Салігорскі правабаронца просіць ад Мінаблаўтатрансу расклад для вазочнікаў
Салігорскі сябра Беларускага Хельсінскага камітэту Аляксей Валабуеў звярнуўся да кіраўніцтва Мінаблаўтатрансу з просьбай арганізаваць рух грамадскага транспарту ў сталіцы шахцёраў з улікам аб’ектыўных патрэбаў асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Раней з аналагічнай просьбай ён звяртаўся ў мясцовы аўтобусны парк, але тамтэйшае кіраўніцтва пайсці насустрач у гэтым пытанні адмовілася.
- Яшчэ ў лістападзе я прапанаваў кіраўніцтву “Аўтобуснага парка №1” зрабіць так, каб інваліды-вазочнікі дакладна ведалі, у які час па гарадскіх маршрутах курсуюць аўтобусы з прыстасаваннямі для заезду інвалідных вазкоў. Аўтапарк прапанову не задаволіў, абгрунтаваўшы сваё нежаданне ісці насустрач абсалютна дыскрымінацыйным падыходам да справы, - кажа Аляксей Валабуеў.
Выявілася, што адмыслова абсталяваныя аўтобусы выконваюць гарадскія рэйсы ў асоноўным да бальніцы. Тое ж тычыцца і сацыяльнага таксі, якое выконвае вузкую функцыю па дастаўцы асоб з найбольш цяжкімі і складанымі фізічнымі абмежаваннямі пераважна на працэдуры ці прыём ў лякарню.
- З’яўляючыся сябрам праваабарончага аб’яднання “Беларускі Хельсінскі камітэт”, якое бароніць і прадстаўляе інтарэсы ў тым ліку і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мне перыядычна даводзіцца канктаткаваць у тым ліку і з інвалідамі-вазочнікамі. Многія з іх не вераць у магчымасць нешта змяніць. Многія наўпрост не здагадваюцца аб існаванні магчымасці арганізацыі руху грамадскага транспарту з улікам іх патрэбаў і аб тым, што гэта з’яўляецца звычайнай справай у цывілізаваных краінах. Але тут не варта ездзіць далёка, такі досвед можна атрымаць у суседняй Літве, - сцвярджае праваабаронца.
Арганізацыя руху з улікам патрэбаў асоб з абмежаванымі магчымасцямі нясе для такіх арганізацый не толькі сацыяльную нагрузку, але мае і іміджавую ды маркетынгавую функцыю. Гэтая аклічнасць, на думку Аляксея Валабуева, дазваляе спадзявацца на станоўчы адказ ад кіраўніцтва Мінаблаўтатрансу.