Баранавіцкі гарвыканкам не спяшаецца выконваць рашэнне суда
Вось ужо некалькі дзён прафсаюзны актывіст Рыгор Грык, які выйграў суд у Баранавіцкага гарвыканкама 5 сакавіка, спрабуе вярнуць дзяржпошліну за падачу заявы ў гарадскі суд. Суддзя Вольга Апановіч прызнала рашэнне намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча ад 15.01.2014г. аб адмове Рыгору Грыку ў правядзенні пікета ў заяўленым месцы незаконным і абавязала гарвыканкам выплаціць заяўніку дзяржаўную пошліну ў памеры 130 тыс. рублёў.
Яшчэ 26 сакавіка грамадскі актывіст атрымаў у гарадскім судзе дакумент за подпісам судовага выканаўца Н.В. Монцік, у якім паведамляецца, што Баранавіцкі гарвыканкам абавязаны выплаць Рыгору Грыку 130 тыс. рублёў да 2 красавіка 2014 года.
Візіты Грыка ў гарвыканкам не далі плёну. Сёння ўжо 18 красавіка, і гарадскія ўлады пакуль не спяшаюцца вяртаць грошы грамадскаму актывісту і выканаць рашэнне суда.