Лукашэнка ігнаруе зварот кіраўніка Федэрацыі хакея Швецыі
Дыктатар не адказаў на патрабаванне Крыстэра Энглунда растлумачыць дэпартацыю праваабаронцы Марціна Углы.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, якога нядаўна дэпартавалі з Беларусі.
«Прэзідэнт Шведскай федэрацыі хакея заявіў, што ніякай абяцанай Лукашэнкам канкрэтыкі наконт адмовы мне ва ўездзе ў Беларусь пакуль няма», - адзначыў ён.
Нагадаем, вядомы шведскі праваабаронца амаль суткі правёў у транзітнай зоне Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Памежнікі адмовіліся ўпускаць Марцін Углу ў Беларусь , нягледзячы на тое, што ў яго быў білет на матч у рамках Чэмпіянату свету па хакеі.
Шведская праваабарончая арганізацыя Östgruppen, на чале якой стаіць Марцін Угла, з'яўляецца адным з ініцыятараў міжнароднай кампаніі Don't Play with the Dictator («Не гуляйце з дыктатарам»), скіраванай супраць правядзення ЧС па хакеі 2014 года ў Мінску.