Гендырэктар “Граніту” на прадпрыемства актыўных грамадзян не бярэ
У гэтым пераканаўся чарговы прэтэндэнт на працу на гэтым прадпрыемстве, экс-кандыдат у гарадскі і абласны саветы Віталь Каліноўскі, якога на “Граніт” накіраваў цэнтр занятасці ў сувязі з наяўнасцю свабодных вакансій.
Генеральны дырэктар Эдуард Гаўрылковіч запытаў у Каліноўскага, чаму ён быў звольнены з папярэдняга месца працы. Віталь сумленна адказаў:
- За актыўную грамадскую пазіцыю.
У адказ пачуў:
- Для цябе месца тут няма. Ідзі ў аддзел кадраў, там табе адзначаць у накіраванні.
Начальнік аддзела кадраў – мама Эдуарда Гаўрылковіча – нават не здзівілася адмове, моўчкі пазначыла, што вольных вакансій няма, кажа Віталь Каліноўскі.
Менш месяца таму адмову на “Граніце” атрымала былы кандыдат у дэпутаты ад кампаніі "Гавары праўду" і сябра БСДП (Грамада) Наталля Стражэвіч. Дырэктар Э.Гаўрылковіч адмовіў ёй на падставе таго, што: "Нам такія людзі, якія ўдзельнічаюць у апазыцыі ўладзе, не патрэбны!"
Сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і актывіст кампаніі “Гавары праўду” Віталь Каліноўскі вымушаны быў звольніцца па ўзгадненні бакоў з прыватнай фірмы “Нарбуд+”, дзе працаваў слесарам механа-зборачных работ. На гэтым настаяў гаспадар прадпрыемства, на якога ў сваю чаргу ціснулі гарадскія ўлады.