У Гародні перашкаджаюць працаваць журналістам і затрымліваюць распаўсюднікаў недзяржаўнай газеты
Учора ў Гродне міліцыянты затрымалі распаўсюднікаў недзяржаўнай зарэгістраванай газеты “Наша слова”. Прыкладна ў 16.30 актывісты грамадскай кампаніі “Выратуем Гародню” Яраслаў Грышчэня і Віктар Барнашоў распаўсюджвалі газету каля ўваходу ў галоўны корпус Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы, дзе ў гэты час ладзіўся круглы стол з удзелам мясцовых чыноўнікаў і грамадскасці горада на тэму рэканструкцыі старажытнай часткі Гродна.
Да ўдзелу ў пасяджэнні круглага стала ахоўнікі універсітэта не дапусцілі незалежнага журналіста Алеся Залеўскага і аўтара альтэрнатыўнага праекта рэканструкцыі Гродна Андрэя Вашкевіча, патлумачыўшы, што іх няма ў спісе зарэгістраваных.
Па словах А.Залеўскага, калі ён паспрабаваў высветліць, хто складае той спіс і як можна ў яго трапіць, прарэктар універсітэта Таццяна Бадзюкова выклікала міліцыю.
Прыехаўшыя на выклік супрацоўнікі Ленінскага РАУС вывелі журналіста і гісторыка з будынка.
У гэты час міліцыянты заўважылі распаўсюднікаў газеты, тут жа затрымалі іх і адвезлі ў пастарунак. Затрыманых Я.Грышчэню і В.Барнашова адпусцілі гадзіны праз дзве без складання пратаколу. Па словах маладых людзей, у аддзяленні міліцыянты разабраліся, што газета зарэгістраваная і парушэння закону няма.
Між іншым, газета “Наша слова” зарэгістраваная ў Мінінфармацыі, яе заснавальнікам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”. Нумар, які распаўсюджвалі актывісты, быў цалкам прысвечаны сітуацыі вакол рэканструкцыі Гродна, супрацьстаянню мясцовых улад і грамадскасці. Сваё меркаванне і бачанне праблемы ў ім выказалі вядомыя беларускія дзеячы, гісторыкі і археолагі.
Каля універсітэта здарыўся яшчэ адзін інцыдэнт у дачыненні журналіста. Момант затрымання распаўсюднікаў “Нашага слова” спрабаваў зняць на фотакамеру карэспандэнт Радыё “Свабода” Сяргей Астраўцоў, які ў гэты час знаходзіўся непадалёку. Да журналіста падбег супрацоўнік аховы універсітэта, пачаў заломваць яму рукі, намагаючы адабраць камеру.
“Камеру ахоўнік ўсё-такі адабраў, я паказаў журналісцкае пасведчанне, і ён быў вымушаны вярнуць апарат, але рабіць здымкі далей не дазволіў”, – распавёў Сяргей Астраўцоў.
Ахоўнік адмовіўся назваць сябе (па словах студэнтаў, якія былі сведкамі інцыдэнту, гэта нібыта намеснік кіраўніка аховы), паведамляе прэс-служба БАЖ.