viasna on patreon

Ад бялыніцкіх прадпрымальнікаў патрабуюць адпрацаваць на суботніку і яшчэ пералічыць грошы (фота)

2014 2014-04-24T13:06:16+0300 2014-04-24T13:06:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bial-dobrauparadkavanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У апошнія дні бялыніцкія прадпрымальнікі пачалі атрымліваць уведамленні з мясцовага райвыканкама, у якіх ім прапануецца пералічыць грашовыя сродкі на добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка Бялынічы.

У прыватнасці, у гэтых уведамленнях, якія падпісаны намеснікам старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзеяй Серыкавай, гаворыцца:

“У выкананне рашэння Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта ад 31 сакавіка 2014 г. №7-8 “Аб правядзенні раённага суботніка” Вам неабходнада 20 траўня 2014 г. пералічыць грашовыя сродкі ў памеры (называецца сума – з. р.) рублёў на рахунак №3641061580877 у Цэнтры банкаўскіх паслуг №701 г. п. Бялынічы філіяла №700 г. Магілёў адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”, атрымальнік Бялыніцкі раённы выканаўчы камітэт, УНП – 700081616, МФО 153801536.

Грашовыя сродкі будуць накіраваныя на добраўпарадкаванне г. п. Бялынічы”.

Так, бялыніцкаму прадпрымальніку Алегу Мяцеліцу Надзея Серыкава прапанавала пералічыць на райвыканкамаўскі рахунак 200 000 рублёў.

“Ніякія грошы я пералічваць не збіраюся, - кажа Алег Мяцеліца. – Мне абсалютна незразумела, чаму, пасля таго, як мы добрасумленна адпрацавалі на суботніках па добраўпарадкаванні Бялыніч, мы яшчэ і павінны пералічваць за гэта грошы”.

Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч адзначае, што апошнім часам прымусовая праца ў Бялынічах стала нормай.

“З пачаткам цёплых дзён у Бялыніцкім раёне бесперапынна праходзяць разнастайныя суботнікі і “дні навядзення парадку на зямлі”, - распавядае Барыс Вырвіч. – Самая цікавае, што людзей, якія добрасумленна адпрацавалі на суботніках, потым яшчэ і прымушаюць “добраахвотна” здаць грошы з уласнага заробку за гэта сумнеўнае задавальненне. І людзі ў большасці здаюць, бо баяцца, што ўзнікнуць праблемы на працы (пра гэта іх часцяком папярэджваюць непасрэдныя кіраўнікі).

Супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый Бялыніцкага раёна зараз амаль кожны дзень адпраўляюць задарма папрацаваць у сельгаспрадпрыемствах альбо на добраўпарадкаванні тэрыторыі раёна, для гэтага складзены адмысловыя графікі. На парушэнні працоўнага заканадаўства мясцовыя ўлады ніякай увагі не звяртаюць, маўчыць і пракуратура Бялыніцкага раёна. Людзі адстойваць свае правы таксама баяцца, бо знайсці нейкую прыстойную працу ў Бялыніцкім раёне вельмі цяжка.

Зараз вось пачалі здзіраць грошы з прадпрымальнікаў і прыватных прадпрыемстваў, абсалютная большасць з іх ужо атрымала адпаведныя ўведамленні. Між тым практычна ўсе прадпрымальнікі ўжо ўклалі значныя грошы ў рамонт і добраўпарадкаванне тэрыторыі каля сваіх аб’ектаў, за ўласны кошт пафарбавалі агароджы, адпрацавалі на суботніках і г. д. Рэкет па-бялыніцкі будзе працягвацца, пакуль людзі не перастануць паддавацца на шантаж мясцовых уладаў і не пачнуць адстойваць свае правы”, - выказвае меркаванне Барыс Вырвіч.

Неабходна адзначыць, што старшыня Бялыніцкага райвыканкама Мікалай Кадаценка, які быў прызначаны на сваю пасаду восенню мінулага года, да гэтага прызначэння шмат гадоў працаваў старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама. Яшчэ падчас працы ў Чэрыкаўскім раёне Мікалай Міхайлавіч вызначаўся пастаяным навядзеннем парадку і чысціні на тэрыторыі раёна з выкарыстаннем прымусовай працы, нейкіх значных поспехаў у галіне эканомікі Чэрыкаўскі раён пад яго кіраўніцтвам так і не дасягнуў.

Зараз прымусовая праца стала нормай і для Бялыніцкага раёна.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства