Цёмнаскуры Патрык на Акрэсціна ў поўным няведанні пра свой лёс чакае дэпартацыі?
Цёмнаскуры грамадзянін, верагодна жыхар адной з афрыканскіх краін, працяглы час знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пры гэтым ён не валодае ні рускай, ні англійскай мовамі, што пазбаўляе яго цалкам камунікатыўных сувязяў з адміністрацыяй ізалятара.
Праваабаронцам пра гэта распавёў Максім Вінярскі, які днямі вызваліўся з-пад адміністрацыйнага арышту і прабыў у адной камеры з затрыманым 12 дзён.
Распавядае Максім Вінярскі: “З другога дня майго знаходжання ў ЦІПе, калі 23 красавіка мяне перавялі ў камеру-двойку №37 (на 2 чалавекі), тут сядзеў цёмнаскуры чалавек, імя ягонае Патрык. Прозвішча было цяжка зразумець, але пачынаецца яно на літару М. Ён зусім не размаўляе ні на рускай мове, ні па-англійску. Супрацоўнікі Цэнтра,звяртаючыся да яго,некалькі разоў прамаўлялі слова “Конга”, аднак невядома, ці гэта краіна ягонага жыхарства”.
Са словаў Вінярскага таксама вядома, што Патрык адмаўляецца ад вячэры, а на абед бярэ толькі першую страву. Верагодна, затрыманы чакае дэпартацыі на радзіму, ці нейкіх даведак ад амбасады, аднак па-першае гэта даволі доўгі працэс, а па-другое, хутчэй за ўсё, амбасады ягонай краіны ў Беларусі не існуе.
Працягвае Максім Вінярскі: “2 траўня Патрык адмовіўся заходзіць у камеру пасля ранішняй паверкі. Яго паспрабавалі завесці з прымяненнем фізічнай сілы, ён пратэставаў і паўтараў слова “амбасада”. Пасля незразумелай слоўнай перапалкі, супрацоўнікі міліцыі павалілі яго ў калідоры на падлогу, амяне запхнулі ў камеру, каб не замінаў, і зачынілі дзверы, Далейшыя падзеі я назіраў праз шчыліну у вакенцы “кармушкі”. Патрыку закруцілі рукі за спіну і начапілі кайданкі. Затым ногі ззаду падсунулі пад рукі, атрымалася “ластаўка”. Патрык, прыціснуты да падлогі, пры гэтым крычаў “Расісто!”. Праз некаторы час яны адыйшлі, і Патрык стаў паволі вызваляць ногі. Тады яго зноў скруцілі і да канца сняданка ён ляжаў на калідоры. Затым яго досыць энергічна ўкінулі ў камеру”.
Гэты выпадак таксама засведчыў і Ілля Дабратвор, які ў той час адбываў арышт.
Ніводная змена ахоўнікаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў з затрыманым нармальна гаварыць не магла, ды і не немервалася: ляжыць сабе ў камеры, ну і няхай ляжыць далей. З-за гэтай прычыны ён не можа патрапіць у душ, на прагулку, паколькі ня ведае, што ад яго патрабуюць. Я спрабаваў гаварыць з ім на англійскай мове, аднак безпаспяхова. Колькі часу ён там знаходзіцца – невядома”.
Максім Вінярскі таксама паведаміў, што пад час прагулак іншыя адміністрацыйна арыштаваныя казалі пра тое, што ў ЦІПе сядзіць нейкі спартсмен-замежнік, які нібыта парушыў міграцыйнае заканадаўства і з якога вымагаюць грошы, паколькі, маўляў, у Беларусі няма амбасады, якая б яму дапамагла. Таму з ім спрабуць дамовіцца шляхам шантажу: але ці дакладана гэта кажуць пра Патрыка – Вінярскі не ведае.
У дачыненні да Патрыка склалася дзікунская і парадаксальная сітуацыя, пры якой адсутнічаюць любыя камунікатыўныя стасункі паміж ім і супрацоўнікамі ЦІПа. І гэта адбываецца напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі! Цяжка нават уявіць, калі нейкі замежны балельшчык, што ня ведае ні рускай, ні англійскай мовы, раптам згубіць дакументы і патрапіць на Акрэсціна, паколькі адмысловага дэпартацыйнага цэнтру па ўтрыманні замежнікаў ў Беларусі дагэтуль няма. Ніяк, апороч як катаваннем, такую сітуацыю не назавеш.
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч каментуючы гэтую абсурдную сітуацыю адзначае наступнае:
“Гэта не першая падобная сітуацыя, з якой сутыкаюцца беларускія праваабаронцы. Гісторыя, пра якую распавёў Вінярскі, набывае асаблівую актуальнасць у святле маючых адбыцца перамоваў МЗС Беларусі і Еўракамісіі па пагадненню аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і нашай краінай. Рэадмісія азначае, што пасля падпісання адпаведнага пагаднення ў Беларусь з тэрыторыі краінаў ЕС будуць перанакіроўваць нелегальных эмігрантаў, якія патрапілі туды праз тэрыторыю Беларусі для арганізацыі іхняй далейшай дэпартацыі на радзіму. У сувязі з гэтым мне падаецца важным пытанне стварэння адмысловых цэнтраў для ўтрымання такой катэгорыі грамадзян, якія б адпавядалі міжнародным стандартам і не прыводзілі да жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з гэтымі людзьмі, якія ў большасці выпадкаў не здзяйснялі ніякіх злачынстваў у Беларусі. Важным з’яўляецца і пытанні падрыхтоўкі персаналу, які б валодаў замежнымі мовамі і мог растлумачыць падлягаючым дэпартацыі замежным грамадзянам адпаведныя прававыя працэдуры, іх правы і абавязкі. Магчыма, што некаторым з іх небяспечна вяртацца на радзіму і ім неабходна растлумачыць права на атрыманне прытулку ў Беларусі”.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў 2010 годзе сутыкаўся з падобнай сітуацыяй, калі высвятляў лёс галкіпера з Камеруна Гі Франсуа Тукама. Камерунец быў затрыманы 1 чэрвеня у аэрапорце "Мінск-2" па падазрэнні ў падробцы пашпарта. Дзякуючы актыўным дзеянням праваабаронцаў удалося знайсці ягоных блізкіх і паскорыць дэпартацыю на радзіму.