viasna on patreon

Эксперт пра прынцыпы расследавання катаванняў

2014 2014-04-14T14:40:04+0300 2014-04-14T15:01:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Эксперт па праблемах пенітэнцыярнай сістэмы юрыст Павел Сапелка падрыхтаваў аналітычную запіску, у якой абагульніў палажэнні дзеючых міжнародных дакументаў, накіраваных на эфектыўнае расследаванне катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, а таксама нормы юрыдычнай і медыцынскай этыкі адносна дадзенай праблемы.

«Нягледзячы на тое, што міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека і міжнароднае гуманітарнае права паслядоўна забараняюць прымяненне катаванняў пры любых абставінах, катаванні і жорсткае абыходжанне практыкуюцца больш чым у палове краінаў свету. Гэтая ашаламляльная неадпаведнасць абсалютнай забароны катаванняў і іх паўсюднага пашырэння ў сённяшнім свеце сведчыць пра тое, што дзяржавам неабходна вызначаць і ажыццяўляць на практыцы эфектыўныя меры па абароне людзей ад катаванняў і жорсткага абыходжання». Фармулюючы сутнасць маштабнай праблемы, аўтар праводзіць аналіз такога асноватворнага дакумента як Стамбульскі пратакол - кіраўніцтва, якое з'явілася вынікам трохгадовай аналітычнай, даследчай і рэдакцыйнай працы больш чым 75 экспертаў у галіне права, медыцыны і правоў чалавека, якія прадстаўляюць 40 арганізацыяў і ўстановаў з 15 краінаў свету.

Як адзначае эксперт, Кіраўніцтва па эфектыўным расследаванні і дакументаванні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання (яно ж Стамбульскі пратакол) вельмі карыснае як для супрацоўнікаў праваахоўных органаў, медыкаў, праваабаронцаў, так і для звычайных людзей:

- Карыснае тым, што дазваляе зразумець, што трэба ўкладаць у паняцце «катаванні» і «жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне», таму што некаторыя формы абыходжання мы не прывыклі называць жорсткімі. Напрыклад, змяшчэнне чалавека ў адзіночнае зняволенне або працяглае абезрухоўліванне чалавека - гэта насамрэч прычыняе істотныя пакуты, але ў бытавой, агульнапрымяняльнай практыцы можа і не быць успрынятае як жорсткае абыходжанне.

Асобна Павел Сапелка разглядае этычныя нормы абыходжання cа зняволенымі ў галіне як юрыспрудэнцыі, так і аховы здароўя:

- Стамбульскі пратакол вялікую ўвагу надае адказнасці медыцынскіх работнікаў за выкананне сваіх абавязкаў, што зноў жа вельмі важна ў беларускіх умовах, таму што мы прывыклі да таго, што ў выпадку з бесчалавечным, жорсткім абыходжаннем гаворка ідзе пра канфлікт паміж ахвярай і органам унутраных спраў, напрыклад, або ахвярай і турмой, калоніяй. І мы забываем, што ёсць трэці бок - медыкі, без злоўжыванняў з боку якіх, можа быць, гэтага жорсткага абыходжання і не здарылася б. І, ва ўсякім разе, з дапамогай медыкаў яно было б лепш і своечасова расследавана.

Трэці аспект, на які юрыст звяртае ўвагу - пералік ў Стамбульскім пратаколе метадаў фіксавання рознага роду слядоў жорсткага абыходжання, якія дазволяць у далейшым правільна расследаваць выпадкі жорсткага абыходжання. Акрамя таго, дадзенае Кіраўніцтва дае надзею людзям, у дачыненні да якіх жорсткае абыходжанне было ўжытае ў форме, што не пакідае слядоў.

- Ужо ёсць сусветны вопыт расследавання і няяўных выпадкаў жорсткага абыходжання, пошуку няяўных слядоў катаванняў, як, напрыклад, катаванне электрычным токам, якое пакідае сляды на кары галаўнога мозгу, - адзначае Павел Сапелка.

Пры падрыхтоўцы аналітычнай запіскі пра прынцыпы расследавання катаванняў аўтар таксама звяртаўся да рэзалюцыяў Генерaльнай Асамблеі і Камісіі па правах чалавека ААН, дакладу спецыяльнага даклaдчыка ААН па пытаннях катаванняў.

 

Аналітычная запіска - у далучаным файле:

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства