Глыбоцкую газету “Прэфект-інфо” аштрафавалі за парушэнне закону аб рэкламе
Заснавальнік газеты, мясцовы актывіст Яраслаў Берніковіч і рэдактар выдання Зміцер Лупач падкрэсліваюць, што цікаўнасць да газеты з боку кантралюючых структур узмацняецца якраз падчас выбарчых кампаній, у якіх абодва актывісты ўдзельнічаюць шмат гадоў запар.
Штраф памерам 25 базавых велічынь прысудзіў суддзя Глыбоцкага суду Андрэй Тарасевіч. Падставай для спагнання стаў пратакол, складзены супрацоўніцай упраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму Жаннай Лістападавай. У пратаколе ўказана, што ў адным з нумароў газеты за кастрычнік мінулага года былі дапушчаны некалькі парушэнняў Закону аб рэкламе.
Толькі сёлета ў лютым заснавальнік і рэдактар былі апавешчаны пра складанне пратаколу і верагоднасць штрафу. І Яраслаў Берніковіч, і Зміцер Лупач на той час заявілі, што збіраюцца браць удзел у выбарах у мясцовыя саветы.
Бараніцца ад прэтэнзій аддзела гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму ў актывістаў не атрымалася: 15 студзеня прадстаўніка газеты выклікалі ў Віцебск, каб узяць тлумачэнні адносна парушэння п.4 артыкула 10 закону "Аб рэкламе". Аднак ліст з патрабаваннем прыехаць у рэдакцыі атрымалі са спазненнем на тыдзень.
Апошні штраф памерам 25 базавых велічынь ужо не першы для газеты. І не ўпершыню звязаны з палітычнымі падзеямі ў краіне: перад мінулымі парламенцкімі выбарамі газету пільна правярала падатковая інспекцыя. Справа таксама скончылася штрафам. У рэдакцыі лічаць, што рознага кшталту праверкі і пакаранні выкарыстоўваюць дзеля таго, каб апазіцыянеры "страцілі ахвоту" браць удзел у выбарчых кампаніях.