Свінаферма ў вёсцы “Хойнікі” -- экалагічна небяспечная?
Дзяржаўная свінаферма ў вёсцы Хойнікі Бярозаўскага раёна, з-за якой вынішчылі свіней у прыватных падворках 5-кіламетровай зоны мінулым летам, становіцца экалагічна небяспечным аб’ектам, паколькі практычна не мае сучасных ачышчальных збудаванняў. Свіная жыжка расцякаеццца і займае ўсё большую тэрыторыю, кажа былы гаспадар прыватнай, вынішчанай уладамі, свінафермы Аляксандр Аліхвер.
Па словах Аляксандра, улады абяцалі, што ферма будзе закрытым сучасным аб’ектам, які будзе бяспечны ва ўсіх адносінах. Але прайшло ўжо 9 месяцаў, а свіная жыжка расцяклася па выгане, знішчыўшы выпас. 50 метраў засталося да меліярацыйнай канавы, якая ідзе да вялікай меліярацыйнай канавы Вінец, што ўпадае ў раку Ясельду. Жыжка перапаўзла мяжу агароджы, дзе ўтрымліваюцца алені. Паўкіламетра засталося ад артэзіянскіх скважын.
- Калі вецер дзме на вёску Малеч, -- кажа жыхар вёскі Анатоль Сахаруша, -- то акно не адчыніш, няма чым дыхаць. Унукі летам не могуць прыехаць. Пры савецкім часе на ферме ўтрымлівалася 5 тысяч свіней, але такога не было. Стаялі помпы, выпампоўвалі жыжу і вывозілі на палі як угнаенне. Цяпер усё разбурана. Гаспадарам – камбікормаваму заводу - абы здаваць мяса і атрымліваць за гэта грошы. Больш, па ўсім відаць, іх нічога не цікавіць.
Загадчыца фермы нічога небяспечнага ў такім захаванні свіных адкідаў не бачыць.
Як паведаміў Аляксандр Аліхвер, на месца расцякання жыжкі людзі выклікалі ветэрынарныя, прыродаахоўныя і санітарна-эпідэалагічныя службы, але яны не пажадалі сустрэцца з людзьмі ў вызначаны час. Кажуць, прыязджалі раніцай. Па тэлефоне Аліхвер даведаўся, што прыродаахоўныя службы склалі пратаколы. А які будзе з гэтага вынік, стане вядома пазней.
Людзі з вёсак, дзе вынішчылі свіней, упэўнены, што іх падворкі з свіннямі былі б значна больш бяспечнымі ў любым выпадку.
Нагадаем, што ў жніўні месяцы мінулага году ўлады прымусілі жыхароў 17 вёсак вынішчыць свіное пагалоўе дзеля таго, каб захаваць 2 невялікія свінафермы. Гэта рабілася ў мэтах прафілактыкі афрыканскай чумы. Хаця гэтая хвароба на Берасцейшчыне афіцыйна не была зафіксавана.