытыка (2012).
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя