Яўгена Васьковіча цкуюць праз асуджаных
Як стала вядома аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" з крыніцаў у магілёўскай турме № 4, на Яўгена Васьковіча адміністрацыя пачала аказваць усебаковы ціск праз асуджаных.
Калі раней Яўгена катавалі, бясконца змяшаючы яго ў штрафны ізалятар, абмяжоўваючы ў ежы, спатканнях і перадачах, дык цяпер турэмшчыкі абралі іншую тактыку - задзейнічалі іншых асуджаных.
Кіраўніцтва БХД адназначна звязвае гэта са спробамі прымусіць Яўгена напісаць прашэнне аб памілаванні напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі - і патрабуе неадкладнага спынення здзекаў і вызвалення Яўгена Васьковіча.
Нагадаем, сябра БХД Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня 2011 года ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці зь беларускімі палітвязнямі. Яго абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году. У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У сваім апошім слове хлопец назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці: "За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная". Скончыў Васьковіч свой кароткі выступ воклічам: "Жыве Беларусь!".
Хаця хрысціянскія дэмакраты не падтрымліваюць такіх метадаў супраціву, наш абавязак - маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: "не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром" (Рым., 12:21). БХД заклікае дасылаць палітвязню лісты са словамі з Пісання. Лісты падтрымкі неабходна пісаць на адрас: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Васьковічу Яўгену Сяргеевічу і віншаваць яго са святам Уваскрасення Хрыстова.