viasna on patreon

Бабруйск: Начальства цісне на супрацоўніцу, якая настойвае на нармальных умовах працы

2014 2014-04-24T15:28:18+0300 2014-04-24T15:28:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bushynskaja_sv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску ўжо доўгі час цягнецца канфлікт паміж прадавачкай-касіркай Святланай Бушынскай і кіраўніцтвам УПГП "Ноеў каўчэг". Праблемы пачаліся, калі новая загадчыца змяніла правілы ўнутранага працоўнага распарадку. Згодна з імі, у супрацоўніц па тры перапынкі на перакусы і адпачынак: адзін раз 30 хвілін, і два разы па 10 хвілін. То бок, усяго 50 хвілін на 12-гадзінны працоўны дзень. Пры гэтым нават у прыбіральню прадавачкі маглі схадзіць толькі ў гэты, строга адведзены час. Па новых правілах супрацоўніцы не маглі сыйсці з працоўнага месца ні на хвілінку з 16.00 да 21.00.

Пяцігадзіннае сядзенне за касавым апаратам вельмі негатыўна сказваецца на здароўі: баляць вочы, спіна, зацякаюць ногі, - адзначалі касіркі крамы "Ноеў каўчэг". Кожная іх просьба адбегчы на пару хвілін у прыбіральню суправаджалася неразуменнем з боку адміністрацыі і скандаламі.

Святлана Бушынская ўспрыняла новаўвядзенне як здзек і выказала свае прэтэнзіі начальству. У выніку дзяўчыне пачалі пагражаць звальненнем, і яна звярнулася па дапамогу ў прафсаюз РЭП, сябрам якога з'яўлялася. Галіна Смірнова, старшыня бабруйскай суполкі, параіла ёй звярнуцца ў інспекцыю па працы, а таксама наведала кіраўніцтва "Ноевага каўчэга".

-Мы размаўлялі з намеснікам дырэктара Ігарам Дзядовым, і ён ясна даў зразумець, што калі Святлана хоча працаваць у краме, ёй прыйдзецца выконваць усе загады начальства, - кажа Галіна Смірнова. - Я спытала, ці ёсць у яго жонка, дочкі, пацікавілася, ці згадзіўся б ён з тым, каб яго блізкія людзі так псавалі сваё здароўе? Але дагрукацца да гэтых людзей немагчыма, падначаленыя для іх нешта кшталту робатаў. Спачатку Святлану Бушынскую хацелі звольніць па пагадненні бакоў, але мы далі зразумець, што ведаем свае правы. Тады начальства перавяло няўгодную касірку у іншую краму гэтай фірмы.

Святлана Бушынская расказала, што і на новым месцы кіраўніцтва "Ноева каўчэга" не можа пакінуць яе ў спакоі.

-Новыя супрацоўніцы сказалі мне, што ім пад пагрозай пазбаўлення прэміяльных забараняюць са мной размаўляць, - распавядае Святлана Бушынская. - Нягледзячы на тое, што яны не пагадзіліся на гэта, я адчуваю сябе ў гэтай сітуацыі вельмі кепска. Цяжка маральна гэта перанесці, але я настроілася ісці да канца. Зараз я атрымліваю толькі "голы" заробак, без прэміяльных. За самыя нязначныя дробязі мяне адразу і без размоў штрафуюць на 100 працэнтаў, хаця да канфлікта я лічылася добрай супрацоўніцай, не было ніякіх заўваг. Падала пазоў у суд, каб дамагчыся ўласнага звальнення па артыкулу №41 (скасаванне працоўнага кантракту па патрабаванні работніка), бо нават у гэтым мне адмовілі. Таксама буду патрабаваць выплаты грашовай кампенсацыі.

Святлана кажа, што інспекцыя па працы знайшла парушэнні ў працы крамаў па працоўных графіках. Па ўсіх іншых пытаннях правяраючыя таксама параілі ёй звяртацца ў суд.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства