viasna on patreon

Беларусы хочуць вучыць гісторыю на роднай мове

2007 2007-06-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскасць патрабуе ад міністра адукацыі Аляксандра Радзькова аднавіць вывучэнне гісторыі Беларусі па беларускамоўных падручніках. Пра гэта гаворыцца ў лісце старшыні Гарадзенскага абласнога савета грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Аляксандра Місцюкевіча і старшыні Гарадзенскага гарадскога аддзялення грамадскага аб`яднання " Таварыства беларускай школы" Таццяны Канопкінай.

У лісце, акрамя іншага, адзначаецца, што прадстаўнікі грамадскасці выказваюць "нязгоду ў сувязі з сучасным станам арганізацыі выкладання курсу "Гісторыя Беларусі" у класах 12-гадовага навучання ў сярэдніх навучальных установах краіны. Сутнасць незадаволенасці ў тым, што напярэдадні 2006/2007 навучальнага года школы з расейскай мовай навучання атрымалі поўны камплект навучальных дапаможнікаў па "Гісторыі Беларусі найноўшага часу 1917–1945 гадоў" для 9-х класаў 12-гадовай школы на расейскай мове. Замена беларускамоўных навучальных дапаможнікаў на рускамоўныя праводзілася так, што не пакінула права выбару для жадаючых вучыцца па-беларуску. Аднак цяперашнія навучэнцы 9-х класаў 12-гадовай школы раней вывучалі курс гісторыі Беларусі ў 5–8 класах па-беларуску".

Такім чынам, як падкрэсліваецца ў лісце, "цягам цяперашняга года адбываецца паступовая замена беларускамоўнага курсу айчыннай гісторыі на рускамоўны... Гэта прывядзе да знішчэння беларускай культуры ў корані, у аснове. Дзеці, якія толькі пачынаюць вывучаць гісторыю і знаёміцца з яе сакральным зместам, будуць атрымоўваць гэтую інфармацыю не на роднай мове, хоць жывуць у суверэннай дзяржаве. Усе лозунгі па падтрымцы таленавітай моладзі на фоне такой абыякавасці да роднай мовы выглядаюць прафанацыяй выхаваўчага працэсу... Спробы атрымаць навучальныя дапаможнікі на беларускай мове на раённым і абласным узроўнях – марныя. Тыраж падручнікаў такі, што беларускамоўных кніг бракуе, каб рэалізаваць права выбару мовы навучання".

Прадстаўнікі грамадскасці лічаць неабходным "вярнуцца да натуральнага становішча рэчаў, калі ўласная айчынная гісторыя выкладаецца ў школе на мове тытульнай нацыі".

У інтэрв`ю БелаПАН Т.Канопкіна адзначыла, што калі падпісанты ліста атрымаюць адмоўны адказ ад міністра, то звернуцца ў Канстытуцыйны суд, бо лічаць антыканстытуцыйным пераход на вывучэнне гісторыі Беларусі па рускамоўных падручніках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства