viasna on patreon

Павел Сапелка: “Пракурор біўся за кіроўцу-забойцу, як за роднага брата”

2014 2014-04-11T13:04:54+0300 2014-04-11T13:07:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Кіроўца Chrysler, які насмерць збіў двух чалавек, вызвалены ад крымінальнай адказнасці паводле рашэння Следчага камітэта і Генпракуратуры.

Увечары 20 студзеня 2012 года, калі на дарогу апусцілася апраметная цемра, аўтамабіль Chrysler PT Cruiser заехаў у групу маладых людзей на абочыне дарогі ў раёне вёскі Гарадзішча Менскага раёна. Загінулі двое хлопцаў, адзін - непаўнагадовы. «Спалучаная тупая траўма галавы, грудной клеткі і жывата, пералом хрыбетніка і рэбраў», - так крыху пазней апішуць пашкоджанні, ад якіх, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр апошні.

Пра тое, як ішло расследаванне, «Ежедневнику» распавёў бацька загінулага, юрыст Павел Сапелка.

«Аўтамабіль пад кіраўніцтвам Аляксандра Стэфановіча, пазбаўленага правоў за кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення, не зніжаючы хуткасці, заехаў у групу падлеткаў, - распавядае Сапелка пра абставіны справы са слоў сведак. - Прыпыніўся праз паўтары сотні метраў і працягнуў рух. Але, мабыць, зразумеўшы, што на месцы ДТЗ засталіся абломкі дэталяў кузава, па якіх яго знойдуць, вырашыў вярнуцца».

Пачаліся звычайныя дзеянні: ДАІ і хуткая, агляд месца здарэння, узбуджэнне крымінальнай справы па ч.3 арт.317 КК «Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб». Дарэчы, за гэтыя дзеянні законам прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 3 да 7 гадоў. Але не будзем забягаць наперад.

За працу ўзялося Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі (ГСУ СК). У гэты ж дзень на агляд месца здарэння выехаў следчы Менскага РАСК, які вымяраў тармазны шлях і час спынення, - дадзеныя, якія дапамагаюць адказаць на галоўнае пытанне: ці мог кіроўца пазбегнуць наезду, які каштаваў жыцця двум чалавекам.

Сумневаў у правільнасці працы няма. Аднак на падставе таго, што на агляд не запрошаныя панятыя, следчы ГСУ СК, які прыняў справу да вытворчасці, пастанавіў атрыманыя дадзеныя ў прызначанай экспертызе не выкарыстоўваць.

«КПК дапускае праводзіць замер без панятых, - адзначае Сапелка. - Але нават даведачныя значэнні, якімі пры такіх абставінах карыстаюцца эксперты, дазволілі зрабіць адназначную выснову: кіроўца меў магчымасць прадухіліць наезд на пешаходаў з ужываннем экстранага тармажэння пры ўсіх прапанаваных следчым варыянтах - ад 69 м да 48,6 м».

Па незразумелай прычыне гэтыя дадзеныя не задаволілі следчага. Увесну ён прызначыў паўторнае даследаванне. Выканаць яго ўдалося толькі праз год пасля ДТЗ, калі пагодныя і дарожныя ўмовы адпавядалі тым, пры якіх здарылася аварыя.

«Мяне аб правядзенні эксперыменту не апавясцілі, - працягвае Сапелка. - Што не магло не здзівіць - на першы эксперымент следчы «вырваў» на наступны дзень пасля пахавання сына. Заставалася вывучыць дакументы, пасля чаго з'явіліся сумневы ў аб'ектыўнасці органа, які вядзе папярэдняе расследаванне».

На гэты раз высновы другой экспертызы казалі пра немагчымасць прадухіліць наезд на людзей. Вось толькі ў аснову яго, на думку Сапелкі, пакладзеныя няпэўныя факты, не ведаць пра якія следчы не мог.

 

Для эканоміі месца коратка прывядзем факты, якія сталі асновай наступных скаргаў праваабаронцы ў ГСУ СК, Генпракуратуру і суды.

Увесь час, пакуль следчы чакаў правядзення экспертызы, аўтамабіль, які стаў прычынай смерці двух чалавек, знаходзіўся ў эксплуатацыі ў падазраванага, які зарабляе на жыццё рамонтам машын. Такім чынам, у механізм можна было ўнесці любыя змены.

У эксперыменце ўзяў удзел толькі адзін са сведак, астатніх нават не запрасілі. Гэта значыць, што экспертам далі толькі частку інфармацыі.

Падазраваны змяніў паказанні. Год таму ён запэўніваў, што рухаўся з хуткасцю 50 км/гадзіну (сведкі казалі пра хуткасць каля 100-120 км/гадзіну, што парушала хуткасны рэжым), затым павялічыў яе да 60 км/гадзіну. Па словах кіроўцы, людзей на дарозе ён не заўважыў, паколькі яго асляпіў сустрэчны аўтамабіль (наяўнасць іншай машыны сведкі адмаўлялі). Падазраваны паведаміў пра зніжэнне хуткасці і спыненне (слядоў тармажэння або змены кірунку руху на дарозе не зафіксавана). Кіроўца запэўніваў, што пасля пазбаўлення права кіравання за рулём не сядзеў, хоць яго дзяўчына казала пра адваротнае.

Тым не менш, такіх звестак хапіла для спынення крымінальнай справы.

Тройчы бацька загінулага абскарджваў гэтае рашэнне ў Генпракуратуры, дамогшыся адмены пастановы аб спыненні справы. Улічваючы супярэчлівыя паказанні падазраванага, следчаму прапанавалі выкарыстоўваць у экспертызе даведачныя дадзеныя.

Вось толькі намер Сапелкі ўзяць актыўны ўдзел у працэсе расследавання, сустрэў нечаканую перашкоду ў выглядзе ГСУ СК і Генпракуратуры.

«У адным з адказаў на маё хадайніцтва намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў (цяпер -абвінавачаны паводле крымінальнага артыкула «Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі» - рэд.) раптам паведаміў: далёка не заўсёды, убачыўшы перашкоду, кіроўца абавязаны зніжаць хуткасць і прымаць меры да спынення, - распавядае Сапелка. - Прывяду цытату, на падставе якой можна спакойна апраўдваць кіроўцаў, якія ўчынілі наезд на людзей, якія здаліся мяшком: «Небяспекай для руху лiчыцца не цёмная пляма або цёмная сцяна, а рэальная перашкода ў выглядзе пешаходаў, якую магчыма бачыць і распазнаваць». Гэта разыходзіцца з ПДР! Пракурор біўся за кіроўцу-забойцу, як за роднага брата. Адно з двух: ці ён не ведаў закона, ці выгароджваў злачынца».

Не адставалі і ў ГСУ. На хадайніцтва Сапелкі дазволіць удзельнічаць ва ўсіх следчых эксперыментах, следчы адказаў: гэта магчыма толькі калі пацярпелы з'яўляецца відавочцам здзейсненага ДТЗ.

«Заява праваахоўніка супярэчыць арт. 20 КПК, які дазваляе ў выпадку неабходнасці прыцягваць да ўдзелу ў следчым эксперыменце падазраванага, абвінавачанага, пацярпелага, сведкаў, спецыяліста, эксперта і асобы, якія праводзяць вопытныя дзеянні з іх згоды, - цытуе закон Сапелка. - Пацешна было чуць адмову ў такой форме мне, чалавеку, якога ўжо прыцягвалі для ўдзелу ў эксперыменце праз некалькі дзён пасля ДТЗ. Ды і наогул дзіўна, што ўсе мае хадайніцтвы выклікалі ў прадстаўнікоў праваахоўных структур столькі негатыву. Справа нават не ў тым, што да просьбы бацькі, у якога забілі сына, можна і прыслухацца, а ў тым, што ў гэтага чалавека дваццацігадовы стаж працы ў юрыспрудэнцыі, падмануць яго, як іншага ўдзельніка па справе, не атрымаецца».

У тым, што перапіска з ГСУ і Генпракуратурай ператвараецца ў адпіскі, Сапелка канчаткова пераканаўся, калі на рашэнне суда аб адмене пастановы аб спыненні крымінальнай справы быў накладзены пратэст - ужо іншым намеснікам генпракурора, які пакуль знаходзіцца на гэтай пасадзе.

«Мае ўяўленні пра законнасць заснаваныя не на фантазіях і сляпой нянавісці да падазраванага, а на аб'ектыўным аналізе дадзеных крымінальнай справы, сабраных тым жа следчым, - застаецца канстатаваць юрысту. - Толькі, у адрозненне ад пракуратуры і Следчага камітэта, я сапраўды зацікаўлены ў аб'ектыўным расследаванні».

Вось толькі не будзе яго, гэтага расследавання. Справа спыненая. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства