Бярозаўскія праваабаронцы аспрэчваюць у судзе забарону пікета
Бярозаўскі райвыканкам распісаўся ў сваёй несамастойнасці, супярэчлівасці і непрафесіяналізме, калі 20 сакавіка даў дазвол на пікет у Дзень Волі, а за 3 дні да акцыі адмяніў сваё рашэнне.
Амаль 8 месяцаў праваабаронцы Сяржук Русецкі, Тамара Шчапёткіна і грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч упарта змагаліся за тое, каб адпаведныя службы заключалі з імі дамовы на абслугоўванне пікетаў. Бо незаключэнне дамоў з ЖКГ, бальніцай і міліцыяй было асноўнай матывацыяй забароны. І калі нарэшце дамагліся яснасці ў пытанні па заключэнні дамоваў, райвыканкам вымушаны быў даць дазвол на пікет. Але чыноўнікі спахапіліся пра 2 дні і забаранілі, нібыта ўбачыўшы ў мэце пікету распальванне нацыянальнай варожасці.
Пры гэтым у мэтах пікету: адзначэнне 96-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, выказванне пратэсту супраць увядзення Расійскай Федэрацыяй сваіх войск на тэрыторыю незалежнай Украіны і размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі, патрабаванне вызвалення палітвязняў.
Па словах праваабаронцаў, адкліканне дазволу абсалютна незаконнае, таму яны вырашылі звярнуцца ў суд, каб прызнаць змену рашэння незаконнай.
- Райвыканкам праз дарогу, нават тэлефанаваць не трэба, можна проста схадзіць і сказаць суддзі, якое рашэнне патрэбна, -- неаптымістычна ацэньвае праваабаронца Сяргей Русецкі перспектывы судовай спрэчкі.