Павел Вінаградаў думае з’ехаць з Мінска на час ЧС па хакеі
Былы палітвязень Павел Вінаградаў два гады знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, які павінен скончыцца 25 красавіка. Сёння актывіст наведаў міліцыю, каб чарговы раз адзначыцца і ўдакладніць з нагдядам.
«Не ведаю, ці здымуць — у міліцыі не кажуць. Але зняць яго можа толькі суд. І я думаю, што суд нават адбыўся ўжо. Калі б мелі намер працягнуць нагляд, то сёння прынялі б ад мяне заяву з просьбай дазволіць выехаць з Мінска на час чэмпіянату свету па хакеі. Раней такія заявы прымалі, а сёння — не».
Павел адзначае, што перад масавымі дзяржмерапрыемствамі, напрыклад 3 Ліпеня, ён стараўся пакінуць горад. Бо, як паказала практыка, у такія дні актывіста адпраўлялі на адміністрацыйныя арышты пад рознымі прычынамі: каб не зладзіў ніякіх вулічных акцый.
«І як я разумею, 24 красавіка, у дзень свайго нараджэння, пайду адзначыцца ў міліцыю, а 25 зайду, каб зняцца з уліку. Калі да сёння я на сто працэнтаў збіраўся пакінуць Мінск на час ЧС па хакеі, каб не адправіцца за краты, то цяпер толькі з вялікай доляй верагоднасці з’еду».
Павел Вінаградаў — лідар маладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду» — «Zмена». 7 красавіка ён вызваліўся з чарговага адміністрацыйнага арышту — правёў за кратамі 25 сутак: нібыта за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.