Разгляд касацыйнай скаргі гродзенскіх праваабаронцаў прызначаны на 6 траўня
Гродзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель атрымалі з суда Ленінскага раёна Гродна афіцыйнае паведамленне, што разгляд іх касацыйных скаргаў пройдзе ў абласным судзе 6 траўня бягучага года. Афіцыйны ліст падпісаны старшынёй суда Ленінскага раёна Наталляй Собалевай і суддзёй Наталляй Козел. Пры тым паведамленне адносна скаргі, якая была пададзена на беларускай мове, дадзена па-руску.
Нагадаем, што 3 красавіка ў РАУСе Ленінскага раёна суддзя Наталля Козел пры разглядзе адміністрацыйных пратаколаў узяла бок міліцыі, кваліфікаваўшы размешчаныя ў інтэрнэце фотаздымкі праваабаронцаў з беларускай і ўкраінскай сімволікай у Дзень Волі на 25 сакавіка як правядзенне несанкцыянаванага пікету, аштрафавала кожнага з грамадскіх актывістаў на 25 базавых велічынь.
Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель катэгарычна не згодныя з такой трактоўкай іх дзеянняў і намераны ў судзе вышэйшай інстанцыі аспрэчваць абсурднасць палітычна матываванага рашэння.